«Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую»
Дарагія браты і сёстры!
Мяркую, што вы са мною будзеце згодныя, калі скажу, што кожны чалавек прагне, каб яго паважалі. Ці ў сям'і, ці на працы, ці ў іншай нейкай групе, кожны хоча адчуваць сябе патрэбным і ацэненым. І гэтае пачуццё ўласціва не толькі людзям сённяшняй эпохі. Яно прысутнічала заўсёды і ўсюды ў чалавеку як грамадскай істоце.
Паколькі чалавек жыве ў грамадстве, ён на гэтае грамадства нейкім чынам уплывае, у большай ці меншай ступені, таму, напэўна, чалавек заслугоўвае пэўнай пашаны ягонай асобы. Ён нешта дае, але прагне нешта атрымаць узамен. Чым больш развіваецца цывілізацыя, у якой мы жывём, тым больш мы адчуваем патрэбу, а нават і неабходнасць, таго, каб нас паважалі.
Сённяшняя літургія слова апавядае аб жудаснай хваробе, якой з'яўляецца праказа. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці адносна гэтай хваробы, аднак хачу звярнуць увагу на тое, што хворыя, якія цярпелі на гэтую хваробу, пакутвалі не толькі целам, але і душой. Паколькі іх не прызнавалі паўнацэннымі грамадзянамі, ім прыходзілася жыць асобна, насіць спецыяльную вопратку, якая іх адрознівала ад іншых, здаровых людзей. Гэта была дыскрымінацыя ў поўным значэнні гэтага слова. Хворыя на праказу павінны былі пільна выконваць усе прадпісанні, якія адносна іх прадугледжвала права Майсея. Напрыклад, пракажоны мужчына павінен быў мець на сабе рваныя лахманы, ускудлачаныя валасы, закрытую бараду і, калі хтосьці набліжаўся да яго, павінен быў гучным голасам усклікаць: «Нячысты! Нячысты!»
Самае складанае было яшчэ і тое, што такі чалавек быў ізаляваны ад грамадства, не меў ніякіх перспектываў на годнае жыццё і развіццё. Што там казаць, калі нават звычайнага спачування не спазнаваў. Такіх людзей баяліся, ад іх адварочваліся, цураліся. Сёння ў нашым грамадстве такіх цяжкасцяў няма, але гэта не значыць, што хвароба праказы не існуе. Яна ёсць, толькі змяніла сваю форму.
Зараз гэтая хвароба прысутнічае ў іншым выглядзе: існуе праказа ў грамадскіх адносінах, у адносінах паміж людзьмі. Яе адчуваюць многія людзі. І такога роду праказа не менш балючая. Маю на ўвазе несправядлівасць, з якой мы часам асуджаем іншых людзей. Не кажу канкрэтна, але агульна. Часам чалавек, якога мы недаацэньваем або адчуваем па якойсьці прычыне да яго антыпатыю, становіцца для нас аб'ектам асуджэння ці крытыкі. Часцей за ўсё падобнае асуджэнне адбываецца за спіной у форме разнастайных плётак, а бывае і яўна ў вочы. І бывае так, што такі чалавек, можа, справядліва, а можа, нясправядліва асуджаны, пачынае сябе адчуваць ізаляваным ад іншых, высмеяным і замест доўгачаканай павагі яму прыходзіцца каштаваць горыч знявагі і неразумення з боку іншых. Чым не падобная сітуацыя да той, што ў сённяшнім Евангеллі?
Дарагія! Варта прыслухацца да Божага слова, пачутага сёння, і прыняць яго ў сэрца, каб агледзецца вакол сябе і пастарацца ўбачыць, ці выпадкова з-за мяне хтосьці не стаў такім «пракажоным». Ці я ў сваёй праведнасці не адштурхнуў кагосьці, хто не ўпісваўся ў мае рамкі, хто меў нейкія іншыя погляды, адрозныя ад маіх? Нашае заданне, як паслядоўнікаў Хрыста, удасканальвацца ва ўзаемнай любові, а гэта перш за ўсё азначае быць здольным зразумець чалавека, які, можа, і вельмі адрозніваецца ад мяне. Святы Павел, як чуем, дакарае карынцянаў у пасланні, звернутым да іх: «Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага...» Мы ж гэтыя словы можам прыняць і ў свой адрас, калі патрактуем іх як заклік да разумення іншага чалавека, да прыняцця яго такім, якім ён ёсць.
Хрыстус дасканала ведаў увесь драматызм чалавека, якога спаткала хвароба праказы. Ён таксама ведаў увесь боль пакінутасці гэтых людзей, бо сам неаднаразова спазнаваў падобнае. Езус быў здольны па-сапраўднаму ім спачуваць. Але таксама як Божы Сын Ён меў магчымасць ім дапамагчы. Таму сёння мы становімся сведкамі таго, як Езус аздаравіў пракажонага. Калі хочаш, можаш мяне ачысціць, — прасіў хворы. На што Езус, доўга не думаючы, адказаў: Хачу! Будзь ачышчаны! Якія мы можам з гэтага зрабіць высновы, дарагія браты і сёстры? Нельга адштурхоўваць ад сябе тых, хто, паводле нашых нормаў і правілаў, не такі, а крыху іншы. Важна быць здольным аказаць міласэрнасць, а не крытыку і папрок. Езус сёння нас вучыць, каб мы аказвалі большае разуменне і павагу да бліжняга. Бо часам мы самі не заўважаем, што аб'ектыўна можам быць больш падобныя да тых «пракажоных», чым іншыя, аб якіх так мяркуем.
Умілаваныя браты і сёстры! Езус Хрыстус сёння ўказвае на асаблівую годнасць кожнага чалавека. Гэтая годнасць праяўляецца ў тым, што Ён цэніць пракажонага гэтак жа, як і іншага, здаровага чалавека. І таму вяртае яму здароўе, каб паказаць, што ў Божых вачах усе аднолькавыя. Гэта ў грамадстве існуюць шматлікія падзелы, саслоўі, касты, кааліцыі, але для Бога няма ніякіх падзелаў. Да кожнага чалавека Бог ставіцца з павагай. І сённяшняе Божае слова асабліва сведчыць пра гэта, падкрэсліваючы, што Езус жадае, каб асабліва мы, хрысціяне, зразумелі гэтую праўду, а зразумеўшы, данеслі яе ўсяму свету, на сваім асабістым вопыце. Амэн.