Пошук

08.08.2013 13:57  

1 чыт. Мдр 18, 6-9; Пс 33 (32), 1 і 12. 18-19. 20 і 22.

Ев. Лк 12, 32-48 альбо (карац.) Лк 12, 35-40
.

Час рашэння

Асноўная тэма вучэння Езуса падсумавана ў Евангеллі паводле Марка (Мк 1, 15): «Наблізілася Валадарства Божае. Кайцеся і верце ў Евангелле». Прысутнасць Езуса вызначае, так бы мовіць, ажыццяўленне збаўлення ў поўнай меры: гэта час, калі прыходзіць збаўленне, гэта час рашэння, г.зн. навяртання і спаўнення Божай волі. Калі мы глядзім у глыбіню нашай душы і вакол сябе, нам, здаецца, трэба сказаць, што гэта час нерашучасці, няўпэўненасці, сумнення і страху. Або трэба, наадварот, думаць, што гэта час ўсеўладных, час моцнай самаўпэўненасці.

Заклік Езуса накіраваны на тое, каб мы сталі сапраўднымі, аўтэнтычнымі, пакуль штодзённыя спакусы схіляюць нас на тое, каб мы былі пасрэднымі, жылі ў страху перад цяжкасцямі і пакутамі, перад адказнасцю і ростам сваёй асобы. Як для адзінак, так і для супольнасцяў існуе магчымасць прагрэсу, росту і развіцця – або адставання, упадку і раскладання. Сумненне ва ўсім, доўгая няўпэўненасць і нерашучасць, параліч у асноўных рашэннях – гэта недвухсэнсоўныя прыкметы ўпадку. Мы ўсведамляем сапраўднасць, у якой жывём, - але ці ўмеем мы радыкальна, разумна і з адказнасцю рашацца?

Асноўны выбар


Сённяшні ўрывак з Евангелля складаецца з дзвюх прыпавесцяў: пра чуваючых слугаў і пра разумнага гаспадара.

Сітуацыю вучня Хрыста ў сённяшні час характарызуе «чуванне», значыць патрабаванне чакання і выбару. Матывам такога радыкальнага патрабавання з'яўляецца надзвычайная неадкладнасць дадзенага моманту: зараз адбываецца рашэнне наконт вечнага жыцця — веру я ці не веру.

Слугі павінны быць заўсёды «ў чуванні»; мець падперазаныя сцёгны было звычкай тых, хто павінен быў хадзіць, працаваць або ваяваць. «Запаленыя светачы» паказваюць, што слугі чуваюць «ноччу», калі чакаюць свайго гаспадара. Гэтыя выразы азначаюць, што слугі павінны займаць пазіцыю гатоўнасці, рашучасці і пільнасці. Матыў гэтага — вяртанне гаспадара. Не важна, калі ён вернецца, ноччу ці пад раніцу. Але важная гатоўнасць і пільнасць.

У другой прыпавесці не параўноўваецца Сын Чалавечы са злодзеем або вучні з гаспадаром, але параўноўваюцца дзве сітуацыі: пільнасць гаспадара і пільнасць вучняў. Тут павучанне таксама датычыцца сённяшніх паводзін, якія матываваны прыйсцем «невядомага», у тым ліку злодзея і Сына Чалавечага.

Цэнтрам усяго навучання з'яўляецца прыйсце Сына Чалавечага. Адсюль выцякае патрабаванне навяртання і пакаяння, якія складаюць стан падрыхтаванасці і пільнасці. Прыйсце Хрыста адбудзецца «ў гадзіну, аб якой не думаеце». Прыйсце гаспадара будзе азначаць прыйсце вечнага дня збаўлення. У гэтым свеце цемры ва ўладзе злога хрысціянін павінен чуваць. Але пільнасць не азначае пакінуць свет, яна азначае намаганне і барацьбу. Яна з'яўляецца верай, якая перажываецца ў Пану, напружаным чаканнем Яго будучага прыйсця, і яна ніколі не будзе абыякавасцю да існавання ў дадзены час. Перш за ўсё яна азначае навярнуцца і верыць, абраць сабе радыкальна Бога і Яго ўладу, быць гатовым да Божага суду. Пільнасць — гэта прызнанне магчымасцяў, якія нам цяпер дадзены. Апошні дзень будзе спелай садавінай, якая доўгі час выспявала ў кожны асобны момант цяперашняга часу. Цяпер і тут мы рыхтуем сябе да нашай сустрэчы з Хрыстом.

Гатоўнасць быць чуйным перад сустрэчай з Хрыстом прынясе ўзнагароду, шчасце. Але шчасце – не толькі абяцаная будучыня, бо вучань ужо цяпер ведае, што прымае ў ім удзел, таму што прыйсце Валадарства не з'яўляецца выключна справай будучыні. Кожны момант каштоўны і напоўнены шчасцем, таму што сапраўднасць можа стаць момантам сустрэчы з Панам. У гэтым святле нават смерць не здаецца ўжо страшнай падзеяй, але канчатковай падзеяй нашага існавання як адзінства з Езусам, што ўваскрос з памерлых. З іншага боку смерць можа прыйсці ў любы момант, і ўсё магло б адразу згубіцца.

Абраць веру


Чытанне Паслання да Габрэяў нас заклікае, каб мы абралі веру як радыкальны свабодны выбар, і прыводзіць прыклад продкаў, узораў веры. «Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся», яна з'яўляецца дабравольнай паслухмянасцю («Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся…»), чаканнем і надзеяй («чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог»), даверам у невычэрпныя Божыя магчымасці, як здарылася з Сарай, пошукам радзімы, упэўненасцю. Таму вера азначае свабоду людзей, якая ажыццяўляецца як паслухмянасць і надзея перад бескарыснай дзейнасцю Бога, што нельга прадбачыць або загадзя пра гэта даведацца. Але ўсё ж такі, калі Бог аб'яўляецца і дзейнічае, Ён вядзе ўсялякае чалавечае імкненне і чаканне да поўнага і праўдзівага ажыццяўлення, хоць і спосабам, які перавышае кожную прадугледжаную меру. Вера нараджаецца тады, калі чалавек здолее чакаць нечаканае, прадбачыць непрадбачанае!

Рашэнне абраць веру – гэта не выбар, які мы здзяйсняем на аснове загадзя вызначаных чалавечых норм і ўмоваў, але выбар, зроблены на аснове нечаканай і непрадбачанай падзеі, калі Бог прыходзіць насустрач чалавеку. Непрадбачанае ажыццявілася ў Езусе Хрысце, і мы пакліканы перад Ім зрабіць свой выбар. Мы можам спрабаваць зрабіць з Езуса малаважную рэальнасць або крытыкаваць Яго, выключыць Яго са свайго сумлення, каб пазбегнуць абавязку зрабіць рашэнне, або гэта было б нягодным і безадказным учынкам.

Ноч вызвалення


Першае чытанне з кнігі Мудрасці Саламона паказвае нам, як веруючы габрэй не бяжыць ад патрабавання, выкліканага ўспамінам аб мінулым, дакладней перад святкаваннем першай Пасхі. У гэтую пасхальную нядзелю габрэі адзначалі перад выгнаннем у Егіпет свята вызвалення, «ноч вызвалення была прадвешчана айцам нашым». Гэта тое ж, як сказаць, што Бог заўсёды думаў пра збаўленне свайго народа! Вызваленне было абяцаннем, таму «народ Твой чакаў выратавання справядлівых».

Аўтар ужывае займеннік «мы», далучаючы таксама самога сябе і сваё пакаленне да пасхальнай падзеі. Таксама кожны чытач у адпваедны момант разуме пад гэтым «мы» сябе і сваіх сучаснікаў. Пасхальная падзея — гэта не штосьці, што здарылася ў мінулым, але падзея, якая ўстае перад кожным пакаленнем людзей як сучасная. Адзначаючы гэтую падзею, верны народ знаходзіць сваю тоеснасць і прымае «Божы закон», г.зн. Божы запавет, і бярэ на сябе абавязак, што будзе ўсім дзяліцца («каб святыя аднолькава саўдзельнічалі ў тым самым дабры і небяспецы»).

«Выратаванне справядлівых» мы перажываем у літургіі, перш за ўсё ў пасхальнай ахвяры, як абавязак і рашэнне вернага народа прымаць удзел у Божым дары. Таму літургія патрабуе сур'ёзнага і свабоднага старання ў жыцці чалавека, патрабуе ад яго выкарыстоўваць сваю свабоду ў рашэнні заключыць саюз з Богам і ажыццяўляць братэрскі саўдзел.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 07.08.2019 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.