Пошук

23.07.2013 14:58  

1 чыт. Быц 18, 20-32; Пс 138 (137), 1-2a. 2bc-3. 6-7ab. 7c-8.
2 чыт. Клс 2, 12-14.
Ев. Лк 11, 1-1
3.

Пане, навучы нас маліцца

Калі перафразаваць вядомую прыказку, мы можам сказаць: «Скажы мне, як ты молішся, і я скажу, хто ты». Якасць жыцця на самой справе праяўляецца ў тым, як мы молімся або не молімся. Малітва — важная «справа» ў жыцці. Многім сёння здаецца, што спаўняецца выраз Робінсана: «Так, як Бог мёртвы, мёртвая і малітва». Малітва чыніць нам цяжкасці і выклікае супраціўленне, становіцца праблемай, а не чымсьці, што мы атрымліваем як мір. У нас адны і тыя ж цяжкасці: маліцца — азначае, маўляў, страту або непрадуктыўна праведзены час, малітва, маўляў, не ўплывае на ход падзей, малітва – гэта адыход, выраз слабасці або вялізная ілюзія, што мы можам паўплываць на Бога, малітва ні да чаго не патрэбна, яна не мае эфекту. Супярэчанні ў дачыненні да хрысціянскай малітвы растуць і патрабуюць абмежаваць яе на вольны час, на невялікую групу людзей, на суб'ектыўную спантаннасць, без пэўных абрадаў. Калі сказаць больш рашуча, сённяшні крызіс праблемы малітвы датычыць самога яе сэнсу. Сучасны секулярызм дзейнічае ў тым сэнсе, што прыціскае здольнасць чалавека да трансцэндэнцыі, здольнасць перакрочыць праз межы сваёй прыроды і адкрыць сябе перад абсалютнай Божай таямніцай. Гэтым ён звужае наш гарызонт да таго, што імгненнае, што «карысна» з практычнага пункту гледжання і што зараз жа прыносіць эфект.

Малітва Абрагама

У Кнізе Быцця Абрагам клапоціцца аб гарадах Садоме і Гаморы, якія скажоныя і поўныя заганаў. Абрагам ведае, што Бог хоча зрабіць, іншымі словамі, ён ведае пакаранне, якое Бог спашле на гэтыя гарады. Ведаючы гэта, ён звяртаецца са сваёй просьбай, выказанай у форме смелага дыялогу, які адбываецца як працэс з вышэйшым Суддзёй. Гаворка ідзе пра Божую справядлівасць, да якой Абрагам ставіцца так: «Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?  Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горад дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так!  Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?» Здаецца, што вера Абрагама ў Божую справядлівасць мае на ўвазе вопыт са смерцю невінаватых. Абурэнне Абрагама — менавіта ў думцы, што ў выніку пакарання вінаватых могуць пацярпець і невінаватыя. Абрагам без ваганняў смела звяртаецца да Бога, але разам з тым і ўсведамляе сваю нягоднасць: «Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам». Абрагам выяўляе сваю веру падобна як Якуб і Прапаведнік з Кнігі Эклезіяста, не толькі супакойваючым маўчаннем, але і формай пратэсту і сумнення.

На думку Абрагама, большай несправядлівасцю з'яўляецца прымусіць памерці некалькі невінаватых, чым захаваць жыццё натоўпу бязбожных нягоднікаў. Але да якой мяжы можа дайсці чалавек, молячы Бога, каб весці з Ім «перамовы»? У дыялогу з Богам Абрагам кажа пра сорак пяць, сорак, трыццаць або дзесяць справядлівых, дзеля якіх Бог быў бы гатовы прабачыць злыя гарады. Але чаму ён спыняецца на ліку дзесяць? Напэўна, не таму, што лічыць Божую міласэрнасць абмежаванай, але таму, што не асмеліўся «лічыцца» з Божым жаданнем прабачыць. Пасля гэтай размовы ён зразумеў, што Бог прымае ўдзел у яго пратэсце супраць несправядлівасці і зла і не патрабуе ад нас ні фаталізму, ні пасіўнага адмаўлення.

Таму малітва — гэта і «гучны плач» перад Богам, і «барацьба» з Богам, сумесны пратэст Бога і чалавека супраць зла. Бог, які справядлівы і добры, не хоча смерці і знішчэння чалавека. Але покрыва над таямніцай болю і смерці застаецца.

Крыж — Божая сіла

Ва ўрыўку з Паслання апостала Паўла працягваем разважаць пра таямніцу зла. Езус Хрыстус знішчыў грэх тым, што «прыбіў яго да крыжа», сцёр «запіс нашых даўгоў». Езус узяў на сябе чалавечае беззаконне, несправядлівасць і прыбіў іх да дрэва крыжа. Укрыжаваны — гэта экстрэмальны вынік паўстання чалавека-грэшніка. Але ад яго прыходзіць таксама перамога Бога над злом, прабачэнне нашых грахоў. Гэтая перамога ззяе ва Уваскрасенні Езуса праз пасрэдніцтва Божай сілы («дзеянне Бога, які ўваскрасіў Яго з мёртвых»). Праз веру мы становімся саўдзельнікамі ўваскрасення: «вы ўваскрэслі таксама ў Ім дзякуючы веры ў дзеянне Бога» і «Бог ажывіў разам з Ім».

Гэтак жа, як зрабіў Абрагам, але з упэўненасцю і большым веданнем, моліцца хрысціянін, як маліўся Укрыжаваны. Ён моліцца не для таго, каб патрабаваць помсты і разбіцця ворагаў, але каб сказаць: «Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» і таксама: «У рукі Твае аддаю дух Мой».

Малітва для нас з'яўляецца аднаўленнем памяці пра крыж Езуса і Яго Уваскрасенне з мёртвых, нагадваючы, што Езус ахвяраваў сваё жыццё за нас і ўваскрос, каб мы маглі з Ім вечна жыць. Мы не можам маліцца, не ўзгадваючы пра жыццё Езуса на зямлі, які нам у поўнай меры адкрыў міласэрную любоў нябеснага Айца. Цяпер мы ўжо молімся не як Абрагам, хоць і адчуваем увесь час такую ж спакусу маліцца і хочам на пальцах лічыць магчымасці Божага прабачэння. Калі мы не ўпусцім з поля бачання і не забудзем смерці Езуса і Яго Уваскрасення, міласэрная любоў Бога, які прабачае грахі, стане для нас упэўненасцю і самым рэальным абсалютам.

Ойча наш

Евангелле гэтай нядзелі складаецца з трох розных частак: малітвы «Ойча наш», прыпавесці пра малітву і агульнага навучання пра малітву.

Вучні патрабуюць ад Езуса, каб Ён навучыў іх маліцца. Езус вучыць іх маліцца Богу як Айцу. Малітва можа быць пахвалой, настойлівай просьбай, пытаннем «чаму?», пратэстам, але яна павінна быць праявай і выразам паслухмянасці і сапраўднага даверу Айцу. Кожны выраз малітвы павінен знаходзіцца ў наступных межах: той, з кім я размаўляю, — гэта Айцец. Калі ў нас перспектыва, што мы знойдзем таго, з кім размаўляем, і не сумняемся ў тым, што ён Айцец, калі ў пачатку і таксама ў канцы прысутнічае міласэрнасць, здольная даць апошні, канчатковы адказ на пытанне пра трагедыю смерці, — тады ў нас фарміруецца прастора, якая дае магчымасць бачыць рэчы і праблемы менавіта з гэтай перспектывы.

 «Свяціся імя Тваё». Мы патрабуем ад Бога, каб Ён паказаў нам святасць свайго імя ў нас, як тлумачыць прарок Езэкія (36, 22-24), калі збірае нас як свой народ і ўнутрана аднаўляе. Такім чынам, сэнсам фармулёўкі малітвы «Ойча наш» з'яўляецца: «Збяры і аднаві свой народ. Дазволь, каб ён сапраўды стаў Божым народам».

«Прыйдзі Валадарства Тваё».
Гэтае пытанне вылучае ў першую чаргу тэу апостальскай надзеі, якая выражана ў Кнізе прарока Даніэля аб канчатковай Божай справе ў гісторыі. Толькі Бог можа ўстанавіць сваё валадарства, каралеўства, або, інакш кажучы, бачна ажыццяўляць у гісторыі сваю абсалютную ўладу. Відавочна, што ўлада Бога ўмацоваецца не без дапамогі Божага народа, таму што яна ў ім ззяе і паспяхова і эфектыўна ажыццяўляецца тым, што народ прымае яе.

«Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». Ад Бога патрабуем, каб нам усім даў хлеб, каб мы маглі жыць. Патрабуем гэтага, таму што мы – сваім эгаізмам – садзейнічаем таму, што «хлеба» не хапае многім братам. Тут мы патрабуем ад Бога, каб хлеб не адсутнічаў ні ў каго, быццам бы кажам: «Не дапусці, каб мы кагосьці пакінулі без штодзённага хлеба».

«Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым».
Мы просім Бога, каб адчуць на сабе Яго прабачэнне і такім чынам таксама здолець прабачаць. Толькі той, хто прызнае, што яму патрэбна Божае прабачэнне, і прымае яго, зможа прабачаць і іншым.

«Не ўводзь нас у спакусу». Калі хрысціянін ужо навярнуўся, ён моліцца, каб быў захаваны ад далейшых маральных падзенняў. «Падзенне» або «спакуса» з'яўляецца перш за ўсё адыходам ад веры. Гэта не значыць, што Бог нас спакушае.

У прыпавесці наша ўвага прыцягваецца не да сябра, які чагосьці просіць, а хутчэй да таго чалавека, якога ён ноччу клапоціць. Гэта сведчыць пра два асноўныя матывы. Першы з іх: Бог Чуе і ідзе насустрач патрабаванням людзей. Другі: варта няспынна і настойліва прасіць Бога. Калі сябар вырашыць выканаць патрабаванні таго, хто настойвае, то тым больш Бог пачуе малітвы таго, хто з даверам і верай звяртаецца да Яго.

Нарэшце, Езус навучае аб упэўненасці, што малітва будзе выканана: хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць. Упэўненасць, аднак, не азначае, што «спаўненне» ажыццявіцца аўтаматычна. Той хто моліцца, не ўкладвае манету ў аўтамат, які рэагуе напраграмаваным чынам. Вопыт нас вучыць, што шмат разоў той, хто моліцца, атрымлівае не тое, чаго б хацеў. Бог, аднак, ведае лепш за нас тое, што сапраўды нам патрэбна, што карысна для нашага збаўлення. Калі бацька ідзе насустрач сыну, то тым больш Бог пачуе нашы малітвы! Прычына, па якой Бог нас выслухае, — гэта Яго айцоўства, а не нашы заслугі. Тое, што нам Бог падорыць, калі наша малітва сапраўдная, — гэта Дух Святы. Іншымі словамі, малітва дорыць нам прысутнасць Бога, які прыходзіць, каб разам з намі перажываць падзеі нашага жыцця.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 26.06.2019 19:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.