1 чыт. Зах 12, 10–11; 13, 1; Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9 .
2 чыт. Гал 3, 26–29.
Ев. Лк 9, 18–24.
У сённяшнім Евангеллі Езус кажа нам пра спосабы і ўмовы таго, каб пайсці за Ім: «калі хто хоча ісці за Мною...». Каб добра зразумець гэтыя патрабавальныя словы Езуса, мы павінны пазбавіцца фальшывых забабонаў. Гаворка ідзе перш за ўсё пра тую думку, быццам Бог павінен змясціцца ў нашы схемы мыслення, якія мы загадзя вызначылі сабе, хоць і ў нас ёсць добры намер «абараняць» Бога. Грэкі і яўрэі думалі, што яны абараняюць Бога, або, лепш сказаць, правільную думку пра Бога, калі лічылі Хрыстовы крыж «спакусай» і «вар'яцтвам». Другі забабон, які мы тут коратка закранем, — гэта тое, нібыта Бог уяўляе сабой пэўнае абмежаванне для чалавека. З гэтага пункту гледжання можна тое, каб ісці за Езусам, лічыць нейкім прыніжэннем, абмежаваннем, прыніжаючым ланцугом для свабоднага чалавека або для таго, хто імкнецца вызваліцца ад залежнасці. Але мы ведаем, што Бог не зайздросціць чалавеку, не абмяжоўвае яго, а менавіта наадварот, хоча падняць яго так, каб зрабіць сваім сынам.
Прызнаць, што мы грэшнікі
Урывак з Кнігі прарока Захарыі з'яўляецца часткай прароцтва пра новую будучыню, якая чакае ізраільскі народ. Сам Бог пабудуе будучыню Ерузалема тым, што пралье на свой народ «дух ласкі і малітваў». Выраз «дух» прыводзіць да думкі пра магутную і ўнутраную дзейнасць у чалавеку, з дапамогай якой Бог ажыццявіць глыбокае абнаўленне. Потым народ будзе плакаць аб сваіх грахах, «будзе вялікі плач у Ерузалеме, як плач Ададрэмона ў даліне Мэгідскай», значыць ажыццявіць абрад раскаяння. Гэтым выразам Захарыя, верагодна, нагадвае пра добра вядомы абрад. Той, «каго прабілі» – гэта невядомая асоба, магчыма, адвергнуты харызматычны прарок, і ўяўляе сабой усіх прарокаў, якіх Ізраэль адверг і забіў. Навяртанне народа, плёны пралівання Божага духа (пар. Ез 36, 26-26; 37, 5-14; 39,29) выяўлены ў «бачанні», значыць у навяртанні і слуханні голасу прарока. Евангеліст Ян бачыць спаўненне гэтага прароцтва ў смерці Езуса на крыжы (пар. Ян 19,37).
Прарок Захарыя прадстаўляе сабой народ, які «глядзіць» і «плача»: гэта выгляд чалавека, які нарэшце зразумее Божую любоў і адкрые, што дагэтуль яе не зразумеў, не заслужыў і не прыняў. Гэты жаль з'яўляецца скрухай «дзеля Бога», як кажа святы Павел. Тыя, хто так плача, благаслаўлёныя, — гэта тыя, хто ўсведамляе свае грахі і разам з тым таксама веліч Божай любові.
Вы – сыны Божыя
Прарок Захарыя звярнуўся да нас з заклікам пазбавіцца думкі «вымяраць» Бога, каб мы прызналі свой грэх і незразумелую Божую любоў да нас. Цяпер, у Гал 3, 26-29, апостал Павел хоча паказаць нам, што Бог не абмяжоўвае і не прыніжае чалавека, але рухае яго ў вышэйшай магчымай ступені. Гэты ўрывак са святога Паўла можна схематычна выявіць і вылучыць у ім тры пункты:
а) Пераадоленне чалавечых абмежаванняў: «усе вы сыны Божыя паводле веры ў Езуса Хрыста». Бог нас стварыў, каб мы сталі Яго сынамі. Бог ажыццявіў сваю задуму праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста, які нам у хросце «стварае» тыя ж умовы, якія былі ў Божага Сына. Такім чынам Бог хоча пазбавіць нас ад нашых абмежаванняў і прыблізіць да сябе. Ён пазбаўляе нас таго, што было ў нас чалавечага, зменлівага і эгаістычнага. Ён не з'яўляецца Богам, які б абмяжоўваў і прыніжаў чалавека.
б) «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны». Бог нас пазбаўляе ад перашкодаў, бар'ераў, якія падзяляюць, якія мы будуем на зманлівых прадвызначэннях цывілізацыі або культуры, грошай або полу. Нас не збавіць ніякая культура, ні грэчаская, ні еўрапейская. Нас не збавіць эканамічная сіла, таму што як рабы, так і рабаўладальнікі аднолькава патрабуюць вызвалення. Нас не збавіць ні жаночы, ні мужчынскі пол. Тое, што мае каштоўнасць, гэта — «быць адным у Хрысце». Колькі мараў, колькі ілюзій, колькі дарэмных намаганняў мы ў нашым жыцці змарнавалі для пабудовы пустога існавання! Святы Павел паказвае нам правільны кірунак: важна тое, каб «быць Хрыстовымі».
в) Нарэшце, дадае Павел, «калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама». Хрыстус вызваляе нас ад індвідуалізму і робіць з нас «патомства Абрагама», значыць Божы народ. Насуперак усяму нашаму жаданню быць у грамадстве нашы эгаістычныя паводзіны нас ізалююць, выцясняюць на ўскраіну грамадства, выклікаюць адзіноту, канфлікты і напружанне. Толькі Хрыстус можа наталіць наша прагненне і зрабіць нас «адным народам», нават больш — Божым народам. Значыць, мы самі ствараем сабе абмежаванні: Бог хоча нас вызваліць, каб наша істота пашырылася да боскіх памераў.
Крыж веруючага
Давайце спынімся цяпер на словах Езуса: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною». Што значыць «несці крыж»? Ідэалам Езуса не з'яўляецца боль, і выраз «узяць крыж» не азначае настолькі цяжкую пакуту або фізічную смерць. Яно азначае хутчэй волю, рашэнне падзяліцца з Езусам Яго асноўным рашэннем: несці крыж — значыць рашыцца, што я буду чалавекам з такімі паводзінамі, якія меў Езус.
Такім чынам, ад чаго нам трэба адмовіцца, калі мы хочам «адрачыся ад самога сябе»? Вельмі добра гэта выказаў G. Moioli: «Тое, што мы называем асобай, індывідуальнасцю кожнага чалавека, — гэта не цела, не адчувальнасць, не розум. Тое, ад чаго нам трэба адмовіцца, — гэта чалавек у нас, які не хоча верыць». І далей ён працягвае: «Несці штодзённа свой крыж азначае змагацца супраць супярэчнасці, якое ёсць у нашым унутраным свеце, і з другога боку супраць супярэчнасці свету, які існуе вакол нас. Змагацца супраць яго не таму, быццам мы павінны былі б распаліць вайну або дзеля жадання стаць танным мучанікам, а таму, што ў нас ёсць пэўная мэта, пэўны напрамак і трэба ісці па гэтым шляху».
Значыць, наш першы крыж — стаць вернікамі! Гэта — крыж, таму што, як мы ўжо сказалі ў пачатку, мы хацелі б усё падначаліць нашым крытэрыям, нават Бога. Замест гэтага Езус ад нас патрабуе, каб мы падначаліліся Яго крытэрыям. Хацець быць любым коштам з Езусам і быць такімі, як Ён: гэта наш штодзённы цяжкі крыж, які столькі разоў патрабуе ад нас сказаць «не!», каб мы маглі сказаць сапраўднае «так» Езусу.
«Несці крыж» таму не штосьці, што можна аддзяліць, не тое, што адрозніваецца ад таго, каб ісці за Езусам. Рашэнне пайсці за Ім як за адзіным сапраўдным Чалавекам — значыць адмовіцца ад жадання ствараць сабе свой уласны прыклад або ідэал чалавека, змагацца супраць небяспечнага і шкоднага імкнення паверыць, што чалавек з'яўляецца пачаткам і мерай усяго. Ні традыцыя, ні знешнія звычаі, ні нават рэгістрацыя ў парафіяльнай кнізе ахрышчаных не робяць з чалавека хрысціяніна. Хрысціянінам з'яўляецца той, хто радыкальна і свабодна вырашыў пайсці за Езусам як адзінай Праўдай, якая напоўніць яго чалавечае існаванне. Ісці за Езусам не прыніжае чалавека, не абмяжоўвае яго, а сапраўды вызваляе і робіць роўным у правах.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.