
У час крызісу пакліканняў у Касцёле гісторыі людзей, якія адважыліся пакінуць усё, каб пайсці за Хрыстом, вельмі ўражваюць і могуць стаць натхненнем для тых, хто вагаецца ў выбары жыццёвага шляху. Пра адну з такіх неверагодных гісторый святарскага паклікання ў ЗША расказвае aleteia.pl.
Амерыканец Скот Борба дапамог стварыць адзін з самых вядомых касметычных брэндаў у свеце, перш чым адказаць на нечаканае пакліканне да святарства. На першы погляд, гісторыя Скота Борба гучыць занадта кінематаграфічна, каб быць праўдай. Былы юнак-мадэль, акцёр, прадпрымальнік у індустрыі прыгажосці і сузаснавальнік брэнда e.l.f. Cosmetics гадамі жыў ў свеце іміджу, раскошы і поспеху, перш чым адмовіцца ад усяго гэтага, каб стаць каталіцкім святаром.
Як паведамляе дыяцэзія Фрэсна (ЗША, штат Каліфорнія — заўв.пер.) ў сацыяльных сетках, дыякан Скот Борба ў канцы гэтага месяца будзе пасвечаны ў святары, пасля — як ён сам адзначае — доўгага і звілістага шляху вяртання да веры, які ён прадчуваў яшчэ ў дзяцінстве.
Больш за два дзесяцігоддзі Борба працаваў у сферы здароўя і прыгажосці, ствараючы кампаніі і назапашваючы актывы. Сёння ён кажа пра гэты перыяд надзіва шчыра:
«Я жыў дзеля сябе. Я пакланяўся самому сабе, — прызнаецца ён. — Я пакланяўся ўсяму, што было звязана з раскошай. Я быў хлопчыкам з плаката, які рэкламуе раскошу».
Аднак што надае яго гісторыі асаблівую сілу, дык гэта тое, што ён не адкідае саму прыгажосць. Ён разумее яе прыцягальнасць. На працягу многіх гадоў ён дапамагаў ствараць прадукты, прызначаныя для таго, каб людзі адчувалі сябе прывабнымі, упэўненымі ў сабе, дагледжанымі, жаданымі. Аднак у пэўны момант на гэтым шляху ён выявіў, што імкненне да знешняй прыгажосці не можа адказаць на голад, схаваны значна глыбей.

Гэтае напружанне надзіва характэрнае для нашага часу — эпохі фільтраў, старанна прадуманых рытуалаў догляду і вывераных рэзюмэ. Прыгажосць акружае нас увесь час, і ўсё ж многія людзі па-ранейшаму адчуваюць неспакой, унутраную незадаволенасць. Можна давесці ўласны вобраз амаль да дасканаласці, непрыкметна грэбуючы душой, якая хаваецца за гэтым вобразам.
Зменлівы твар прыгажосці
У нейкі момант Борба ўспамінаў, што ў яго было адчуванне, нібы ён «спрабуе прадаць сваю душу», калі яго ўсё больш і больш захапляў галівудскі лад жыцця. Нягледзячы на поспех, нешта заставалася ў ім нявырашаным.
Борба распавёў у інтэрв'ю Angelus News, што ўпершыню адчуў пакліканне да святарства ў дзяцінстве, калі падчас Імшы яго маці паказала яму на алтар.
«Кім бы ні быў гэты святар у той момант, яго адзенне ззяла надзвычайным бляскам, — успамінае ён. — І я ведаў, што Бог уклаў у маё сэрца жаданне стаць святаром».
Гэта надзвычайная карціна для чалавека, які правёў большую частку свайго дарослага жыцця ў індустрыі прыгажосці. Борба некалі належаў свету гламуру і ілюзій прыгажосці.
Праз шмат год прыгажосць стала азначаць для яго нешта зусім іншае.
Борба таксама прызнаў, што яшчэ адна жанчына аказала велізарны ўплыў на яго рашэнне:
«Я ведаю, што Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла мяне на гэты шлях паклікання сваёй любоўю да мяне і свайго Сына. Я ніколі не быў такі шчаслівы раней. Я ніколі раней не быў настолькі поўны радасці».
Радасць новага жыцця гучыць і ў іншых яго словах, калі ён згадвае, што прыняцце паклікання да святарства суправаджалася адмовай ад усёй маёмасці, назапашанай за гэтыя гады.
І, магчыма, менавіта гэта надае гісторыі незвычайную сілу. Любыя матэрыяльныя даброты, раскоша і поспех з'яўляюцца толькі павярхоўным адлюстраваннем сапраўднай прыгажосці, якая вынікае з адкрыцця і выканання свайго паклікання.
P. S. Мільянер Скот-Вінсэнт Борба ва ўзросце 42 гадоў паступіў у семінарыю ў горадзе Менла-Парк у штаце Каліфорнія, папярэдне аддаўшы ўсю сваю маёмамасць на дабрачынныя мэты. 23 мая 2026 года 52-гадовы дыякан атрымае прэзбітэрскае пасвячэнне ў сваім родным горадзе Віcэйлія ў Каліфорніі (дыяцэзія Фрэсна). Мама будучага святара, побач з якой на Імшы ён упершыню адчуў пакліканне ў 10-гадовым узросце, з'яўляецца адданай шанавальніцай Маці Божай Фацімскай.







