Пошук

21.10.2017 12:15   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».

Дарагія браты і сёстры!

Паслухайце, які мудры адказ дае сёння Езус вучням фарысеяў разам з палітычнай суполкай Ірада, якія пытаюцца ў Яго, належыць даваць падатак цэзару ці не.

Як вы ўжо здагадаліся, гэта не было звычайнае пытанне, адказ на якое не быў вядомы. Мэтай гэтага дзіўнага запытання было нават не столькі імкненне выпрабаваць Езуса Хрыста, колькі паставіць Яго у сітуацыі паміж молатам і кавадлам.

Калі Езус адкажа “так”, вучні фарысеяў абвінавацяць Яго ў супрацоўніцтве з рымскімі акупантамі, і ў гэты момант Езус можа згубіць прыхільнасць і давер народа. Калі адкажа “не” - зграя Ірада скажа, што Ён хоча паспрыяць палітычнаму перавароту, бо не шануе ўлады цэзара. Вось на першы момант класічная сітуацыя, якую, гледзячы па-чалавечы, можна назваць тупіковай. Аднак глядзіце, што адбываецца далей.

Мудры Настаўнік з Назарэта добра ведае сэрцы тых, хто да Яго звяртаецца, ведае, чаго яны хочуць дамагчыся праз сваё пытанне, таму просіць іх, каб паказалі сярэбраную манету, якая звычайна служыла падаткам, а потым адказвае ім класічна па-габрэйску – пытаннем на пытанне, кажучы, чыя гэта выява і надпіс. Яны адказваюць, што цэзара. І тады Езус дае адказ, якога ніхто не чакаў: ані вучні фарысеяў, ані прыхільнікі Ірада. Аддайце — кажа Ён, — цэзарава цэзару, а Божае – Богу!

У гэтым простым адказе Езуса можна ўбачыць, што найбольш важнае для кожнага чалавека: аддаць Богу тое, што здаўна належала Яму. Як на рымскай манеце была выява цэзара, так у сэрцы кожнага чалавека ёсць выява вобразу і падабенства Бога: бо на свой вобраз Ён нас стварыў. А паколькі мы належым Богу, то нам трэба да Яго вярнуцца. Таму самым важным у жыцці з'яўляецца не адданне цэзару падаткаў, але адданне Богу ўласнага жыцця і сэрца, — вось гэта з'яўляецца больш важным.

Як нам, дарагія браты і сёстры, успрымаць гэты адказ Езуса? Як жыць гэтымі словамі, бо і да нас, людзей сённяшняй эпохі, звернуты гэтыя словы. Перадусім словы Езуса, Яго заахвочванне, належыць разумець як заклік да адказнасці за асяроддзе, у якім мы жывём, адказнасць за нашыя адносіны да іншых людзей, з якімі сустракаемся, супрацоўнічаем, будуем агульную сучаснасць. Праз гэтыя словы з Евангелля Езус жадае, каб мы, людзі ХХІ стагоддзя, выконваючы свае абавязкі і працу, удасканальвалі сваё жыццё і ўсё ў гэтым жыцці выконвалі з любоўю, служачы шчыра Яму ў сваіх братах і сёстрах, каб праз наша служэнне грамадства, у якім мы жывём, магло адпавядаць Божай задуме.

Дарагія браты і сёстры, яшчэ адзін момант з Евангелля, на які варта звярнуць увагу. Вучні фарысеяў і прыхільнікі Ірада перад тым, як запытацца ў Езуса, ілжыва хваляць Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека». Праціўнікі Хрыста сцвярджаюць, што Яго словы годныя веры, што Езус вучыць праўдзе, вучыць таму, што найважнейшае ў жыцці чалавека. Па іх словах, Ён з'яўляецца справядлівым і мудрым, які ставіцца да іншых, не зважаючы на тое, багаты чалавек ці бедны, займае нейкую пасаду ці гэта звычайны просты грамадзянін. Яны рашуча сцвярджаюць, што Езус паступае справядліва ў адносінах да кожнага чалавека і вучыць Божай праўдзе.

Толькі вось што цікавае: навошта было гэтае лірычнае адступленне перад крывадушным пытаннем адносна падаткаў цэзару? Напэўна, пахвала была няшчырай, бо яны сведчылі пра Езуса перад сабраным народам, які Яго лічыў настаўнікам і мудрацом. Напэўна, фарысеі Яго такім не лічылі, але вызналі гэта перад людзьмі, каб хітрым чынам прынізіць Езуса, задаючы крывадушнае пытанне, каб стварыць перад народам рэзананс небывалай дагэтуль велічыні. Тым больш што Езус неаднойчы казаў пра сябе, што Ён з'яўляецца праўдай, а ў недалёкай будучыні вызнае перад Пілатам: «Я дзеля гэтага нарадзіўся і прыйшоў у свет, каб даць сведчанне праўдзе». Вось гэта і была адна з зачэпак для праціўнікаў Езуса.

Сённяшні ўрывак з Евангелля, над якім разважаем, набліжае нас да падзеяў мукі Езуса Хрыста. Гэтыя апошнія падзеі пачынаюцца з моманту, калі Езус у слушным гневе выгнаў са святыні гандляроў. Тады здзіўленыя першасвятары і старэйшыны пыталіся ў Яго, якім правам Ён гэта ўчыніў і хто Яму даў такую ўладу. Езус тады не збянтэжыўся, а задаў ім сустрэчнае пытанне: адкуль, на вашу думку, паходзіць Янаў хрост – з неба ці ад людзей? Паколькі старэйшыны адказалі «не ведаем», то і Езус ім адказаў, што не скажа, якой уладаю гэта робіць.

Фарысеі і старэйшыны не хацелі стаць у праўдзе і прызнацца ва ўсіх сваіх памылках. Вось чаму Езус скіроўвае да іх і да сабранага народа прыпавесць аб двух сынах, адзін з якіх адказаў айцу «так» і не выканаў яго волю, а другі адмовіў, а потым, адумаўшыся, выканаў сваё заданне. І падагульніў гэтую прыпавесць моцным і зразумелым для ўсіх сцвярджэннем: «мытнікі і грэшнікі ўваходзяць перад вамі ў Валадарства Нябеснае, бо яны, слухаючы Яна Хрысціцеля, навярнуліся, а вы, бачачы гэта, нават і не апамяталіся, каб яму паверыць».

А паколькі і гэтых моцных словаў было мала, Езус апавядае прыпавесць аб злых вінаградарах. Яна змяшчала ў сабе ўсю гісторыю ізраэльскага народа, асабліва драматычныя моманты гэтай гісторыі. Езус кажа, што гэтыя ліхія вінаградары не толькі ігнаруюць волю гаспадара вінаградніку, але нават б’юць і забіваюць тых слугаў, якія пасланы, каб узяць належны плён. Напрыканцы забіваюць нават і сына. Вядома, што гаспадаром вінаградніку ў гэтай прыпавесці з'яўляецца Бог, а слугамі – Яго прарокі, якіх Ён пасылаў да свайго нявернага народа. Фарысеі і святары выдатна зразумелі, што гэта пра іх Езус казаў, таму стараліся Яго схапіць, знішчыць, прынізіць, адпомсціць... І спробай гэта зрабіць з'яўляецца сённяшняе пытанне, звернутае да Езуса, якое мы чуем у гэтым урыўку Евангелля.

Такія паводзіны фарысеяў тлумачыліся тым, што яны не жылі ў праўдзе. Яны для сябе стварылі свой свет, дзе ім было выгодна. Яны не маглі ў свой свет прыняць нейкага Божага Месію, бо інакш абрушыўся б гэты іх свет. А фарысеі баяліся згубіць свой прэстыж, бо іх паўсюдна шанавалі, людзі схілялі перад імі галовы. Старэйшыны і настаўнікі Ізраэля, як правіла, займалі высокія пасады ў грамадстве, хадзілі ў доўгай прыгожай вопратцы, якую пашыралі і ўзбагачалі, каб праз гэта іх шанавалі яшчэ больш. А Езуса яны баяліся, страшна баяліся і ненавідзелі, таму што Ён казаў пра іх праўду, таму што паказваў людзям, якія яны ёсць на самой справе: пераважна хлусы і крывадушнікі. Вось чаму яны былі здольныя на ўсё, каб толькі нічога звонку не пагражала іх стылю жыцця: хлусні, падману і кравадушніцтву.

Умілаваныя! Як жа часта мы становімся падобнымі да гэтых фарысеяў, асабліва калі хтосьці робіць нам слушную заўвагу і нам бывае цяжка гэтую заўвагу спакойна прыняць. Мы пачынаем агрэсіўна сябе паводзіць, замест таго, каб больш уважліва прыслухацца і паразважаць над тым, што нам кажуць. Справа ў тым, што, калі грэх укараняецца, калі мы перастаём змагацца з ім, то нам цяжка прымаць праўду. Мы прывыкаем да свайго стылю жыцця, падобна як прывыклі фарысеі. Праз грэх, дарагія браты і сёстры, мы таксама ствараем свой свет, які ізаляваны ад дзейнасці Божай ласкі. А гэта значыць, што мы не згодныя прыняць Праўду, бо яна не адпавядае нашаму стылю жыцця.

Дарагія! Калі мы не жывём у праўдзе, то мы нявольнікі. А Хрыстус кажа: пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць! Таму аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу. Амэн.

Абноўлена 03.10.2020 22:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця