Дарагія браты і сёстры! Навяртанне не значыць, што мы ўжо перастанем грашыць, што спыняцца нашыя дрэнныя звычкі, грахі, людская слабасць. Можа, гучыць гэта не зусім аптымістычна, але ў нашым жыцці схільнасць да граху не знікне. Толькі гэта не прычына, каб расчароўвацца ці знеахвочвацца.
«Пан верны ва ўсіх сваіх словах і святы ва ўсіх сваіх справах»
Дарагія браты і сёстры!
Калі прыслухаемся ўважліва да сённяшняга Божага слова, то можам выразна пачуць запрашэнне Езуса, каб мы ў Ім знайшлі супакой для сваіх сэрцаў. «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас». Як нам разумець гэтыя словы? Езус нас запрашае да ўнутранай свабоды, да такой паставы сэрца, якая дазваляе нам пачуць Яго голас сярод мноства іншых галасоў.
Выбар такой паставы звязаны часта з пэўнымі перажываннямі, досведам цярпення, непаразуменнем з боку іншых людзей. Менавіта таму Хрыстус кажа: «Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых» Толькі той чалавек, які па-сапраўднаму слухае, прыслухоўваецца да голасу Пана, можа здабыць супакой для свайго сэрца і свет для Хрыста. Так рабілі сапраўдныя вучні Езуса: яны моцаю Божага Слова прыцягвалі людзей, ядналі іх з Богам. Бо яны добра зразумелі, што ярмо Хрыстовае любае і цяжар Яго лёгкі.
Дарагія! Езус распачынае сваю настаўніцкую дзейнасць пасля таго, як хапаюць і садзяць у вязніцу Яна Хрысціцеля. Ад гэтага моманту распачынаецца новая эпоха – эпоха рэалізацыі збаўлення, аб якім Бог абвяшчаў свайму народу праз прарокаў. Зрэшты, сённяшняе першае чытанне з кнігі прарока Захарыі распавядае аб уваходзе караля да Ерузалему: справядлівага, збаўчага і пакорнага, які едзе на асляняці. Ведаем, што гэта прароцтва аб Езусе – якое распазналі многія, праз што ўбачылі Месію-Збавіцеля. Такім чынам распачаўся новы этап у гісторыі збаўлення. Бо раней вестунамі Божага слова былі прарокі. Зараз сам Бог асабіста бярэ гэтую справу ў свае рукі, а дакладней кажучы, свае словы ўкладае ў вусны свайго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста. Калі Езус штосьці прамаўляе – то прамаўляе Бог Айцец праз Яго.
Езус вельмі часта казаў аб надыходзе Божага валадарства. Той, хто чакаў Яго надыходу ў выглядзе нейкіх незвычайных здарэнняў ці з'яваў, такіх, напрыклад, як Анёльскія войскі, моцныя землятрусы, агонь з неба, нічога падобнага не ўбачыў. Напэўна, многія расчараваліся, бо не дачакаліся таго, што хацелі. Толькі тыя, хто меў адкрытае сэрца і вушы, каб пачуць і прыняць Божае слова, тое слова якое абвяшчалі прарокі, і якое было запісана ў Святым Пісанні, усе тыя Божыя абяцанні, дадзеныя ад старажытных часоў; той, хто быў здольны гэта ўспрыняць, напаўняўся радасцю, надзеяй і супакоем.
Таму сёння ў Евангеллі чуем як праслаўляючы свайго Айца Езус кажа: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям». Па-іншаму адкрыў гэта тым, хто прагнуў пачуць Божыя словы, хто па-дзіцячы, з моцным даверам і чыстым сэрцам, прыслухоўваўся да словаў, якія казаў Езус. Гэта было адкрыта тым, хто імкнуўся пазнаць Бога ў сваім жыцці, а не выкарыстаць Яго для сваіх мэтаў і памкненняў.
Езус абвяшчаў менавіта тую навуку, тыя словы, якія датычылі Божых абяцанняў. Езус навучаў, засноўваючыся на тым, што калісьці прамаўлялі прарокі, і, абапіраючыся на аўтарытэт Бога, Ён казаў аб надыходзе часу збаўлення. Вось час, які мы прагнем.
Вось дзень збаўлення. Менавіта ў гэтым сэнсе належыць разумець тое, што абвяшчаў Божы Сын на самым пачатку – Божае Евангелле. Само слова Евангелле мае два значэнні. Першае – гэта Добрая Навіна. Даслоўнае тлумачэнне з грэчаскай мовы. І гэтая Добрая Навіна мае такі асноўны змест: Бог так моцна палюбіў людзей, што спаслаў ім свайго Сына, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў вечнае жыццё.
Напэўна, гэтыя словы Добрай Навіны мы чулі неаднойчы і для нас яны не з’яўляюцца чымсьці новым, бо, напэўна, мы іх чулі неаднаразова, або самастойна чыталі ў Святым Пісанні. Самае важнае, каб мы былі здольныя зразумець гэтыя словы. Калі мы настроены на слуханне Божага слова, калі ў сваім сэрцы, падобна як прарок Самуэль, кажам: «Прамаўляй да мяне Пане», – бо слуга твой слухае, тады гэтыя словы прабіваюцца праз сцяну нашай абыякавасці і трапляюць да сэрца, тады нас асвятляе бляск і цяпло надзеі, якім ззяюць гэтыя словы.
Бог нас любіць. Нягледзячы на нашу грэшнасць, абыякавасць, гнеў, зайздрасць, нецярплівасць, крывадушніцтва… Нягледзячы на ўсё гэта Бог нас любіць і хоча нам даць вечнае жыццё. Менавіта таму Бог спаслаў свайго Сына, каб Ён праз смерць на крыжы знішчыў нашую смерць, якую мы заслугоўвалі. Вось гэта і ёсць Добрая Навіна – Евангелле. Канешне, калі толькі мы здольны прыняць збаўчы сэнс гэтага Евангелля. Калі хочам слухаць, а не крытыкаваць Божае слова. Калі хочам прыняць і рэалізаваць у сваім жыцці.
Вось напрыклад: хтосьці добра ведае медыцыну, розныя лекі, ведае, калі і якія лекі прымаць пры той ці іншай хваробе. Але, дарагія браты і сёстры, калі заіснавала неабходнасць лячэння і мы не будзем прымаць патрэбны лек, то дарэмныя ўсе гэтыя медыцынскія веды. Так яны ведамі і застануцца і не прынясуць нам ніякай карысці, не дапамогуць нам вылечыцца. Так і Божае слова не зможа прынесці плён у нашых сэрцах, калі яны будуць замкнёныя.
Вось у другім значэнні Евангелле з’яўляецца назвай чатырох кніг, сабраных у Новым Запавеце, якія расказваюць пра жыццё, словы і справы Езуса Хрыста. Напэўна, добра гэта ведаем, нават шмат хто з вас можа пералічыць аўтараў гэтых чатырох кніг: Марк, Мацвей, Лука і Ян. Толькі для збаўлення гэта не столькі важна. Для нас самае галоўнае –гэта Евангелле ў першым значэнні: як Добрая Навіна, якую кожны з нас можа прымаць і рэалізоўваць у сваім жыцці. Інакш дар збаўлення пройдзе міма нас. А вельмі шкада, калі так будзе.
Вы, напэўна, запытаецеся: як прымаць гэтае Евангелле? Адказ адназначны: праз шчырае навяртанне і веру. Толькі гэта не такое навяртанне як мы часам кажам падчас споведзі: ну, паспрабую выправіцца, абяцаю паправіцца. Сапраўднае навяртанне – гэта не толькі абяцанне, што не буду рабіць нейкі грэх, а поўная змена майго накірунку жыцця.
Дарагія браты і сёстры! Навяртанне не значыць, што мы ўжо перастанем грашыць, што спыняцца нашыя дрэнныя звычкі, грахі, людская слабасць. Можа, гучыць гэта не зусім аптымістычна, але ў нашым жыцці схільнасць да граху не знікне. Толькі гэта не прычына, каб расчароўвацца ці знеахвочвацца. Больш важна іншае, каб мы ўсвядомілі сабе сваю людскую слабасць і грахоўнасць і стараліся змагацца з грахамі настолькі, наколькі гэта магчыма.
Лек на кожны наш грэх – гэта Божая міласэрнасць і прабачэнне. Вера – гэта калі мы ўсяго сябе, усё сваё жыццё аддаём ў рукі Богу, нават свае слабасці і грахі. Зрэшты Езус добра нас ведае, лепш, чым мы самі, і скіроўвае да нас словы запрашэння: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя». Ён як бы кажа нам: «Прыйдзіце да мяне ўсе, са сваімі цяжарамі, грахамі і слабасцямі, а Я вас ачышчу і ўмацую. Бо Мая міласэрнасць мацнейшая за ўсялякі ваш грэх! Паверце ў Божую любоў і прыміце збаўленне, якое Я вам прыношу. Ідзіце за мною!»
А практычнай ілюстрацыяй сапраўднай веры з'яўляецца пакліканне першых вучняў, якія былі простымі людзьмі, рыбакамі. Яны пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам, прысвяціўшы Яму ўсё сваё жыццё. Яны ад таго моманту, калі іх паклікаў Езус, поўнасцю змянілі накірунак свайго жыцця. Канешне, часамі вучні лавілі сеткамі рыбу, але рыбакамі, такімі як калісьці, яны ўжо не былі. Дакладней кажучы, былі рыбакамі, але рыбакамі людзей. І мэта іх жыцця сур’ёзна адрознівалася ад той, якую яны калісьці мелі. Ад таго моманту, калі іх паклікаў Езус, мэтай для іх было наследваць Хрыста, быць верным Яго вучнем. А якія мэты мы ставім перад сабою ў нашым жыцці? Амэн.