«Чувайце і будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце».
Дарагія браты і сёстры!
Калі мы ўважліва слухалі чытанні, якія нам сёння прапануе літургія слова, то, напэўна, заўважылі, што асаблівая ўвага звернута на Божы дар, якім з'яўляецца мудрасць.
Чытанне са Старога Запавету надае мудрасці нават чалавечыя рысы: «Яна спяшаецца да тых, хто яе прагне; бо яна сама ходзіць навокал, шукаючы годных яе». Чытаючы Евангелле, заўважаем таксама вобраз пяці мудрых паннаў і пяці неразумных. Давайце разам крыху паразважаем над мудрасцю ў нашым жыцці.
Умілаваныя! Кожны чалавек з цягам часу набірае жыццёвы досвед, становіцца вопытным, а гэты працэс пачынаецца з моманту, калі чалавек прыходзіць у свет. Свой жыццёвы вопыт мы пачынаем набіраць, гледзячы на жыццё сваіх найбліжэйшых, беручы прыклад са сваёй сям'і.
Бацька і маці, якія хочуць, каб іх дзіця было шчаслівым, каб добра расло, развівалася, набірала жыццёвага вопыту, вучылася чамусьці добраму ў жыцці, імкнуцца адарыць яго шчырай любоўю, любоўю бескарыслівай, а таксама імкнуцца добра выхаваць сваё дзіця. Потым надыходзіць момант, калі дзіця падрастае, ідзе ў школу: гэта чарговы этап у жыцці чалавека, які пачынае спазнаваць іншую атмасферу – да гэтага ён быў больш з бацькамі, а зараз знаходзіцца ў класе, дзе трэба ўважліва слухаць настаўніка, быць дысцыплінаваным, выконваць дамашняе заданне і г. д. Ужо ад дзіцяці штосьці патрабуецца.
У гэты час вельмі важнай з'яўляецца дзейнасць настаўнікаў, бо яны не толькі перадаюць вучням веды, але і дапамагаюць адкрываць у іх уласныя зацікаўленасці і таленты. Усё гэта дапамагае маладому чалавеку здабываць мудрасць у сваім жыцці
Сёння малады чалавек, жыццё якога перапоўнена навукай у школе, напэўна, неаднаразова задае сабе пытанне: ці ўсе гэтыя веды, якія ён набывае ў школе ці ў ВНУ, дапамогуць яму ў будучыні? Безумоўна, кожны малады чалавек з надзеяй глядзіць у будучыню, жадаючы ў перспектыве выконваць любімую працу або ў поўнай меры рэалізаваць свае здольнасці ў той ці іншай сферы і, канешне, атрымоўваць добрую матэрыяльную базу. Трэба адзначыць, што нашыя планы адносна самарэалізацыі ў будучыні мы злучаем з матэрыяльнымі дабротамі, бо яны перад намі адкрываюць яшчэ больш магчымасцяў.
Чалавек веруючы ідзе яшчэ далей. Для яго ўласцівы такі ж самы погляд, толькі розніца ў тым, што сваё жыццё ён будуе на хрысціянскіх вартасцях, не канцэнтруецца канчаткова толькі на матэрыяльных дабротах, але ў гэтым жыцці бачыць іншыя перспектывы і мэты – больш трывалыя і непрамінальныя.
Сённяшнія чытанні скіроўваюць наш позірк у бок шукання мудрасці. А яе можа знайсці толькі той, хто яе шукае. І тады ў нас можа з'явіцца наступнае пытанне: дзе і як шукаць гэтую мудрасць? На шчасце, у нас ёсць усё неабходнае для таго, каб знайсці мудрасць у сваім жыцці. Перадусім кожны з нас мае розум і свабодную волю – гэта асноўныя інструменты ў пошуках мудрасці. Дзякуючы розуму і волі мы выдатна можам арыентавацца ў жыцці, рабіць высновы, вучыцца на памылках і вучыцца, як гэтых памылак пазбягаць. Інакш кажучы, для гэтай справы неабходныя сродкі мае кожны.
У святле нашай веры мы адкрываем, што мудрасць – гэта ў першую чаргу гатоўнасць пайсці за Хрыстом у кожную хвіліну свайго жыцця. Мы гэта ведаем, мы імкнёмся сустракацца з Хрыстом у нашай асабістай малітве, падчас святой Імшы. Аднак бываюць моманты, калі мы духоўна слабеем і гэты кантакт з Хрыстом у нашым жыцці становіцца меншы, па прычыне нашай абыякавасці, па прычыне празмернага клопату аб матэрыяльных дабротах мы пачынаем адыходзіць ад той руплівасці, якую мелі на пачатку.
Хрыстус сёння ў Евангеллі заклікае нас да чування і да вернасці Яму ў кожны момант нашага жыцця. Мы не ведаем ні часу, ні гадзіны, таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Хрыстом. Паглядзіце на пяць неразумных паннаў з сённяшняй прыпавесці: хоць яны і мелі пры сабе светачы, але, паколькі не хапіла алею, не маглі выкарыстоўваць іх. І адбылося гэта ў такі нязручны момант, а менавіта калі прыйшоў жаніх, – яны замест святла радасці аказаліся ў цемры роспачы.
Калі мы пастараемся перакласці гэты вобраз на нашую рэчаіснасць, то перш за ўсё ён азначае нашую адказнасць за развіццё талентаў і дароў, якія мы атрымалі ад Бога. Гэта і ёсць той алей, які дае святло. Бо ва ўсіх нас ёсць светачы, толькі пытанне, ці гэтыя светачы будуць асвятляць нашую жыццёвую дарогу, ці будзе ў іх дастаткова колькасці алею, каб нам не апынуцца ў цемры. У гэтым нам можа выдатна дапамагчы мудрасць. Яна не дазволіць, каб алей у нашых светачах вычарпаўся.
Якая яшчэ вельмі важная роля мудрасці? Сёння мы заўважаем, як часцей і часцей нас паглынае лавіна інфармацыі. Яе столькі шмат, што цяжка бывае ў ёй разабрацца, можна згубіцца ў мностве розных рэчаў, навін, дыскусій і г. д. Для таго, каб нашая свядомасць развівалася, а не гублялася ў гэтай інфармацыі, належыць умела распазнаваць і выбіраць для сябе толькі тое, што карыснае, каштоўнае і мае добры ўплыў на нашую асобу, на нашае гарманічнае развіццё.
Кіно, тэлебачанне, інтэрнэт, радыё, часопісы, музыка, літаратура, мастацтва – усё гэта, безумоўна, здольна нас узбагаціць, але толькі ў тым выпадку, калі мы для сябе робім патрэбную селекцыю гэтай інфармацыі. Бо інакш, калі мы інфармацыю будзем успрымаць хаатычна, без выбару, то ўплыў сучаснай інфармацыі можа мець для нас дэструктыўны характар. Яна можа пашкодзіць нашаму развіццю. Таму ў гэтай справе патрэбна мудрасць і разважлівасць, каб мы не згубіліся, не страцілі арыенцір, але ішлі ў правільным накірунку.
Памятайма, дарагія браты і сёстры, што Хрыстус нас кліча, каб мы дапамагалі здабываць мудрасць як для сябе, так і для іншых. У сваёй навуцы Езус адкрывае нам праўду аб чалавеку і дае наказ, як гэтай праўдай жыць, куды імкнуцца. Калі мы ўсім сэрцам і розумам далучымся да Хрыста, то зможам разам з Ім быць надзейнымі арыенцірамі мудрасці і жыццёвага вопыту для іншых.
Мудрасць у сваёй сутнасці не з'яўляецца прадметам пахвалы, але абавязвае да служэння. Што казаў Езус сваім апосталам: «Я прыйшоў не для таго, каб Мне служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх». Дар мудрасці дазваляе нам перамагчы ўласны эгаізм і з любоўю выйсці насустрач бліжнім, якія патрабуюць маёй асобы, майго сэрца. Бог выходзіць з вялікай любоўю да чалавека, і той, хто мае мудрасць, здольны гэта заўважыць і прыняць любоў да свайго сэрца, бо толькі так можна перамяніць гэты свет, каб святло веры дайшло да ўсіх яго куткоў.
Дарагія! Мудрасць – гэта штосьці большае, чым атэстат, чым дыплом вышэйшай навучальнай установы. Можна быць прафесарам, кандыдатам навук і адначасова быць неразважлівым, пазбаўленым дару мудрасці; а можна быць звычайным простым селянінам і мець незвычайную жыццёвую мудрасць і вопыт.
Так ці інакш, Бог жадае, каб мы былі мудрымі, каб шукалі мудрасць у сваім жыцці. Таму з даверам просім сёння аб гэтым каштоўным дары для кожнага з нас. Каб нашыя светачы веры заўсёды былі запалены. Амэн.