Пошук

01.05.2026 15:01   Паводле: aleteia.org / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Карціна «Дзяцінства Хрыста», Герард ван Хонтхорст.

Ёсць два дні ў літургічным календары, калі мы шануем памяць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі: 19 сакавіка, калі ён ўспамінаецца перш за ўсё як галава Святой Сям'і, і 1 мая, калі  мы ўспамінаем яго як заступніка ўсіх працоўных.

У Евангеллях святы Юзаф названы «тэктонам», г.зн. рамеснікам, цесляром, які сваёй працай забяспечваў сям'ю.

Яго жыццё — узор пакоры, адказнасці і адданасці сваёй справе.

Гэтай памяццю Касцёл жадае нагадаць усім нам аб глыбокім сэнсе працы як абавязку чалавека ўдасканальвацца, разумна панаваць над прыродай, служыць грамадству, развіваючы справу Стварыцеля і спрыяючы выкананню задумы збаўлення (Gaudium et spes, 34).

Папа Пій XII устанавіў свята святога Юзафа Працаўніка (Рамесніка) 1 мая, каб падкрэсліць годнасць працы і надаць мірны характар дню, які запомніўся жорсткімі беспарадкамі.

Гісторыя свята

1 мая 1886 года тысячы рабочых па ўсёй тэрыторыі ЗША арганізавалі буйную прафсаюзную забастоўку і дэманстрацыю, патрабуючы васьмігадзіннага працоўнага дня пад лозунгам: «Васьмігадзінны працоўны дзень без зніжэння заработнай платы». Праз некалькі дзён пратэсты ўсё яшчэ працягваліся і рабочыя сабраліся перад прамысловым прадпрыемствам у Чыкага.

Хоць пратэст быў мірным, у канцы працоўнага дня група рабочых напала на штрэйкбрэхераў, і паліцыя адкрыла агонь, забіўшы двух рабочых. Гэта заахвоціла мясцовых анархістаў арганізаваць яшчэ адзін мітынг 4 мая. Яны распаўсюдзілі ўлёткі з надпісам: «Рабочыя, бярыцеся за зброю і выступайце ўсёй моцай!». Мітынг пачаўся мірна, але бліжэй да ночы хтосьці кінуў самаробную бомбу ў паліцэйскага. У адказ паліцыя адкрыла агонь па натоўпе, і да раніцы было забіта сем паліцэйскіх і чацвёра рабочых, дзясяткі атрымалі раненні. Гэта падзея стала вядомая як Хеймаркетская бойня.

У памяць аб гэтых падзеях Парыжскі кангрэс II Інтэрнацыяналу ў 1889 годзе абвясціў 1 мая Міжнародным днём салідарнасці працоўных.

З кожным годам гэты дзень набываў усё большае значэнне, яго сталі выкарыстоўваць для правядзення пратэстаў рабочых па ўсім свеце.

1 мая 1894 года ў Кліўлендзе, штат Агаё, адбылася чарговая серыя жорсткіх беспарадкаў, якая зноў падштурхнула міжнароднае аб'яднанне сацыялістычных рабочых партый да актыўнай барацьбы за правы працоўных. З тых часоў 1 мая пастаянна выкарыстоўвалася для абвяшчэння правоў працоўных і стала асацыявацца з растучым сацыялістычным рухам па ўсёй Еўропе.

Каталіцкі адказ

Праз шэсцьдзесят гадоў, у разгар халоднай вайны, Папа Пій XII, усведамляючы рост напружанасці ў свеце, імкнуўся процідзейнічаць гвалту, аднаўляючы хрысціянскую годнасць працы.

1 мая 1955 года ён звярнуўся да хрысціянскіх асацыяцый італьянскіх рабочых на плошчы святога Пятра і заклікаў іх не паддавацца падману хлуслівых галасоў свету, якія сцвярджаюць, што Касцёл супраць працоўных:

«Колькі разоў мы пацвярджалі і тлумачылі любоў Касцёла да працоўных! І ўсё ж шырока распаўсюджваецца жахлівы паклёп, што “Касцёл у саюзе з капіталізмам супраць працоўных”! Ён, Маці ўсіх і Настаўнік, заўсёды асабліва клапоціцца пра сваіх дзяцей, якія апынуліся ў самых цяжкіх умовах, і сапраўды дзейсна спрыяў дасягненню тых сумленных поспехаў, якіх ужо дамагліся розныя катэгорыі працоўных».

Каб яшчэ больш рашуча выступіць супраць набіраючых сілу працоўных рухаў, Папа Пій XII заснаваў новае свята ў касцёльным календары, прысвяціўшы 1 мая святому Юзафу Працаўніку.

«Мы, намеснік Хрыста, хочам рашуча пацвердзіць гэты абавязак і павіннасць тут, у гэты дзень, 1 мая, які самі працоўныя абвясцілі сваім святам, з намерам, каб годнасць працы была прызнаная ўсімі, і каб гэта натхніла грамадскае жыццё і законы, заснаваныя на справядлівым размеркаванні правоў і абавязкаў... таму што пакорны рамеснік з Назарэта не толькі ўвасабляе перад Богам і святым Касцёлам годнасць ручной працы, але і заўсёды з'яўляецца клапатлівым ахоўнікам вас і вашых сем'яў».

Ператварыўшы 1 мая ў каталіцкае свята, Пій XII вярнуў гэтаму дню хрысціянскае вымярэнне. Хрысціянскія працоўныя атрымалі ў асобе святога Юзафа ўзор для пераймання і напамін аб іх годнасці.

Касцёл заўсёды вучыў, што працоўныя павінны быць справядліва ўзнагароджаныя за сваю працу, але заклікае іх звярнуцца да вопыту Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны, замест таго каб спрабаваць гвалтоўна зрынуць грамадскі парадак для дасягнення сваіх мэтаў.

Праца валодае велізарнай годнасцю, але гвалт не можа служыць шляхам да забеспячэння правоў працоўных.

Абноўлена 01.05.2026 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця