Пошук

16.06.2018 09:01   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Зерне — слова Божае, сейбіт — Хрыстус; кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць вечна»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус нам распавядае прыпавесці, якія датычаць Божага Валадарства. Калі ўважліва прыгледзецца да вобразу раллі, аб якой кажа Езус, то ім можна ўбачыць Касцёл, дзе Бог даглядае сваё жніво, кліча на яго працаўнікоў. І гэты клопат накіраваны на вечнасць.

З самага пачатку існуе спакуса абмежавання дзейнасці Касцёла толькі выключна да той сілы, якая змагаецца са злом. Ёсць шмат такіх людзей, каторыя жадалі б выкарыстаць Касцёл як прыладу ў гэтым змаганні, але больш для дасягнення нейкіх сваіх мэтаў, а не для дабра Кацёла. А калі гэта ў іх не атрымоўваецца, то яны маюць прэтэнзіі да людзей, адказных за Касцёл. Земляроб, напрыклад, адказны за ўраджай, за хлеб, за зямлю, якую апрацоўвае, каб плён яго працы мог карміць народ. Гэты хлеб у пэўным сэнсе з’яўляецца ўмовай жыцця для людзей.

Касцёл таксама з’яўляецца Божай гаспадаркай, у якой ёсць хлеб, неабходны для жыцця чалавецтву. Мэта дзейнасці Касцёла – тое, каб на духоўнай раллі заўсёды быў ураджай, а вынік гэтага – хлеб. Бо ў ім маюць патрэбу як дзеці, так і старэйшыя людзі, як хворыя, так і здаровыя, як працуючыя і занятыя, так і тыя, хто адпачывае. Калі Касцёл будзе поўны такога хлеба, то выканае сваё заданне, дадзенае Богам. А калі замест таго, каб клапаціцца аб адвечных вартасцях, Касцёл стане толькі змагацца – то не выканае сваёй місіі і не апраўдае надзею Бога і людзей.

Сапраўды, бывае такі перыяд, калі трэба мужна станавіцца ў абарону зерня праўды і годнасці чалавека, калі трэба дзеля гэтага сур’ёзна змагацца, але змаганне само па сабе заўсёды на другім месцы ў заданні Касцёла. Бо ў найбольш складаныя і цяжкія моманты ён не можа адмовіцца ад найвышэйшых вартасцяў, якія ствараюць сапраўдную прыгажосць жыцця, указваюць праўду, моц веры, магутнасць надзеі і прыгажосць любові.

Аб гэтым адказным заданні Касцёла кажа Езус, выкарыстоўваючы прыпавесці. І вельмі часта яны маюць у сабе вобраз земляробства, раллі, зерня і гэтак далей. Езус прапануе нам паназіраць над працэсам прарастання зерня, кінутага ў зямлю. Ён кажа: «Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю… зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе». І ў той час гэтае зерне становіцца прыгодным для жніва. Езус паказвае нам, якім цудам з’яўляецца тое, што з маленькага зернейка гарчыцы вырастае цэлае дрэва, і нават птушкі могуць адпачываць на яго галінах. І гаворка тут ідзе не пра змаганне, а пра працэс узрастання.

Дарагія! Заданне Касцёла належыць разумець у некалькіх аспектах. Спачатку аспект асабісты. Сэрца кожнага ахрышчанага чалавека з’яўляецца Касцёлам. Што ў ім найважнейшае? – запытаеце вы. Найперш клопат аб вялікіх і нязменных вартасцях духу, іх удасканальванні. Ці з’яўляецца нашае сэрца месцам для вялікага плёну, для зерня, для хлеба, або яно падобнае да грунтоўна ўмацаванага форта, які настаўляе сваю зброю на таго, хто толькі набліжаецца?

Трэба зірнуць і на сужэнства і сям’ю – гэта таксама невялікі Касцёл, супольнасць чалавечых сэрцаў. Ці ў ім два сэрцы, якія паміраюць для эгаізму і прыносяць зерне прыгожых сэрцаў новага маладога пакалення? Ці гэта супольнасць ваяўнічая, аддзеленая ад іншых вялізным мурам і глыбокім ровам?

Таксама зірнем на парафію як эўхарыстычную супольнасць. Што ў ёй дамінуе? Ці гэта ралля самога Бога, якая прыносіць плён высакародных сэрцаў, глыбокай веры, жывой малітвы, вялікай і моцнай любові? Ці такі сэнс нядзельных сустрэч пры алтары? Ці, можа, гэта толькі супольнасць, накіраваная на бясконцае змаганне і сеянне непакою? Мяркую, што не!

Дарагія браты і сёстры! Свет ва ўсе часы, таксама і ў наш, хоча справакаваць Касцёл толькі на змаганне. Свет цешышся б, калі б у кожнага ахрышчанага была ў руках зброя. Такім нават малюе свет Езуса. І тагачасныя людзі ў большасці лічылі, што Езус – гэта вызваліцель ад рымскага прыгнёту, і Яго Касцёл таксама. Але гэта не зусім так: калі і ёсць змаганне – дык гэта змаганне з грахом, з нясправядлівасцю і няпраўдай. Але зброя, якую выкарыстоўвае Касцёл – гэта справядлівасць, супакой і любоў. Касцёл – гэта ралля самога Бога, а не Яго армія. І мэта гэтай раллі – прынесці як мага большы плён для вечнага жыцця. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа