«Пане Езу, тлумач нам Пісанні, няхай палае сэрца нашае, калі да нас прамаўляеш»
Дарагія браты і сёстры!
Адным з першых дароў, які Хрыстус Уваскрослы ўдзяліў сваім Апосталам, быў дар разумення Святога Пісання. Сёння Езус у Евангеллі кажа: «Гэта словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах. Тады асвяціў іх розум, каб яны разумелі Пісанне». Вядома ж, маецца на ўвазе разумененне Старога Запавету, бо Новага на той час яшчэ ніхто не напісаў.
Дзівосны гэты дар разумення Святога Пісання! Да Хрыстовага ўваскрасення вучні разумелі не ўсё, што чыніў Езус. Таксама і не ўсё са Старога Запавету было адкрыта для іх розуму і сэрца. Нам можа здавацца, што пасля Вялікага тыдня вучні да канца ўсё спазналі, усю праўду, укладзеную ў тэкст Святога Пісання. Аднак гэтая справа выглядала па-іншаму. Езус толькі пасля свайго ўваскрасення, праз некаторы час, дае вучням разуменне Пісання. Кожны з нас можа паставіць пытанне: чаму ўваскрослы Езус дае вучням гэты дар і чым ён так важны?
Святы Ян Евангеліст, апавядаючы пра дыскусію Хрыста з юдэямі, узгадвае наступныя словы Езуса: «Калі б вы паверылі Майсею, то і Мне б паверылі. Пра Мяне ён пісаў. Аднак, калі яго пісанням не верыце, як жа Маім словам будзеце верыць?» З вышэй прыведзеных словаў вынікае, што разуменне Старога Запавету неабходнае, каб пазнаваць Хрыста і верыць у Яго. І той чалавек, які хоча ўвайсці, жадае спазнаць таямніцу Збаўцы, раней ці пазней адкрые кнігу Старога Запавету, каб дайсці да духоўнага багацця, якое там укрыта. Іншымі словамі, Стары Запавет з’яўляецца ключом да разумення Новага.
Мае дарагія, правільнае прачытанне Бібліі значна пераўзыходзіць натуральныя здольнасці чалавека, і, каб прачытанне прывяло да спазнання праўды, неабходны дар разумення натхнёнага Богам Пісання. Гэты дар удзяляе Езус сваім Апосталам, каб поўнасцю адкрыць іх сэрцы на праўду, каб падрыхтаваць іх да сур’ёзнай місіі.
Дар разумення Бібліі патрэбны не толькі для таго, каб спазнаць укрытую праўду аб Хрысце, але і для спакойнага слухання Божага слова, якое адкрывае перад намі праўду аб чалавеку – часамі балючую праўду. Шмат хто пачынае чытаць Стары Запавет з вялікім энтузіязмам, а праз некалькі дзён, бывае, надоўга закрывае Біблію. Гэта адбываецца не толькі таму, што такі чалавек не знаходзіць там, у святых тэкстах, праўду, якая яго будуе на духу, але і таму, што, калі чытае пра зло і грэх, у яго сэрцы нараджаецца нейкая боязь і неахвота. І цяжка такому чалавеку вытлумачыць, што Божае слова не мае на мэце пазбавіць чалавека ахвоты. Тым больш не хоча чалавека палохаць.
Калі Бог на старонках Старога Запавету адкрывае праўду пра грэх, то робіць гэта не для таго, каб навучыць чалавека, як здзяйсняць грэх, але каб адкрыць яму вочы на небяспеку граху, якая яму пагражае. Каб навучыць нас змагацца са злом і грахом. Каб не паддавацца спакусе, але яе пераадольваць. А калі мы, навучаныя Божай ласкай, гэтую праўду прымем у сэрца, то грэх і зло не будуць здольныя прымусіць нас разгубіцца. Не пазбавяць нас ахвоты. А нашыя паводзіны будуць правільнымі, калі будзем стаяць перад выбарам. Бог, калі, як нам здаецца, і «палохае» нас у сваім Слове, то робіць гэта дзеля таго, каб мы не былі спалоханымі і разгубленымі ў сваім жыцці. Таму чытанне Старога Запавету не менш важнае, чым чытанне Новага.
Дарагія, шмат хто можа быць вельмі здзіўлены такім падыходам да чытання Бібліі. Як гэта магчыма, каб Бог мог «пазбавіць ахвоты» чалавека? Справа ў тым, што гэта часта адбываецца з-за павярхоўнага або наогул няправільнага разумення Бібліі. Значыць, і мы зараз патрабуем гэтага дару, як некалі Апосталы.
Напрыклад, ці мудрыя бацькі не размаўляюць са сваімі дзецьмі на тэму зла, на тэму метадаў дзейнасці гэтага зла ў жыцці? Мне здаецца, размаўляюць. І калі вочы адкрываюцца на маральную праўду пра чалавека і пра грэх, ці падобная размова не з’яўляецца выразам сапраўднага бацькоўскага клопату і любові? Размова з бацькамі на тэму зла, напэўна, не вядзе да таго, каб дзіця навучылася рабіць зло. Наадварот, такая размова мае на мэце дабро дзіцяці, яго ўзрастанне ў мудрасці. Перадусім, каб дзіця навучылася пазбягаць зла, а чыніць дабро. Вось гэта істотна і важна. Але для гэтага трэба паказаць дзіцяці існаванне не толькі дабра, але і зла.
Мяркую, што маладое пакаленне робіць шмат памылак менавіта таму, што ў свой час яму не хапіла такой мудрай размовы з бацькамі пра зло, якое існуе ў свеце. Можа, і з’явілася гэтае бацькоўскае слова, толькі не своечасова, а занадта позна, калі дзіця ўжо аб гэтае зло абпалілася. Бацькі не хацелі ўразіць, пазбавіць ахвоты сваё дзіця, дык замест іх гэта зрабіла жыццё. А вынік гэтага бывае розны.
Дарагія браты і сёстры! Бог адкрывае перад намі праўду пра Сябе, пра чалавека, пра зло і грэх. І нам не трэба баяцца і губляць ахвоту перад гэтай праўдай. Памятайма, што Святое Пісанне – гэта перадусім Слова Бога. А Ён не жадае нам зла. Толькі хоча, каб мы ўсвядомілі, што зло таксама існуе ў свеце. А калі мы даверымся Богу, то не толькі не будзем губляць ахвоту ад чытання Святога Пісання, але будзем у сэрцы мець ключ разумення гэтага Пісання і словы гэтыя выкарыстаем у нашым жыцці. Яны прынясуць для нас багаты плён на карысць вечнага жыцця, а ў гэтым жыцці дадуць моцную надзею.
Бог, як добры Айцец, жадае паразмаўляць з намі і, прыводзячы прыклады чалавечага жыцця з гісторыі – прыклады ўзлётаў і падзенняў, радасцяў і смуткаў, вернасці і здрады, – робіць гэта, каб паказаць нам жыццё з усіх бакоў, больш поўна: як прыгажосць, так і драматызм жыцця. Таму нічога дзіўнага няма, што менавіта гэтую ласку дае сваім вучням Езус Уваскрослы: дар разумення Божага слова. Таму і мы будзем прасіць Хрыста Уваскрослага, каб даў нам гэты дар разумення Божага слова і каб мы, слухаючы гэтае слова, маглі прымаць яго і жыць ім кожны дзень. Амэн.