Пошук

26.05.2018 09:05   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Вы не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча!»

Дарагія браты і сёстры!

Тыдзень таму мы святкавалі ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Сёння Касцёл адзначае самую важную таямніцу нашай хрысціянскай веры — урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Гэтая таямніца пераўзыходзіць наш чалавечы розум, але адначасова з’яўляецца для нас, веруючых, радасцю і надзеяй. Радасцю, бо ў веры мы пакліканы да сузірання Найсвяцейшай Тройцы ў вечнасці, да з’яднання з Богам. І сам гэты факт, што Бог пажадаў наблізіць да нас, людзей, гэтую таямніцу, напаўняе ўсіх нас радасцю.

Апошнім часам мы можам заўважыць вялікі прагрэс амаль ва ўсіх сферах чалавечага быту: навука, тэхніка, медыцына — усё гэта інтэнсіўна развіваецца. Жыццё не стаіць на месцы, яму ўласціва пэўнае развіццё, удасканаленне. Напэўна, калі людзям, якія жылі сто гадоў таму ці больш, паказаць сучасны свет, то сучасная цывілізацыя магла б іх напалохаць або прынамсі вельмі здзівіць. Камп’ютары, тэлефоны, аўтамабілі, архітэктура — тыя людзі, можа, нават аб такім і не марылі.

Аднак, нягледзячы на гэты прагрэс, які мы бачым, жывучы сёння ў свеце, ні адзін вучоны не скажа вам, што ён дасягнуў вяршыні сваіх ведаў, што для яго няма нічога, чаго б ён не ведаў. У навуковым свеце існуе пэўны парадокс: з кожным новым адкрыццём узнікаюць перадумовы да чагосьці новага, яшчэ не адкрытага. Напрыклад, у медыцыне адкрылі новыя лекі, але ў той самы момант узніклі новыя хваробы, супраць якіх гэтыя лекі ўжо не дзейнічаюць. Шмат розных таямніцаў крыецца ў нашым жыцці, і большасць з іх мы не здольныя адкрыць і зразумець. Ужо само жыццё з’яўляецца пэўнага роду таямніцай.

Сённяшняе першае чытанне ўводзіць нас у атмасферу разважання пра Бога, які ўваходзіць у гісторыю чалавека. І гэты ўваход Бога з’яўляеццца асаблівым і ўнікальным. Гэта таямніца Бога, які адкрывае Сябе чалавеку. Дзесьці ў натуры чалавека ўпісана прагненне пазнаць Бога. Але сваімі сіламі чалавек не здольны спасцігнуць таямніцу Бога. Ніколі чалавецтва нічога падобнага не спазнавала. Бог абірае сабе народ, з якога пасля прыйдзе Збаўца. «Ці чуў народ голас Божы, які гаварыў з агню, як ты чуў, і застаўся жывы? Або ці спрабаваў некалі Бог прыйсці і выбраць сабе народ паміж іншага народу праз выпрабаванні, знакі і цуды, і вайну, моцнаю рукою і ўзнятым плячом, і праз чыны страшныя — праз усё тое, што зрабіў для вас Пан, Бог ваш, перад вашымі вачыма ў Егіпце?»

Важна ведаць пра гэта як пра гістарычны факт, але значна больш важна выконваць усе пастановы, наказы і запаведзі, якія даў Пан Бог: «Таму ведай цяпер і захоўвай у сэрцы сваім, што Пан ёсць Богам на небе ў вышыні і на зямлі ўнізе, і няма іншага. Захоўвай Яго пастановы і Яго запаведзі...» Стары Запавет адкрывае таямніцу аблічча Бога, які стварае чалавека, а пасля ягонага ўпадку сярод гэтага ж чалавецтва абірае народ, ачышчае і рыхтуе яго да таямніцы Збаўлення.

Сённяшнія словы Езуса з Евангелля адкрываюць нам праўду пра Найсвяцейшую Тройцу: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога». Прыйсце Езуса Хрыста, Яго збаўчыя чыны — гэта таксама таямніца, праз якую Бог кліча чалавека да шчаслівай вечнасці. Тое, што чалавекам было некалі згублена, зараз стала адноўлена, дзякуючы Езусу Хрысту і Духу Суцяшыцелю, які сышоў на веруючых ад Айца. Дзякуючы Святому Духу, як піша святы апостал Павел, мы з'яўляемся Божымі дзецьмі і разам з Езусам Хрыстом можам усклікаць: «Абба, Ойча!»

Дзякуючы натуральнаму імкненню да праўды, чалавек мае магчымасць пазнаць існаванне Бога сваім уласным розумам. Існуе безліч сведчанняў навукоўцаў, вельмі вядомых і славутых людзей, якія ў сваёй працы або дзякуючы сваёй навуцы выразна бачылі існаванне Бога. Ісаак Ньютан калісьці напісаў такія словы: «Цудоўнае стварэнне космасу і бачная гармонія, якая ў ім прысутная, можа быць вытлумачана толькі тым, што гэты ж космас быў створаны паводле плану ўсябачнай і ўсемагутнай Асобы. Гэта маё першае і апошняе слова». У сваю чаргу Чарльз Дарвін напісаў так: «Немагчымасць прызнаць, што ўвесь гэты вялікі і дзіўны свет, разам з намі, разумнымі істотамі, з’явіўся выпадкова — гэта адзін з галоўных доказаў існавання Бога. Свет грунтуецца на заканамернасцях і ў сваіх праявах узнікае як прадукт розуму — гэта ўказвае на існаванне Творцы».

Але чалавечы розум ніколі не дайшоў бы да праўды пра Бога ў Трох Асобах, калі б гэтая таямніца не была аб’яўлена самім Богам. Таямніцу Бога чалавек мае магчымасць пазнаваць, але ў зямным жыцці гэтае пазнанне будзе толькі частковым. Езус нам адкрывае таямніцу Найсвяцейшай Тройцы.

Гэтая праўда змяшчаецца ў кантэксце збаўчых чыноў Хрыста і з’яўляецца плёнам любові Божых Асобаў да чалавека: любоў Айца, які паслаў свайго Сына ў свет, каб мы мелі жыццё дзякуючы Яму. У хвіліну, калі Езус прымае келіх сваёй мукі, Ён сведчыць аб любові, у якой верна выконвае волю свайго Айца: «ніхто не мае большай любові за тую, калі аддае жыццё сваё за сяброў сваіх». Любоў Духа Святога, праз якую Езус ахвяраваў самога Сябе, разлітая ў нашых сэрцах, якія асвячаныя ласкаю хросту.

І мы, як Апосталы, недасканала разумеючы гэтую таямніцу, часта пытаемся: «Пане, пакажы нам Айца!» Вельмі важна тут прыслухацца да словаў Езуса, які некалі сказаў апосталу Філіпу: «Хто Мяне ўбачыў, убачыў таксама і Айца. Ці не верыш, што Я ў Айцу, а Айцец ува Мне?» Гэтыя словы нам трэба прыняць з пакораю, ведаючы, што нашае пазнанне Бога абмежаванае і недасканалае, але гэта не значыць, што наш недахоп у пазнанні Бога з’яўляецца сур’ёзным бар’ерам, які перашкаджае Богу дзейнічаць у нас. Паколькі наш чалавечы розум вельмі слабы ў параўнанні з Божай таямніцай, то пазнаць гэтую таямніцу мы можам толькі праз веру — спазнаць яе эмпірычна, датыкальна мы пакуль што не ў сілах. Але прыйдзе час, калі мы будзем мець магчымасць сузіраць таямніцу Бога тварам у твар і цешыцца гэтым усю вечнасць.

Умілаваныя браты і сёстры! Таямніца Бога ў Найсвяцейшай Тройцы, аб’яўленая Езусам Хрыстом — гэта радасць і надзея для нас, якія прагнем Бога ў сваім жыцці. Бо дзеля гэтага мы створаны, каб у сваім жыцці памятаць пра Бога і верна Яму служыць, а ў вечнасці быць з Ім з’яднанымі. І ўжо нішто не здольнае нас адлучыць ад Божай любові, якая аб’яўлена нам праз Духа Святога ў нашым Пану Езусе Хрысце, і, калі мы зараз разам з Ім церпім, як кажа апостал Павел, то разам з Ім і ўславімся. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця