1 чыт. 2 Сам 12, 7-10. 13; Пс 32 (31), 1-2. 5. 7. 11.
2 чыт. Гал 2, 16. 19-21.
Ев. Лк 7, 36 – 8, 3 альбо (карац.) Лк 7, 36-50.
Сучасная культура ўдзяляе вялікую ўвагу «адчуванню віны», але яна яго часта разумее толькі з псіхалагічнага пункту гледжання як «цяжар», як псіхічныя пакуты на мяжы «хваробы». Псіхалагічна-аналітычная культура не вырашае маральную, а толькі тэхнічную праблему: што рабіць, каб мы пазбавіліся адчування віны? Яна не вырашае гэтую праблему з пункту гледжання маралі: якую вестку мне паведамляе і які сэнс я павінен надаваць гэтаму свайму адчуванню, якое мы пазначаем як «адчуванне віны»?
Таму пра адчуванне віны гаворыцца з дапамогай тэрапеўтычных тэрмінаў як пра хваробу, якую неабходна лячыць. Фрэйд напісаў: «Менавіта ў канцы свайго жыцця людзі, якія больш за ўсіх прасунуліся наперад на шляху да святасці, абвінавачваюць саміх сябе ў самых вялікіх подласцях (…), як вядома, спакусы павялічваюцца, калі фрустрацыя працягвае існаваць. Калі мы час ад часу задавальняем гэтыя спакусы, яны — хаця б на нейкі час — аслабеюць».
У якасці тэрапіі супраць адчування віны Фрэйд прапануе знізіць маральныя патрабаванні і пэўным чынам здацца спакусам. На жаль, у нас ёсць такое ўражанне, што сёння многія людзі кіруюцца парадай Фрэйда. Але Езус указвае нам іншы шлях — Божае прабачэнне і Божую моц, якія могуць нас збавіць ад адчування віны і аднавіць нас.
Зграшыў я перад Панам
Першае чытанне апісвае цяжкі грэх чужаложства і забойства, які ўчыніў цар Давід, калі ўзяў сабе за жонку Вірсавію і загадаў забіць яе мужа. Божы голас, выказаны прарокам Натанам, раскрывае і дае пазнаць грэх: «Ты — той чалавек!» Давід усведамляе маштаб сваёй віны толькі тады, калі прарок яго абвінаваціць і асудзіць. Зло, якое мы здзяйсняем, мы практычна цалкам усведамляем перад Божым словам. Без Божага слова мы падвяргаем сябе рызыцы, што будзем шукаць сабе мноства фальшывых апраўданняў.
Пасля абвінавачвання Давіда Натанам Давід усклікне: «Зграшыў я перад Панам!» Давід зразумеў, што ён зграшыў не толькі супраць Урыі, калі ўзяў яго жонку і загадаў забіць яго, але ён усвядоміў, што абразіў Бога. Крыўду, якую Давід прычыніў Урыі, Пан лічыць крыўдай самога сябе, і тым гэты грэх становіцца яшчэ больш сур'ёзным. Тое, што крыўдзіць чалавека, крыўдзіць самога Бога.
Калі Давід прызнаў свой грэх, прарок яму сказаў: «І Пан зняў з цябе грэх твой: ты не памрэш». Давід, прасветлены Божым словам, пазнае свой грэх і прызнае, што ён грэшнік. Бог яму прабачыць і адменіць смяротнае пакаранне. Бо Пан не хоча смерці грэшніка, а яго раскаяння і навяртання.
У выпадку Давіда яго грахі «памяншаюцца» да граху супраць Бога. Гэта значыць, што пасродкам розных грахоў праяўляецца і ажыццяўляецца адзіная тэндэнцыя, якая прыводзіць да смерці, — тэндэнцыя распараджацца ўласным жыццём насуперак Божай волі. Чалавек павінен адкрыць грэх, і тым больш розныя грахі, каб усвядоміць сваё становішча грэшніка і адважыцца на радыкальнае навяртанне. Падчас споведзі мы не павінны абмяжоўвацца толькі вылічваннем грахоў, але павінны ўсё вызнаванне грахоў суміраваць прызнаннем Давіда: «Зграшыў я перад Панам». Значыць, навяртанне будзе перш за ўсё вяртаннем да жыцця з Панам і рашэннем жыць такім чынам, як гэтага хоча Ён.
Вера апраўдвае
Ва ўрыўку з Паслання да Галатаў Гал 2, 16-21 апостал Павел разважае пра шлях, які вядзе да збаўлення, да вызвалення ад граху і да ўдзелу ў Божым жыцці. Увесь гэты працэс называецца «апраўданнем». Што ж робіць чалавека праведным і Божым сынам? Гэта не нашы справы і наша намаганне выправіцца: «бо ўчынкамі Закону не апраўдаецца ніякае цела».
Выказванне Паўла важнае: «чалавек апраўдваецца не ўчынкамі Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыста». Павел адмаўляецца разумець апраўданне ў тым сэнсе, што Бог прызнае тое, што ёсць у чалавеку, бо Бог у тым, хто з'яўляецца грэшнікам, не знаходзіць нічога, што Ён павінен быў бы прызнаць. «Праведнасць», якую Бог дае чалавеку, — бескарысная, таму што грэшнік атрымлівае яе без якой-небудзь заслугі. Чалавек не набывае Божую «праведнасць» за свае добрыя справы, бо гэта Бог, які апраўдвае чалавека і «робіць яго здольным» чыніць добрыя справы і дзякуючы гэтым справам быць карысным. Значыць, добрыя справы з'яўляюцца знакам, што чалавек — збаўлены і што ён прыняў Божую праведнасць.
Ва ўрыўку з Паслання святога Паўла неабходна падкрэсліць яго хрысталагічную перспектыву. Апраўданне з'яўляецца перш за ўсё далучэннем да Хрыста: «Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус». Тое, што «нараджае» дар Духа, наша ўсынаўленне, прабачэнне грахоў, гэта — прысутнасць Езуса Хрыста ў нас.
Мы не павінны думаць, што прабачэнне грахоў, што датычыцца паслядоўнасці ў часе, існуе перад нашым далучэннем да Хрыста. Менавіта наадварот, прысутнасць Хрыста ў нас, разам з дарам Духа Святога і ўсынаўленнем, прыносяць знішчэнне граху.
Значыць, чалавек не мае ніякіх нагодаў хваліцца. Бо Бог у сваёй самай свабоднай любові вырашыў, што Ён нас збавіць, і даў нам свайго Сына: «жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне». Адсюль паходзіць радасць хрысціяніна: ведаць, што ён з'яўляецца любімым і што Езус цалкам аддаў сябе за яго.
Даруюцца табе грахі
Лука звязаў аповед пра грэшніцу, якая раскаялася, з прытчай пра двух даўжнікоў. Агульнай тэмай з’яўляецца бескарыслівае прабачэнне без якіхсьці умоваў. Трэба адзначыць, што ў двух даўжнікоў няма ніякіх заслуг, у іх проста няма грошай, каб заплаціць крэдытору. На Езусавым судзе больш не мае ніякай каштоўнасці звычайная схема «do ut des» (я даю, каб ты даў мне). Перад Богам усе мы без выключэння тыя, хто атрымаў Яго дары, і словы «больш» або «менш» не маюць ніякага значэння. У прытчы не падкрэсліваецца ступень любові, а той факт, што да гэтага моманту ўсе павінны набыць здольнасць вялікай любові.
З тэмай бескарыснага прабачэння звязана тэма ўдзячнай любові. Рашаючым з'яўляецца тое, што гаворыцца пра жанчыну: «Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла» (з чаго паходзіць тое, што яна ведае, што ёй адпускаюцца многія грахі). Божае прабачэнне не з’яўляецца адказам на чалавечую любоў, яно не з’яўляецца нібыта «платай» за гэтую любоў: Бог прабачае бескарысна, незалежна ад таго, ці заслужыць гэта чалавек. Але чалавек, які зведае прабачэнне, становіцца здольным любіць. Чым больш глыбокае перажыванне ён атрымлівае з прабачэння, тым большая любоў нараджаецца ў яго сэрцы.
Нарэшце прыводзіцца вера як нагода для апраўдання: «вера твая ўратавала цябе». Вера – гэта не добрая справа, якая вымушае Бога да таго, каб прабачыць. Вера з'яўляецца прыняццем бескарыснага Божага дару.
Значыць, вера з’яўляецца асновай Божага бескарыснага прабачэння. Любоў — выраз удзячнасці чалавека за прабачэнне. Супольнасць Езуса не з’яўляецца касцёльнай супольнасцю дасканалых і бязгрэшных людзей, а супольнасцю, якая няспынна атрымлівае прабачэнне ад Езуса. У хрысціянскай супольнасці мы не павінны быць як фарысеі і абвінавачваць: «Гэта – грэшніца». Езус есць з грэшнікамі і прымае іх (пар. Лк 15, 1-2), і тое ж павінна рабіць хрысціянская супольнасць, якая не з’яўляецца сектай «недатыкальных», бо яна гатова да дыялога з усімі і прымае кожнага як Езус. Толькі такім чынам яна дапамагае грэшнікам, каб яны навярнуліся і паверылі ў прабачэнне з боку Езуса і прынялі Яго ў сваю душу.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.