Пошук

23.06.2018 09:07   Catholic.by

«Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі»

Гэтымі словамі з кнігі прарока Ісаі хачу распачаць сваё разважанне. Словы гэтыя асабліва важныя ў кантэксце ўрачыстасці, якую мы з вамі сёння адзначаем: нараджэнне святога Яна Хрысціцеля.

Дарагія браты і сёстры! Што значыць быць хрысціянінам? Што значыць быць сведкам Езуса Хрыста? Што значыць быць святлом для язычнікаў, пра што кажа прарок Ісая? Варта паставіць гэтыя пытанні і адказаць на іх, гледзячы на жыццё св. Яна Хрысціцеля, які з’яўляецца асаблівым вашым апекуном і заступнікам. А паколькі ён наш заступнік і апякун, варта зацікавіцца яго жыццём і пастарацца яго наследаваць.

Кім быў св. Ян Хрысціцель? Перадусім яго называюць апошнім прарокам Старога Запавету. Паводле Святога Пісання, Ён нарадзіуся ў вёсцы Айн Карын, непадалёк ад Ерузалема, і быў старэйшым за Езуса на паўгода. Святы Ян быў сынам яўрэйскага святара Захарыі і Альжбеты, сваячкі Найсвяцейшай Панны Марыі. Нарадзіўся Ян, калі яго бацькі былі ў пажылым узросце. Аб яго нараджэнні сведчыў Анёл Пана. Пасля смерці бацькоў ён у маладым узросце пачаў практыкаваць жыццё пустэльніка. У пустыні яго паклікаў Бог, каб Ян стаў Яго прарокам. Святы Ян Хрысціцель заклікаў да пакаяння і навяртання, удзяляў хрост і падрыхтоўваў людзей да прыйсця і дзейнасці Езуса Хрыста. Гэта менавіта аб ім казаў у Евангеллі Езус, што сярод народжаных з жанчын не было большага за Яна Хрысціцеля. А за тое, што Ян крытыкаваў амаральнае жыццё Ірада і Ірадыяды, ён трапіў у вязніцу, дзе і быў забіты мечам.

Вось такая кароценькая біяграфія св. Яна Хрысціцеля – прарока, які ўказаў на Хрыста як Баранка Божага. Ён праз абвяшчэнне хросту навяртання падрыхтаваў чалавечыя сэрцы да прыйсця Хрыста. Таму асабліва да яго адносяцца словы з сённяшняга першага чытання: «А цяпер кажа Пан, які стварыў мяне ўжо ад улоння маці слугой сваім, каб вярнуў для Яго Якуба і сабраў для Яго Ізраэль». І менавіта гэтыя словы выдатна пераклікаюцца са словамі прарока Ісаі: «Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі».

Святы Ян Хрысціцель, без сумніву, быў чалавекам праведным і паслухмяным Божаму слову. Тое, што ён прапаведваў і чаму навучаў, ішло побач з яго жыццём. І хоць у сваім жыцці Ян Хрысціцель не ўчыніў вялікіх знакаў і цудаў, аднак ён сам быў знакам і цудам для людзей. Як ведаем, ён меў вучняў і вялікія натоўпы гарнуліся да яго, каб слухаць і прымаць хрост пакаяння і навяртання.

Зрэшты, сам Езус падыходзіць да Яна і просіць яго аб хросце. Гэта можа нам здавацца дзіўным. Езус не меў патрэбы ў хросце, Ян Хрысціцель нават утрымліваў Яго, кажучы: «Гэта я патрабую хросту ад Цябе, а Ты да мяне прыходзіш?» І якім быў адказ Езуса? Поўным пакоры: «Дазволь, бо патрэбна, каб выканалася ўсялякая праўда». І пасля хросту асноўная місія Яна Хрысціцеля была завершана. Ён выдатна здзейсніў сваё пакліканне, апраўдаў давер Бога.

Ян быў руплівым у выкананні Божага права і ніколі не замоўчваў няпраўды, не хаваў яе, не ішоў на кампраміс з грахом, а адразу выкараняў зло і грэх. Таму аднойчы ён прыйшоў да цара Ірада, каб сказаць яму, што нельга мець жонкі свайго брата. І, як чытаем у Евангеллі, Ірад баяўся Яна, бо лічыў яго прарокам, праз якога дзейнічаў і прамаўляў Бог. Калі ён чуў пра Яна, то адчуваў непакой і боязь, але слухаў яго ахвотна.

Дарагія! Ці Ірад не з’яўляецца вобразам кожнага чалавека, які ведае, што такое дабро, але не мае дастаткова сіл, каб гэтае дабро выбіраць і выконваць у сваім жыцці? Мы слухаем Божае слова з вуснаў святароў, якія кажуць: трэба ўдзельнічаць у святой Імшы, нельга працаваць у нядзелю, нельга грашыць супраць сужэнства і сям’і, нельга красці і ашукваць на працы і ў школе. І мы робім выгляд, што дасканалыя, што нас не датычаць гэтыя словы, што толькі тыя, хто нас вучаць, павінны змяніцца. Так, ім трэба змяняцца, але ж і нам таксама.

Ірадыяда бачыла выразна мяжу паміж дабром і злом, але, нягледзячы на гэта, вельмі жорстка пазбавілася ад св. Яна Хрысціцеля. Чаму – бо, верагодна, хацела заглушыць голас свайго сумлення. Ці толькі яна адна была такой, якая жадала суцішыць сваё сумленне? Напэўна, не. Кожны дзень шмат людзей робяць падобнае, тлумачачы свае паводзіны вельмі проста: змяніліся часы, евангельская праўда не падыходзіць да сітуацый сённяшняга жыцця, грэх – гэта паняцце адноснае або наогул яго не існуе як такога. А што тады ў гэтай усёй сітуацыі з намі? Ці выпадкова і мы не спрабуем суцішыць голас свайго сумлення?

Чаму мы можам навучыцца ад святога Яна Хрысціцеля? Перш за ўсё ён з’яўляецца перасцярогай для людзей нясталых і маладушных. На жаль, шмат хто з нас хістаецца, як трысціна, управа і ўлева. Нельга сказаць, што ў нас няма сваіх асабістых поглядаў і меркаванняў, але вельмі часта мы замест таго, каб кіравацца сумленнем, кіруемся бояззю і чыста чалавечымі поглядамі, баючыся паглядзець праўдзе ў вочы, больш глыбока. І вельмі часта мы ідзём за натоўпам, не стараючыся зразумець, у чым справа, а проста паўтараем за іншымі тое ж меркаванне, той жа слоган, хоць, можа, калі паразважаць, то нашае меркаванне адрозніваецца. Але чамусьці паддаёмся натоўпу.

Так! Можа, гэта і балючыя словы, але такая праўда. Калі сумленна паступаеш паводле сэрца, то словы заўвагі і перасцярогі адносяцца да цябе ў найменшай ступені. Калі паступаеш няправільна, то ад падобных словаў, можа, будзе крыху і сорамна, але дзякуючы гэтаму можаш задумацца над сабою, над сваімі ўчынкамі і змяніць іх на лепшыя. Трэба толькі пачуць голас Бога, які прамаўляе шэптам у цішыні і спакоі сумлення. У натоўпе цяжка пачуць Яго голас – там толькі крык.

Як абвяшчаў Божую праўду Ян Хрысціцель, так абвяшчаюць яе святары. Яны імкнуцца нагадаць кожнаму, пачынаючы з саміх сябе, што мы пакліканыя да вернасці Хрысту. І кожнаму з нас нанова трэба адкрыць тое, што абвяшчэнне Евангелля Езуса Хрыста – гэта заданне кожнага. Абвяшчэнне яго ўсім сваім жыццём праз тое, што мы верныя Хрысту, верныя Яго запаведзям. Не можа быць вернасць толькі некаторым запаведзям, якія нам падабаюцца або якія нам лёгка выканаць. Вернасць датычыць усіх запаведзяў. Цяжкае гэта заданне, але вартае таго, каб яго выконваць. Да гэтага кожны з нас без выключэння пакліканы. Бяда мне, калі не буду абвяшчаць Евангелле Божае. Бяда мне, калі хоць адну рыску, хоць адну ёту змяню ў Божым законе.

«Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі». Дарагія браты і сёстры! Гэтыя словы з кнігі прарока Ісаі адносяцца не толькі да св. Яна Хрысціцеля. Яны скіраваныя асабліва сёння да кожнага з нас. Мы пакліканы, каб сведчыць словамі і ўчынкамі, каб сведчыць усім сваім жыццём пра Езуса Хрыста. Ён нас чакае, Ён чакае ад нас вернасці. Не абяцае, што нам будзе лёгка ў жыцці, але што з Ім любы цяжар будзе нам пад сілу. Бо мы не адны.

І няхай у гэтым нас умацоўвае сам Хрыстус, які дае нам самога сябе ў святой Камуніі і праз гэта ўдасканальвае нашую веру, надзею і любоў. Ён таксама пасылае кожнага з нас да веруючых і няверуючых, як да хрысціянаў, так і да тых, хто не пазнаў яшчэ Бога. Езус кожнага з нас пасылае абвяшчаць Евангелле і кажа нам: «Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі». Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа