Пошук

24.03.2018 10:51   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана! Спакой у небе і хвала на вышынях!»

Дарагія браты і сёстры!

Няшмат засталося часу, які нас аддзяляе ад велікодных святаў. Літургія Пальмовай нядзелі запрашае нас сёння разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, які нас уводзіць у таямніцу Яго мукі і смерці. Езус жадае, каб мы духоўным чынам крочылі за Ім, не толькі з пальмамі, але і з крыжам. Урачысты ўваход у Ерузалем — гэта пачатак той місіі, якую Езус распачаў з любові, каб да канца выканаць таямніцу нашага збаўлення.

Звярніце ўвагу на атмасферу трыумфу і захаплення, якая пануе ў сённяшнім урыўку з Евангелля, дзе так прыгожа ўсклікае натоўп: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!» Большасць з натоўпу лічыць Езуса прарокам, цудатворцам, настаўнікам, незвычайным чалавекам. Магчыма, некаторыя людзі былі сведкамі многіх цудаў Езуса, а некаторыя нават непасрэдна на сабе спазналі Яго аздараўляльную моц.

Больш за тое, Езуса з захапленнем слухаў вялікі натоўп людзей. Канешне, былі і такія, асабліва сярод юдэяў, якія, мала што разумеючы, спрачаліся з Ім, бо не ведалі ні Пісання, ні яго моцы, і з чаго можам зрабіць выснову, што не спазналі ні Айца, ні Сына.

І вось Ён, Хрыстус, дае ім яшчэ адзін знак адносна Сябе: Ён урачыста ўваходзіць у Ерузалем. Настаўнік з Назарэта дае намёк на сваю каралеўскую і месіянскую годнасць, каб народ, які збольшага ведае Пісанне, прыгадаў словы прарока: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай».

Аднак не ўсё было так проста і ясна. Паўсюднае хваляванне, якое ахапіла натоўп, не дазволіла, каб у Езусе людзі маглі ўбачыць кагосьці большага за прарока. Яны толькі бачылі ў Ім таго, хто можа заспакоіць іх зямныя патрэбы, а глыбей зазірнуць і спазнаць праўду аб Месіі не змаглі. Так, як калісьці ў часы Старога Запавету, ізраэльскі народ адмовіўся ад поўнага падпарадкавання свайго грамадства Богу і захацеў для сябе караля зямнога, накшталт такога, якія былі ў суседніх краінах.

У гэты ўрачысты момант натоўп бачыць у Езусе выключна зямнога караля, які не толькі можа іх накарміць хлебам і рыбай удосталь, але і мае магчымасць зрабіць Ізраэль магутнай непераможнай дзяржавай. Яны бачаць у Ім перадусім таго, хто мае моц ачысціць іх краіну ад уплываў Цэзара. У любым выпадку народ думаў тыпова зямнымі катэгорыямі, а магчыма, і наогул не думаў, толькі слепа кіраваўся масавым інстынктам, у якім пераважалі эмоцыі трыумфу і захаплення.

«І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!»

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі зірнуць на гэта чыста па-чалавечы, то шмат хто з нас хацеў бы апынуцца на месцы Езуса ў тую хвіліну. Але паглядзіце, што адбылося пазней. Аб гэтым распавядае апошняе чытанне: Мука Пана. А вось у гэты момант ці хацелі б мы аказацца на месцы Езуса?

Куды знік той натоўп, які некалькі дзён таму ўсхваляў Сына Давіда, кладучы перад Ім свае тунікі, плашчы і пальмовыя галінкі? Як жа хутка змянілася меркаванне гэтага народа, ды так радыкальна — з каралеўскага трона да трона Крыжа. З хваліцеляў і, скажам сучаснай мовай, фанатаў да абвінаваўцаў. Чаму народ змяніў вокліч: «Гасанна Сыну Давіда!» на бязлітасны крык: «укрыжуй Яго!»?

Як важна, мае дарагія, стаць у праўдзе, маючы сваё асабістае меркаванне, і незалежна ад абставін быць верным гэтаму меркаванню. На гэта здольны толькі чалавек веры. А менавіта гэтаму і хоча нас навучыць сёння Хрыстус. Каб мы, якія верым у Яго, не цураліся хрысціянскага стылю жыцця, не саромеліся жыць паводле спазнанай праўды Евангелля, але мужна і з адвагаю перамагалі свет, які вельмі часта нагадвае той натоўп, які калісьці асудзіў Хрыста на смерць. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця