1 чыт. Ер 38, 4-6. 8-10; Пс 40 (39), 2-3. 4. 18.
Невядомая ізраільская дзяўчынка напісала наступны верш:
У мяне была каробка фарбаў
Яркіх, жывых і смелых;
У мяне была каробка фарбаў
Цёплых і вельмі халодных.
Не было ў мяне чырвонай для крыві ран,
Не было чорнай для плачу сірот,
Не было белай для рук і для твару мёртвых,
Не было жоўтай для гарачага пяску.
Але была ў мяне аранжавая для радасці жыцця
І зялёная для пупышак і гнёздаў
І блакітная для прамяніста-яснага неба, і ружовая для сноў і адпачынку.
Я села
І малявала карціну
«Мір».
Таксама верш, прысвечаны федаінам — палесцінскім байцам — з’яўляецца рэхам з іншага берагу:
Наша маладое «заўтра», наша будучыня,
Дай зразумець таму, хто нас б’е пугай,
Што значыць дрыжыкі народзінаў.
Скажы яму, як нараджаюцца рамонкі з фарбы зямлі,
І як прачынаецца раніца
З акрываўленай ружы.
Два вершы, якія выяўляюць гарачае жаданне міру! У сапраўднасці супрацьцеглыя ідэалогіі не могуць стварыць міру. Сутыкненне ідэалогій вяде да ўзброеных змаганняў, да вайны. Бо ідэалогіі ўзнікаюць для таго, каб разумным чынам абгрунтаваць і апраўдваць эгаістычныя і жорсткія паводзіны, яны асляпляюць людзей, каб тыя не бачылі сапраўднага стану рэчаў, вядуць да неразумных і безадказных галтоўных учынкаў.
Прарок і ідэолагі
Чытанне з кнігі прарока Ераміі паказвае цікавае сутыкненне супрацьлеглых пунктаў гледжання Ераміі, які настойваў на магчымасці здацца ў рукі вавілонцаў, і палітыкаў-ідэолагаў, якія настойвалі на аказанні супраціўлення любым коштам і вытрымліванні атакі ворага ў імя дабрабыту і міру. Кіраўнікі абвінавачваюць Ерамію перад каралём Сэдэкіяй і патрабуюць кінуць яго ў яму — няхай ён павольна памірае. Яны кажуць: «Ён расслабляе рукі жаўнераў, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, кажучы ім падобныя словы». Кароль паддаецца націску сваіх міністраў і прызнае, што «кароль не можа зрабіць нічога супраць вас».
Іншаземец, эфіоп Абдэмэлех, які служыў у каралеўскім палацы, паведамляе каралю, што той дрэнна паступіў з Ераміяй, і кароль дазваляе яму вызваліць прарока з ямы. На аснове словаў Ераміі можна сказаць, што прычынай, чаму Абдэмэлех вызваліць Ерамію, была, магчыма, яго вера ў Пана, і гэтая прычына была ў супрацьлегласць аргументу дзяржавы і палітычных ідэалогій тых, у чыіх руках была ўлада.
Ізраэльскае грамадства падзялілася: Ерамія ўзначаліў невялікую групу тых, хто імкнуўся аслабіць канфлікт, пазбегнуць праліцця крыві і знайсці дамове з вавілонскім ворагам. І наадварот, палітыкі распалялі нянавісць, нацыянальныя эмоцыі і штурхалі на ўзброенае змаганне любым коштам. Хто сапраўды шукаў міру? Рэалізм прарока з’яўляецца знакам сапраўднага навяртання: ён шукае не свайго асабістага інтарэсу, не абараняе адзін клас перад іншым, не спасылаецца ні на якую ідэалогію. Гэта разумны, адказны, абгрунтаваны рэалізм свабоднага чалавека, які здолее зразумець, у чым сапраўднае дабро грамадства, яго спакой і мір.
Адмова ад ідэалогіі
Другое чытанне прыводзіць нас да разважання пра Езуса як «пачынальніка і завяршальніка веры», на якога нам трэба звярнуць наш позірк, каб мы «змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху». «Замест радасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж». Езус абіраў рабіць не тое, што Яму падабалася, што прыносіла яму радасць і поспех, чым Ён мог бы абмінуць пакуты і адзіноту, што прыносіла Яму поспех і прыбытак, дабро і задавальненне. Але Ён абраў тое, што было сапраўды добрым, было праўдзівым і правільным, якіх бы гэта ні каштавала намаганняў, пакутаў, няўдач, нават смерці.
Езус з’яўляецца гэтым «сапраўдным», бо Ён прыйшоў не для таго, каб пайсці на кампрамісы, не імкнуўся да бескарыснага апраўдвання няправільных учынкаў, не імкнуўся, каб іншыя прызналі праўдзівым тое, што няправільна, толькі з-за інтарэсу, страху перад пакутамі або з эгаізму. Ён «не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж», пайшоў проста да таго, што правільнае і добрае, нават коштам аддання сябе на ганебную смерць на крыжы. Таму Ён з’яўляецца пачаткам нашай веры, нашага адмаўлення ад граху і эгаізму.
Агонь Евангелля
Езус кажа: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся». «Агонь» з’яўляецца сімвалам паслання Езуса, Яго заявай пра Божае Валадарства. Усе павінны жадаць сагрэцца каля гэтага агню, каб ён увесь час гарэў і каб яны яго пашыралі. Пасланне Езуса — гэта «агонь»: існуюць людзі, якія здолеюць сагрэцца каля гэтага агню, але ёсць і такія, якія гэтага не хочуць. На самой справе агонь весткі пра Божае Валадарства выклікаў у Ізраэлі падзел і розніцы: «Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві сваёй».
З-за Евангелля ажыццявіцца падзел і ўзнікне канфлікт: далучыцца да Евангелля — значыць стаць членам сям’і Езуса, або, іншымі словамі, пакінуць уласную кроўную «сям’ю» як вышэйшую каштоўнасць. Ад гэтага часу ўжо можа быць крытэрыем для ацэнкі таго, што добра, праўдзіва і справядліва, не логіка сям’і, расавай групы, партыі і іншых, а патрабаванні, якія выцякаюць з прыналежнасці да сям’і Езуса. Сям’я Езуса не шукае ўласных эгаістычных інтарэсаў, яна адкрытая, гасцінная, яна ахвотна дапамагае і гатова дапамагаць іншым, стварае прастору для Бога і любові да бліжняга, які яе патрабуе, любіць праўду і мір. Яна не ідзе на кампрамісы з-за жадання жыць у спакоі, з-за страху перад пакутамі і смерцю, з-за жадання поспеху і прыбытку. Можа быць, некаторыя сем’і распадуцца, бо не ўсе гатовыя змяніцца ў сэнсе патрабаванняў Езуса.
Што з’яўляецца прычынай таго, што людзі не хочуць навярнуцца? Езус паказвае, што прычына заключаецца ў нашай неўраўнаважанасці і несур’ёзнасці, у няздольнасці, нежаданні зразумець і развіваць сэнс і праўду рэчаў. Езус прапракае іх у слепаце, якая ў гэтым вінаватая, у неабгрунтаваным ухіленні, у несвядомай несур’ёзнасці, рассеянасці, якая адбірае ў нас здольнасць правільна і праўдзіва разважаць. У словах Езуса «гэты час» — час выбару і канчатковага рашэння для яго. А гэта і наш час, калі мы не хочам упасці ў пустату, няведанне і шкодную безадказнасць.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.