«Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам, — кажа Пан; і дзе Я, там будзе і слуга Мой»
Дарагія браты і сёстры!
Сёння Езус вельмі выразна нас запрашае да таго, каб мы Яго наследвалі ў сваім жыцці. Паколькі мы пакліканы да таго, каб служыць — зрэшты, сам Езус выдатна паказаў на практыцы, што значыць служыць, — то ў гэтым пакліканні да служэння вельмі важна абраць шлях, якім крочыў Хрыстус. Я — дарога, праўда і жыццё, — скажа Езус, а гэта, у сваю чаргу, азначае, што ў Ім знаходзіцца сапраўдны шлях у праўдзе да жыцця, каб там, дзе прабывае Езус, былі і мы, Ягоныя слугі.
Што нам можа перашкаджаць на гэтым шляху? Вельмі вялікай перашкодай для нас з’яўляецца неўмеркаванае жаданне нешта мець, да якога, натуральна, імкнецца кожны чалавек. І насамрэч, калі мы прыгледзімся да сваіх паводзінаў, то ўбачым, што імкненне да набытку ў нас вельмі добра развітае. І датычыць гэтае жаданне «мець» не толькі матэрыяльных рэчаў, але і ўсіх іншых сфераў як асобы чалавека, так і яго адносінаў. Напрыклад, мы хочам мець не толькі нейкія рэчы, якія для нас жаданыя ці неабходныя, але таксама хочам мець добрых бацькоў, дзяцей, сяброў, настаўнікаў і г. д. І гэтае жаданне само па сабе добрае. Варта зірнуць на гэтую справу з іншага боку. Мне самому трэба імкнуцца быць добрым чалавекам, каб для кагосьці быць добрым сябрам.
Свет, які для нас адкрывае Езус, мае крыху іншыя прынцыпы: я жыву, каб не толькі набываць і быць шчаслівым для сябе, але і каб іншых рабіць шчаслівымі. Я існую для кагосьці. І зрабіць кагосьці шчаслівым я магу па меры свайго сэрца. Чым больш любові ёсць у маім сэрцы, тым больш я магу жыць для іншых.
Мае дарагія! Жыццё сапраўднага хрысціяніна грунтуецца на тым, каб своечасова пераключыцца з імкнення «мець» на імкненне «любіць» і «быць» для іншых. А гэты жыццёвы прынцып вельмі цесна звязаны з ахвярнасцю і цярпеннем. Калі ад нас у вечнасць адыходзяць родныя ці блізкія, нашае сэрца як бы крывавіць, нават нібы нейкая частка нас памірае разам з імі. Страта таго, што з’яўляецца маім, заўсёды нясе з сабою цярпенне і пакуты, а чым большая вартасць гэтай страты, тым больш пакутуе маё сэрца.
Вось чаму найбольш балючы момант нашага жыцця — гэта страта кагосьці блізкага і дарагога, калі мы адчуваем выразны боль і шэраг іншых пачуццяў, з ім звязаных. У такія нялёгкія моманты вельмі часта сэрца бунтуе, становіцца бяссільным, здаецца, што, калі губляецца грунт пад нагамі, жыццё не мае вялікай вартасці. І тады мы адчуваем, што шчасце нас пакінула. Бывае так, што віну ў падобнай страце мы прыпісваем Богу, які нас быццам бы карае. Толькі гэта не зусім так. Калі мы здольныя на боль і цярпенні зірнуць вачыма веры, то можам у такім выпадку заўважыць не столькі страту, колькі перамяненне. Перамяненне адной жыццёвай сітуацыі на іншую. І гэтую думку мае на ўвазе Езус, калі кажа: «Калі зерне пшаніцы, падаючы на зямлю, не памрэ, застанецца адно, але калі памрэ, прынясе багаты плён. Той, хто любіць жыццё сваё на гэтым свеце, згубіць яго, а той, хто ненавідзіць сваё жыццё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця».
Пшанічнае зерне з’яўляецца толькі сімвалам неабходнасці смерці, каб набыць больш дасканалую форму жыцця. І Езус у сваім каментары вельмі вялікую ўвагу звяртае на словы «сваё жыццё». Езус хоча кожнаму з нас сказаць, што чалавек, які падыходзіць да зямнога жыцця з празмернай прывязанасцю і ставіцца да яго толькі ў сэнсе набывання, губляе гэтае жыццё разам з тым, што набыў. Не столькі згубіць жыццё, колькі ўжо яго згубіу. А той, хто гэтае набыванне ў зямным жыцці разумее як магчымасць быць ахвярным для іншых, той жыццё захавае. Бо, калі чалавек у сваім жыцці ўмее быць ахвярным, калі ён здольны дзяліцца ад сэрца, то мае скарб у нябёсах і вечнае жыццё.
Набліжаючыся да таямніцы Хрыстовага Крыжа, у гэты час нашай інтэнсіўнай падрыхтоўкі да велікодных святаў, кожнаму з нас варта адкрыць наймудрэйшы спосаб перамянення зямнога жыцця ў вечнае. Заключаецца ён у тым, каб мы змаглі ўбачыць, што ў нашым жыцці насамрэч істотнае, а што не. Калі мы пабудуем для сябе адпаведную іерархію каштоўнасцяў, схема якой змешчана ў Евангеллі, то запаведзь любові да Бога і бліжняга для нас будзе не толькі тэорыяй, колькі практыкай усяго нашага жыцця. Іншая справа, што такі сур’ёзны падыход можа нас у нейкай ступені палохаць. Нічога дзіўнага. Сам Езус сцвярджае гэта: «Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў».
Як у жыцці Езуса, так і ў нашым жыцці настане гадзіна ахвяры, гадзіна цярпення ці хваробы нашага блізкага чалавека, а можа, я сам стану сведкам майго ўласнага цярпення. Настане такая гадзіна, калі нашае шчасце і радасць пачнуць нас пакідаць. Варта тады прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса аб зерні, кінутым у зямлю. А прыслухоўваючыся да гэтых словаў, важна ўсвядоміць, што, калі зерне памрэ, то толькі тады прынясе багаты плён.
Дарагія браты і сёстры! Вялікі пост — гэта той выдзелены нам момант часу, калі можам асаблівым чынам задумацца над таямніцай цярпення і смерці. Езус не раскрывае нам да канца гэтую таямніцу, але ўваходзіць у яе сам, даючы нам гарантыю, што цярпенням і смерці можна надаць сэнс. Калі Богачалавек цярпеў і памёр, то Ён не зрабіў гэта бессэнсоўна. Яго пакуты не былі дарэмнымі, але ўвесь час прыносяць багаты плён любові і прабачэння. Пасля крыжовай смерці Езус заззяў хвалою ўваскрослага. А зараз заахвочвае кожнага з нас, каб мы з адвагаю, перамагаючы боязь, у пакоры сэрца прынялі ўвесь цяжар клопатаў і жыццёвага досведу. Калі ж такая гадзіна ў нашым жыцці яшчэ не надышла, то будзьма адважнымі, каб стаць побач з тым чалавекам, які ў сваім жыцці такую балючую гадзіну перажывае. Амэн.