У сённяшнім разважанні ўздымаецца праблема, якая патрабавала б шырокага і рознабаковага развіцця, гістарычнай канкрэтызацыі, уключэння ў гістарычныя абставіны, пра якія мы хацелі б разважаць. Трэба толькі, каб мы імкнуліся даць адказ на гэтую праблему ў святле Божага слова. А менавіта: якую місію прыняць і якімі стратэгіямі кіравацца?
«Як ягняты сярод ваўкоў»
Езус пасылае на місію 72 вучняў. Гаворка ідзе не толькі пра пасыланне Дванаццаці апосталаў ў сувязі з Тайнай Вячэрай (пар. Лк 22, 35-36). Місія датычыць таму ўсіх — іерархіі і вернікаў на розных узроўнях і розным чынам. Гаворка ідзе пра пакліканне да евангелізацыі, якое датычыць усяго Касцёла, бо Касцёл пабудаваны на гэтай евангелізацыі, таму што азначае сабой евангелізацыю. «Місія» з’яўляецца толькі ўзрошчваннем для гэтага паслання, якое Касцёл прыняў ад Хрыста.
«Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала». Гэта, здаецца, хутчэй закон, які паўтараецца няспынна ў гісторыі свету, чым канстатацыя асаблівых абставінаў: работнікаў заўсёды будзе мала. Здаецца, што гэта закон меншасці, які заўсёды існуе ў гісторыі Божага народа. Але гэта ніяк не апраўдвае пасіўнасць або ляноту. Бо Езус загадвае: «Прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё». Быць у меншасці і пастаянна прасіць, каб Пан Езус выслаў дзеячоў, з’яўляецца хрысціянскім спосабам жыцця ў поўнай залежнасці ад Бога дзеля справы збаўлення. Ніякага трыумфалізму, але таксама ніякай стомленай песімістычнай пакорнасці або прыгнечанасці!
«Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў…» Усялякі хрысціянін адчувае вакол сябе адчужанасць і варожы настрой людзей, якія зачыняюць свае сэрцы перад Божым пакліканнем: ён акружаны ваўкамі. Карціна ягнят сярод ваўкоў паказвае, што прапаведнікі Евангелля безабаронныя, як ягняты, у вялікай эсхаталагічнай барацьбе, якая распачнецца ў канцы часоў, у момант «збору ўраджаю», значыць згуртавання Божага Народу. Сучаснае пасланне Касцёла таму трэба бачыць у перспектыве згуртавання Божага Народу — падзеі ў канцы часоў.
З пункту гледжання перспектывы часу, які набліжаецца, падобна як у час жніва, вучні Езуса павінны ўмець адмовіцца ад усяго, што з’яўляецца празмерным і што «пазбаўляе іх часу», як напрыклад звычайныя і агульнапрынятыя адносіны паміж людзьмі: «У дарозе нікога не вітайце».
Прапаведніка Евангелля людзі павінны пазнаць па тым, што ён прыносіць, значыць па «спакоі». Ён не абвяшчае ні чалавечую прапаганду, ні чалавечую ўладу, ні яе сродкі. Ён павінен выступаць як узброены носьбіт спакою. Калі грамадства кіруецца законамі, установамі і ўладай, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з Евангеллем, хрысціянін ведае, што ён сярод ваўкоў. Ён будзе прымаць гасціннасць таго, што хоча прыняць Евангелле, будзе задавольвацца тым, што атрымае тое, што яму прапануюць, значыць будзе жыць устрымана і без няспыннай бескарыснай і пустой мітусні («Не пераходзьце з дому ў дом»). Прывілеяваным месцам місіі з’яўляецца тут «дом», значыць хатняя супольнасць.
Улічваем таксама магчымасць, што нас не прымуць, як гэта здарылася з Езусам. Тады вучні атрасуць з ног пыл, які застаўся на іх з гарадоў, якія адмаўляюцца навярнуцца да Евангелля. Таксама і Езус павярнуўся спіной да гарадоў, якія адмовіліся ад Яго.
Добрая Навіна, якую хрысціянін павінен прыносіць сваім пасланнем, тут ясна прадстаўлена. Ён павінен абвяшчаць прыйсце Божага Валадарства: «Наблізілася да вас Валадарства Божае». Гэта — прапаведванне суверэннай перамогі Бога над злом. Таму тэкст Евангелля нагадвае пра хворых: яны адчуваюць у сабе ўздзеянні збаўчай Божай улады больш, чым іншыя. Таму з гэтага часу д’ябал пераможаны: «Я бачыў сатану, які ўпаў з неба, як маланка». Прыйсце Валадарства Божага, якое пачалося з Езусам, азначае змену ўлады: цяпер валадарыць Пан.
Але Божае Валадарства не ўстанаўліваецца з хуткасцю маланкі — ні за дзень, ні на працягу года. Езус перасцерагае перад занадта бесклапотным энтузіязмам і кажа сямідзесяці двум апосталам: «Радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны на нябёсах». Хрыстус не патрабуе і не чакае поспеху ад вучняў, Ён чакае перш за ўсё іх веры і надзеі на збаўленне, якія выражаны ў тым, што іх імёны будуць запісаны на нябёсах. Вось якія выклікаючыя трывогу словы для ўсіх нас, якія імкнемся запісаць свае імёны ў кнігу поспехаў чалавецтва больш, чым у кнігу на нябёсах!
Я суцешу вас
Місія Езуса, хоць яна выказана строгімі словамі, не павінна наганяць страх або наводзіць трывогу. Як натхняе нас прарок з першага чытання: «Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім усе, хто любіць яго». Эсхаталагічнае жыццё Божага Народа ўжо пачалося. Валадарства Божае ўжо пачало прыносіць свае плёны, бачныя ў Касцёле.
«Як кагосьці суцяшае маці, так Я буду суцяшаць вас, і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме». Бог з’яўляецца добрай маці, якая суцяшае нас у нашым чалавечым жыцці, але такое суцяшэнне даецца нам «у Ерузалеме», значыць у Касцёле. Калі б мы дазволілі заўсёды гэтай Маці ўсіх, якой з’яўляецца Бог, нас суцяшаць, і менавіта ў тым месцы суцяшэння, якім з’яўляецца Касцёл! Але ж радуйцеся разам з Касцёлам усе вы, якія прымаеце ўдзел у яго бітвах і пакутах! Такім чынам вы будзеце смактаць яе грудзі і будзеце насычаны яе радасцю. Падобна да таго, як Ерузалем падчас выгнання зноў узняўся і быў зноў пабудаваны, Касцёл таксама ўвесь час мае магчымасць адраджэння, якую ёй дае Бог. Касцёл ніколі не мёртвы.
Хваліцца крыжом Пана
Самы бліскучы прапаведнік Евангелля — апостал Павел — рашуча перасцерагаў перад спакусай ганарыцца сваімі ўласнымі поспехамі, няхай асабістымі, няхай «місійнымі», якіх, верагодна, ніхто не пазбягае, і раіў лічыцца з чалавечай карыслівасцю і стратэгіяй.
Яго словы такія: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста». Укрыжаваны Пан выступае супраць усялякай чалавечай пахвалы, прыводзіць у крызіс усялякае эгаістычнае прагненне поспеху, асуджае «свет», значыць увесь комплекс думак, каштоўнасцяў і паводзін, якія адмоўна ставяцца да Бога. «Знакі Езуса» павінны стаць знакамі хрысціяніна: яны паказваюць веру, намаганне, пераслед, штодзённае імкненне трывала прытрымлівацца прынцыповага рашэння ісці за Езусам як Праўдай, Прычынай і адзінай Асновай збаўлення.
Сапраўднае місія Касцёла — прапаведваць і жыць дзеля таго, для чаго прыйшоў Езус, значыць стаць «новым стварэннем». Акрамя гэтага нічога не важна, нават тое, яўрэі мы або язычнікі, багатыя або бедныя, мужчыны або жанчыны. Мы можам адрознівацца адзін ад аднаго метадамі місіянерства або рашэннямі, але ў адным мы, усе хрысціяне, згодныя: важна, каб мы былі новае стварэнне ў Езусе Хрысце. Але такую салідарнасць з Хрыстом неабходна выяўляць паслядоўна і глыбока, а менавіта тым, што мы будзем дзяліцца з Ім Яго знакамі, каб таксама атрымліваць асалоду ад пладоў «Божага супакою і міласэрнасці».
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.
Нядзельнае казанне: 7 ліпеня — ХІV Звычайная нядзеля, Год С
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .