Пошук

02.08.2013 10:34  

1 чыт. Экл 1, 2; 2, 21-23; Пс 90 (89), 3-4. 5-6. 12-13. 14 і 17.
2 чыт. Клс 3, 1-5. 9-11.
Ев. Лк 12, 13-21.

Сапраўдны скарб для чалавека

Шмат людзей сёння жывуць у страху і няпэўнасці. Папа Ян Павел ІІ напісаў у энцыкліцы «Redemptor hominis»: «Чалавек жыве ўсё больш у страху, у стане непакою, свядомага і несвядомага страху, і гэта розным чынам пераносіцца на ўсю сучасную чалавечую сям'ю і ўплывае на розныя сферы» (15). Страх і маладушнасць у кнізе Эклезіяста добра выяўляюць атмасферу сённяшніх людзей, якія шукаюць сэнсу і мэты, для якой жывуць. Евангелле гэтай нядзелі арыентуецца ў тым жа кірунку: багаты чалавек у прыпавесці — гэта эгаістычны матэрыяліст, якія думае толькі пра сябе і імкнецца вызваліцца ад страху тым, што збірае багацце. Урывак з паслання апостала Паўла таксама прадстаўляе нам «старога» чалавека, якім авалодала жаданне быць багатым, каб у яго было ўсё больш і больш багацця, а не жаданне «быць, мець значэнне». Калі Хрыстус не стане нашым скарбам, чалавек паддаецца ўладзе сваіх ілюзій, неспакою, страху і неўтаймаваным жаданням, якія цягнуць яго ва ўсе бакі і не даюць яму надзейнага кіраўніка, пастаяннай радасці і моцнага духоўнага жытла.

Сэнс працы

Праца — гэта адзін з многіх аспектаў жыцця, які кніга Эклезіяста абірае і падвяргае крытыцы. Ён кажа: «Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам». Чалавек — не ўладальнік плёнаў сваёй працы, не можа па сваім выбары распараджацца тым, што ў яго ёсць. Эклезіяст кажа: «Бывае, што чалавек працуе з мудрасцю, веданнем і ўменнем, аднак павінен пакінуць надзел чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта марнасць і вялікае зло». Чалавек пражывае ўсё сваё жыццё ў болю і цярпенні: «нават уначы яго сэрца не мае спакою». Праца здаецца чымсьці другасным і бессэнсоўным.

Эклезіяст, аднак, не абмяжоўваецца гэтым. У далейшых вершах, якіх няма ў сённяшнім чытанні, ён бачыць і станоўчы аспект. Па яго меркаванні, чалавек павінен навучыцца радавацца жыццю як дару, які атрымаў ад Бога. Той, хто здольны прызнаць, што ў яго як стварэння ёсць свае абмежаванні, і ўмее спакойна прыняць жыццё з Божых рук, той здолее радавацца і малым, але сапраўдным радасцям. Эклезіясту здаецца, што праблемы прыносіць найперш той факт, што мы не ведаем жыцця пасля смерці, і ўсведамленне, што смерцю ўсё выроўніваецца. Чалавека ахоплівае страх з-за абсурднай прысутнасці смерці ў жыцці. Мы не можам зразумець логікі, якую ў свет унёс Бог, і Божых таямніцаў, таму жыццё можа здавацца нам караблём, які плыве над глыбокай і неспасцігальнай безданню, і мы не ў стане яго затрымаць. Мы не ведаем, адкуль ён прыходзіць і куды накіроўваецца. Але Бог прысутнічае, хоць у нас ёсць уражанне, што Ён далёка, што Яго няма ў тым, што мы перажываем у сваім жыцці. Пакласці надзею ў Богу як у скарбе нашага жыцця азначае даверыцца Таямніцы, а не невядомаму лёсу.

Ненасытная хцівасць

Гэтым выразам апостал Павел хоча акрэсліць жаданне быць уласнікам усё большай колькасці рэчаў, што на грэчаскай мове абазначае тэрмін «плеанэксія».  Гаворка ідзе пра неўтаймаванае жаданне валодаць чымсьці, якое з’яўляецца крыніцай граху, таму Павел называе яго «ідалапаклонствам».  На самой справе кожная маральная правіна нараджаецца з ненасытнай маніі мець, быць уласнікам… Праблемай здаецца «быць больш», быць вышэй, а не мець больш, калі мы хочам жыць лепш, больш шчасліва і спакойна. Эклезіяст зразумеў бессэнсоўнасць назапашвання скарбаў, таму што яны не прыносяць шчасця, не даюць адказу на жыццёва важнае пытанне «чаму?». Багаты чалавек у прыпавесці з Евангелля, якую мы сёння чытаем, хоча мець усё больш і ўхіляецца ад намагання «быць больш» — таму ён страціў багацце. «Плеанэксія» — гэта жаданне выкарыстоўваць іншых у якасці прылады свайго прыбытку або асалоды. З гэтага выцякаюць «распуста, нячыстасць, моцнае захапленне, дрэнныя памкненні і хцівасць». Калі чалавек дазволіць спакусіць сябе хцівасцю, ён гатовы пайсці на ўсё. Прага асалоды, улады і багацця — гэта глыбокая прычына нашых грахоў.

Паводле апостала Паўла хрост стварае новае жыццё: «Бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага». Дзеясловы ў мінулым часе кажуць пра тое, што здарылася падчас хросту. Але хрысціянін павінен жыць сваім хростам штодзень. Усё жыццё трэба будзе здымаць з сябе «плеанэксію» і апранацца ў скарб жыцця Хрыста. Хрысціянскае жыццё — гэта не стан, у які ўваходзяць раз і назаўсёды, а жывы дынамізм. Каго ахрысцілі і хто стаў новым чалавекам, той абавязаны штодзень «абнаўляцца для пазнання паводле вобразу таго, хто стварыў яго».

Новае жыццё ўключае ў сябе таксама новы крытэрый для абмеркавання каштоўнасці чалавека. Яго ўжо больш нельга ацэньваць на падставе расы, нацыянальнасці, па жыццёвых звычках ці побыце, па грошам, колеру скуры ці фізічных або разумовых здольнасцях. Павел кажа: «Ужо няма ні эліна, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні варвара, ні скіфа, ні раба, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус». Хрыстус становіцца для хрысціяніна адзіным абавязковым крытэрыем для ацэнкі чалавека, становіцца скарбам, якім мы не валодаем эгаістычна для таго, каб прыгнятаць, эксплуатаваць або памяншаць значэнне іншых, але Ён з'яўляецца асновай для ўсведамлення годнасці іншых людзей, а таксама каб служыць ім гэтак жа, як рабіў гэта Ён.

Жыццё не залежыць ад грошай


У сённяшнім Евангеллі апавядаецца, што адзін чалавек прыйшоў да Езуса і сказаў: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Езус яму адказаў: «Хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?» Такім чынам, Езус адмаўляе тое, каб цікавіцца пытаннем спадчыны, бо Ён прыйшоў не для таго, каб прапаведваць пра прававую, эканамічную або сацыяльную сістэмы. Ён не ўзяў у свае рукі ніякую ўладу — ні эканамічную, ні палітычную. Езус абвяшчае справядлівасць, любоў да самых бедных, вызваленне ад любой формы рабства, але Яго прапаведванне — не ідэалогія ці нейкая эканамічна-сацыяльна-палітычная тэорыя. Усялякая ідэалогія, якую разумеюць у гэтым сэнсе, заўсёды нясе ў сабе рызыку, што яна стане для чалавека таксама адмаўленнем сваёй трансцэндэнтнасці. У чалавека дзве магчымасці: пераадолець сябе, перамагчы сваю замкнёнасць, прызнаць, што цэнтр яго жыцця (яго скарб) знаходзіцца па-за ім, прызнаць факт, што яго збавіць Іншы, — або зрабіць з сябе цэнтр усяго, зрабіць з сябе скарб, вылучаць свае інтарэсы і свой супакой на ўзровень закону, засноўваць жыццё толькі на ўласных сілах. У першым выпадку чалавек прыйдзе да навяртання, прызнання сваёй трансцэндэнтнасці, у другім — да граху і да ідэалогіі, якая апраўдвае яго грахі.

Чалавек з першай прыпавесці, які ідзе да Езуса, шукае толькі аўтарытэтнага тлумачэння закону, які дае магчымасць набыць ва ўласнасць сваю частку маёмасці. А багаты чалавек з другой прыпавесці думае толькі пра тое, як назапашваць багацце, каб жыць спакойна, эгаістычна і ў бяспецы.     Першаму чалавеку Езус не хоча адказаць і паказвае, наколькі вузкі яго далягляд; іншым жа кажа: «Жыццё чалавека не залежыць ад ягонай маёмасці». Другога Ён папракае, што той «збірае скарбы сабе», значыць эгаістычна, не думаючы ні пра Бога, ні пра сэнс і мэту свайго жыцця.

На самой справе ідэалогія можа існаваць толькі як спосаб накірунку людзей, але яна заўсёды з'яўляецца часовай і рэлятыўнай. Ідэалагічны адказ заўсёды толькі частковы, не вычэрпвае ўсяго быцця, у параўнанні з Евангеллем патрабуе выпраўлення самога сябе. Інакш кажучы, нельга дасягнуць збаўлення тым, што мы знойдзем эканамічную, сацыяльную ці палітычную сістэму, якія былі б для нас лепшымі. На гэтым узроўні мы павінны будзем зноў і зноў спрабаваць знайсці адказ, са свядомасцю, што не знаходзімся на ўзроўні абсалюту. Справа не ў тым, каб прымаць пэўныя законы або праводзіць пэўную палітыку, а  тым, каб чалавек звярнуўся да сапраўднага Бога, які яму аб'явіўся і дорыць сябе ў Езусе Хрысце. Толькі ад новага чалавека, збаўленага Езусам Хрыстом, можа прыйсці новы свет! Перамога над адчужанасцю, або здольнасць да ўласнай трансцэндэнтнасці ў праўдзе і любові — гэта Божы дар.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 23.07.2019 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця