Пошук

16.12.2017 09:07   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім»

Дарагія браты і сёстры!

Хутка прамінае адвэнтавы час малітвы і чування, калі мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння. Магчыма, ужо загадзя мы плануем, як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята, што застаецца яшчэ купіць, што нам трэба наладзіць, каго запрасіць на святы і што зрабіць, каб сёлетняе Божае Наражэнне было асаблівым і непаўторным.

Аднак, хоць нашыя штодзённыя справы вельмі важныя і нельга іх ігнараваць, не менш важным у нашай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння з'яўляецца клопат аб духоўнай сферы нашага жыцця. Бо калі нават усё, што трэба, будзем мець на стале ў гэтыя святы, калі шмат родных і сяброў збяруцца разам з намі і ў нашай святочнай грамадзе будзе панаваць вясёлы настрой, то раней ці пазней мы пачнём адчуваць, што нам чагосьці не хапае; унутры нас будзе нейкі вакуум, пустата ў душы, калі мы адпаведна не паклапоцімся, каб яе напоўніць Божай ласкай.

Трэцяя нядзеля Адвэнту, якая называецца «Нядзеля Gaudete», характарызуецца асаблівым радаcным настроем, і гэта выражана ў выкарыстанні ружовага колеру ў літургіі. Сімвалізуе гэты колер радасць чакання нараджэння Месіі – Збаўцы і Валадара. Радасць, якой папярэднічае гармонія і супакой, – гэта адметнасць Божага Валадарства, да якога мы пакліканы і якое пачынаецца ўжо тут, сярод нас.

Дарагія! Сёння літургія Божага слова заклікае нас прыслухацца да сведчання Яна Хрысціцеля ў Евангеллі. На пастаўленыя пытанні ён адназначна адказвае, што не з'яўляецца ані Месіяй, ані Іллёй, ані прарокам. Чаму ён так сцвярджае? Зразумела, што Ян Хрысціцель не Месія, але ў нейкім сэнсе яго можна назваць Іллёй або прарокам. Нават сам Езус яго так называў. Чаму ж Ян так сціпла сябе паводзіць?

Асноўным матывам такой сціпласці з'яўляецца вялікая пакора апошняга прарока Старога Запавету. Ён усведамляе, Каму рыхтуе шлях і Хто неўзабаве павінен прыйсці і прыняць ад яго хрост. Перад Езусам Хрыстом Ян упакорвае сябе да такой ступені, што нават не варты развязаць раменьчыка на Яго сандалях. Звычайна нявольнікі ці слугі маглі развязваць абутак сваіх гаспадароў і вяльможаў, а Ян Хрысціцель кажа, што ён нават гэтага не варты. А калі Езус прыходзіць да Яна прымаць хрост у Ярдане, то Ян Яго ўтрымлівае нейкі час, кажучы: гэта я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне... Як бачым, пакора – гэта найбольшае сведчанне Яна Хрысціцеля, якое прамаўляе само за сябе. Адначасова гэтая незвычайная пакора Яна паказвае веліч Месіі, які пасланы да свайго народу і ў перспектыве да ўсіх народаў свету.

Умілаваныя! Яшчэ адно сведчанне, на якое хачу звярнуць увагу — гэта словы прароцтва, якія мы чулі ў першым чытанні. Дух Пана Бога на Мне. Гэтыя словы некалі прамовіў Езус Хрыстус, калі быў у родным Назарэце, сярод сваіх землякоў, і ўрачыста прачытаў у сінагозе пададзены Яму світак прарока Ісаі. Гэтым самым Езус выразна падкрэсліў сваю місію, а таксама пацвердзіў праўдамоўнасць Святога Пісання, кажучы, што споўніліся сёння пачутыя вамі словы. Езус дае сведчанне, што Дух Бога на Ім, што Ягоная місія, аб якой напісана ў кнізе Ісаі, – гэта быць пасланым да ўбогіх і змучаных сэрцаў, каб перавязаць іх раны, каб вызваліць палонных і даць свабоду вязням.

Інакш кажучы, Хрыстус дэкларуе сваё заданне, якое Ён прыйшоў выканаць, каб вызваліць грэшнага чалавека з няволі граху і адарыць свабодаю Божых дзяцей. Таму ў іншым месцы Хрыстус скажа фарысеям, што Ён прыйшоў у гэты свет не дзеля справядлівых, але дзеля грэшнікаў, ці таксама «не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя».

Справа ў тым, што вялікая колькасць сучаснікаў Езуса Хрыста была проста пакінута на волю лёсу. Яны не ўпісваліся ў звычайныя стандартныя рамкі грамадства, і таму аб іх ніхто не клапаціўся і лёс іх нікога не цікавіў. Фарысеі, кніжнікі і іншыя лідары ізраэльскага народу лічылі сябе праведнікамі і стваралі пэўны шаблон для грамадства, яны ў нейкім сэнсе дыктавалі стыль жыцця, які павінна было прыняць грамадства. Калі хтосьці не ўпісваўся ў гэтыя рамкі, то настаўнікі Выбранага народу, можна сказаць, не лічылі іх за людзей. І тут прыходзіць Езус, які есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі. Можам сабе ўявіць тое абурэнне, зайздрасць і злосць, якія панавалі ў коле фарысеяў і да іх падобных.

Але, зноў жа, Езус робіць гэта не дзеля таго, каб паказаць, што не маюць сэнсу тыя рамкі, устаноўленыя ізраэльскімі аўтарытэтнымі асобамі, але каб паказаць, што іх адносіны да людзей няправільныя. Яны не лічуцца з людзьмі, якія, можа, па прычыне іх зацвярдзелага сэрца зышлі з простай дарогі Божага закону. І Езус прыйшоў асабліва да гэтых бедных пакінутых людзей, каб яны адчулі, што Богам не пакінуты. Можа, юдэйскія прадпісанні прадугледжвалі для гэтых грэшных людзей суровыя пакаранні, можа, нават выключалі іх з супольнасці верных, аднак Бог у сваёй любові не ігнараваў такіх людзей, бо Ён не зважае на асобы, але шукае кожнага, хто заблукаў.

Дарагія браты і сёстры! Сведчанне, якое дае Езус, – гэта сведчанне радасці: Дух Пана Бога на Мне. Гэта значыць, што я, бедны грэшнік, маю магчымасць атрымаць тую свабоду і вызваленне, якое прыносіць Езус. Гэта значыць, што Езус пасланы і да мяне, канкрэтна ў маё жыццё, у мае праблемы, у мае няўдачы, у маю асаблівую жыццёвую сітуацыю. Для чаго? Каб нагадаць мне, што я не адзін у сваіх праблемах, што гэтыя цяжкасці мне патрэбныя, каб я станавіўся больш сталым хрысціянінам, каб мая любоў да Бога і бліжняга праз гэтыя цяжкасці ачышчалася і павялічвалася, а мой эгаізм памяншаўся.

І ўрэшце, Езус прыходзіць, каб падбадзёрыць мяне ў дарозе да збаўлення. Каб я, прайшоўшы ўсю пілігрымку свайго жыцця, мог далучыцца да трыўмфуючага Касцёла, да шчаслівай вечнасці, да радасці ў Божым Валадарстве. І гэтая радасць асаблівым чынам прысутнічае ў літургіі, якую Касцёл здзяйсняе ў гэты перыяд Адвэнту: радасць ад прыйсця Хрыста ў маё жыццё яшчэ раз.

І хоць, можа, нам, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, праз нейкую гадзінку прыдзецца вярнуцца дадому і зноў акунуцца ў шэраг праблем і заданняў, якія пастаўлены перад намі, аднак цяпло Божага слова, яго глыбокая радасць і супакой здольныя нашай шэрай штодзённасці надаць адпаведны колер і тон. І ў гэтым адвэнтавым чаканні няхай наш настрой і наш дух будзе бадзёры і радасны, нягледзячы ні на што. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця