Пошук

05.05.2018 09:00   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай»

Дарагія браты і сёстры!

Кожнаму з нас знаёмае пачуццё радасці. Звычайна яна ўзнікае, калі ў нас добры настрой, калі нам штосьці паспяхова ўдаецца зрабіць, калі мы набываем для сябе нешта доўгачаканае. Радасць – гэта таксама паказчык нашага выдатнага самаадчування, радасць – калі мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху людзей, якія здольныя суперажываць нам, быць з намі. Можна пералічваць і пералічваць сітуацыі, калі ўзнікае гэтае цудоўнае пачуццё радасці.

Аднак бывае і такое, калі мы адчуваем, што нашай радасці чагосьці не хапае для поўнага шчасця. Нейкай унутранай гармоніі. Здараецца, што ў нас прысутная радасць, але чамусьці вельмі цяжка перажыць яе ўсёй сваёй асобай. Канешне, кожны з нас можа перажываць яе з лёгкасцю і павярхоўна – такая радасць на некалькі хвілін, якую можна адчуць пры дапамозе жартаў, вясёлай кампаніі і гэтак далей. Але падобнае пачуццё не з’яўляецца поўнай радасцю, і кожны з нас у глыбіні душы гэта адчувае і разумее. Бо ў глыбіні нашага сэрца плён такой радасці амаль незаўважальны. Сэрца застаецца неспакойным, няма пэўнасці, аптымізму і надзеі. Абмяжоўваецца такая радасць толькі ўсмешкай на твары. А пасля гэтай усмешкі можа быць нават непакой ці боязь.

У кожнай сітуацыі гэта выглядае па-рознаму, але крыніца гэтага непакою ці боязі – часцей за ўсё грэх. Проста чалавечае сумленне само па сабе вельмі ўражлівае, таму нельга яго ў адзін момант ўзяць і пазбавіць чуласці. Калі чалавек нават і прывыкае да граху, раней ці пазней яго сумленне дасць сігнал непакою. Грэх здольны схаваць гэтую нашую боязь вельмі і вельмі далёка ад сумлення. Толькі, як ні хавай, сумленне гэтую боязь знойдзе, гэта справа часу. Напрыклад: глыбока ў маёй душы адчуваецца, што штосьці са мною не так. Хоць звонку часта здаецца, нібы ўсё ў парадку, але маё сумленне напаўняецца нейкай трывогай, а яна ў сваю чаргу перашкаджае мне перажываць радасць па-сапраўднаму, усім сэрцам. Бо радасць – гэта не троххвілінная весялосць, а трывалы стан чалавека: перад самім сабою, перад сваім жыццём, перад іншымі людзьмі.

Дарагія! Менавіта трывалай і поўнай радасці хоча для кожнага з нас Езус. Ён ведае, што нельга дасягнуць яе ўласнымі сіламі, бо такая радасць з’яўляецца дарам. Дарам, які прыходзіць да чалавека звонку. Адкуль жа бярэ пачатак такая радасць? Адказ адназначны: з любові. Толькі той, хто ўмее любіць, здольны па-сапраўднаму спазнаць радасць, якая знаходзіцца глыбока ў яго сэрцы. А без любові няма сапраўднай радасці. «Калі будзеце выконваць Мае запаведзі, застанецеся ў Маёй любові», – кажа Езус. А плёнам гэтай любові з’яўляецца між іншым радасць.

Толькі ці можна прымусіць чалавека выконваць запаведзі дзеля любові? Не. Бо любоў патрабуе свабоды выбару, якая нараджаецца з нашай беспрымусовай волі. Езус не прымушае нас выконваць Яго запаведзі, Ён запрашае нас, прапануе нам дар сваёй любові. «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас…» Бо любоў не існуе сама па сабе. Яна павінна спачатку нарадзіцца ў сэрцы чалавека, прыйсці як дар, які мы хочам прыняць і на які здольныя адказаць сваёй любоўю. Калі бацькі не аказваюць свайму дзіцяці любові, выражанай у знешніх знаках – пацалунках, пяшчотах, чулых словах, цярплівасці, прабачэнні, – то дзіцяці цяжка навучыцца любіць, яму цяжка будзе прыняць сябе. У складаныя хвіліны свайго жыцця яно будзе перажываць пачуццё боязі, самоты, думаць, што яно нікому не патрэбнае.

Праз сваю запаведзь Хрыстус хоча нас зрабіць больш чулымі да дару Божай любові, да жыцця, якое з яе вынікае. Гэта Бог нас першы палюбіў, гэта Ён нас выбраў. Толькі Ён першы і галоўны ініцыятар. Нам не трэба нейкім чынам заслужыць Божую любоў, не, – мы яе ўжо маем; учынкі нам патрэбныя, каб прыняць яе з Божых рук. Гэтая любоў сапраўдная і поўная, здольная даць нам дасканалае пачуццё бяспекі і сапраўдную радасць. А доказ гэтай любові пераканаўча праявіўся ў Езусе Хрысце. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Таму Крыж Езуса Хрыста – неаспрэчны доказ Яго любові да кожнага з нас.

Дарагія браты і сёстры! Вось сапраўдная нагода для радасці: Бог любіць мяне такім, які я ёсць. Мне ўжо не трэба нічога баяцца, не трэба празмерна клапаціцца і непакоіцца. Бог мяне любіць, нягледзячы ні на што. Мой грэх, які б ён ні быў, ніколі не здольны пашкодзіць гэтай любові, гэтаму сяброўству Бога са мною. Важна, каб я ўсвядоміў гэтую праўду і дазволіў Богу ўвайсці ў маё сэрца. Каб адказаў на Яго запрашэнне «так! ». Бо калі мы любім Бога і ведаем, што Ён нас любіць, ці будзем свядома і дабравольна крыўдзіць Яго? Калі мы любім па-сапраўднаму – то не. Бо нават у чыста чалавечых адносінах нам цяжка засмуціць дарагога нам чалавека. Калі гэта зразумеем, то адкрыем для сябе, чым з’яўляецца праўдзівая і поўная радасць. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця