1 чыт. 1 Вал 8, 41-43; Пс 117 (116), 1-2.
2 чыт. Гал 1, 1-2. 6-10.
Ев. Лк 7, 1-10.
Абсалютны характар хрысціянства
Праблема адносінаў хрысціянства да нехрысціянскіх рэлігій сёння вельмі актуальная. Для сучаснага чалавека з’яўляецца пытаннем, ці мае хрысціянства права прэтэндаваць на «абсалютную» ісціну. Бо згодна з яго поглядамі ўсё, уключаючы таксама чалавечы вопыт, з’яўляецца рэлятыўным. Знамянальная сустрэча ў Асізі 27 кастрычніка 1986 г. стала знакам узаемнай «адкрытасці» рэлігій паміж сабой. Мы не можам ігнараваць, што сотні мільёнаў людзей на зямлі маюць іншую рэлігію, чым хрысціянскую. Але нельга таксама забываць, што для іх Езус Хрыстус з’яўляецца шляхам, праўдай і жыццём, таму што Бог хоча збаўлення ўсіх людзей. Вось тэкст Другога Ватыканскага Сабору: «Гэтая (пасхальная) таямніца не абавязвае толькі тых людзей, якія вераць у Хрыста, а таксама ўсіх людзей добрай волі, у сэрцах якіх нябачным чынам дзейнічае ласка. Хрыстус памёр дзеля ўсіх, і канчатковы заклік чалавека на самой справе толькі адзін — заклік Божы, і таму мы павінны быць перакананы, што Дух Святы дае ўсім людзям магчымасць (…) прымаць удзел у гэтай пасхальнай таямніцы» (Gaudium et spes, 22). Гэта значыць, што хрысціянства і нехрысціянскія рэлігіі не з’яўляюцца паралелямі, альтэрнатывамі ці ўзаемавыключальнымі рэчамі, а ўсе яны ўтрымліваюцца ў Езусе Хрысце, які з’яўляецца абсалютнай і непераможнай рэлігіяй у тым сэнсе, што Ён — мера і магчымасць усялякіх адносінаў чалавека да Бога.
Малітва «іншапляменніка»
Падчас асвячэння храма ў Ерузалеме Саламон маліўся такім чынам: «і іншапляменнік, які не з Твайго народа Ізраэля, прыйдзе з далёкай зямлі дзеля імя Твайго, (…) і памоліцца ля святыні гэтай, пачуй з неба, (…) каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё». У тэксце адлюстроўваецца сітуацыя ў Ізраэлі пасля вяртання з палону, калі ізраільцяне рассеяліся паміж іншымі народамі і абдумвалі ролю Ізраэля ў дачыненні да гэтых народаў.
Працытаваны ўрывак кажа аб іншаземцы, «які не з Твайго народа Ізраэля», значыць не з'яўляецца часткай Божага народа і прыходзіць з «далёкай зямлі». Такі іншаземец — пабожны, ён цікавіцца тым, што чуе пра Пана, яго прыцягвае імя Бога, аб якім сведчыць яго народ: «бо і яны пачуюць аб Тваім імені вялікім і аб Тваёй руцэ моцнай». Той факт, што іншапляменніка прыцягвае Божы народ, з’яўляецца толькі Божай заслугай, таму што Бог выпраменьвае сваю моц, святасць і святло на Ізраэля. Выпраменьваннем сваёй збаўчай моцы Бог прыцягвае астатніх да жыцця разам з Божым народам. І Бог, які жадае збаўлення ўсіх людзей, чуе таксама малітву «іншапляменніка».
Тут не маецца на ўвазе ніякае ўзгадванне пра місіянерскую працу. Тое, што прыцягвае «іншапляменніка», — зачараванне, якое сыходзіць ад Божага народа, значыць Божае збаўленне, пра якое бачна сведчыць Яго народ. Таму існуе прамое абвяшчэнне Пана словамі, Але не менш важным з'яўляецца абвяшчэнне, якое ажыццяўляецца сведчаннем жыцця Божага народа, з якога яно ззяе.
У гэтым пабожным іншаземцы, пра якога гаворыцца ў малітве Саламона, мы можам бачыць прадстаўніка вялікіх сусветных рэлігій. У іх дзейнічае праўда і ласка Езуса Хрыста, які прыслухоўваецца да малітваў сваіх вернікаў і прыводзіць іх да сябе, прыцягвае іх да свайго народа. Якую бязмежна велізарную адказнасць мае Божы народ, каб сваім жыццём натхняльна і прыцягальна выпраменьваць прысутнасць Хрыста!
Выключнае Евангелле
У Пасланні да Галатаў апостал Павел нагадвае пра тое, што не існуе іншае «Евангелле» акрамя Евангелля Езуса, якое Ён абвяшчаў. Апостал паўтарае сваё перакананне пра абсалютны характар і непераўзыдзенасць Евангелля Езуса.
Супраць тых, хто прапаноўваў вярнуцца да закону Майсея, у якім, паводле іх, неабходна бачыць шлях збаўлення, Павел рашуча і настойліва пацвярджае, што адзіным шляхам збаўлення з’яўляецца Евангелле Езуса. Збаўленне цалкам і канчаткова ажыццявілася ў зямным жыцці Езуса — абсалютным Збаўцы для кожнага чалавека.
Гэта не значыць, што мы ставім супраць сябе Евангелле як ісціну і іншыя рэлігіі як няпраўду, таму што пачаткі ісціны і ласкі Бог засеяў ва ўсё чалавецтва. У дакуменце Сабору Ad gentes у сувязі з гэтым гаворыцца, што нехрысціянскія рэлігіі «ўтрымліваюць элементы праўды і ласкі як быццам схаванай прысутнасцю Божай» (п. 9). Але Павел забараняе такія дзеянні, якімі ўсё спрашчалася і скажалася б, і Евангелле Езуса ставілася б на аднолькавы ўзровень з іншымі, быццам яно з'яўляецца толькі адным з многіх меркаванняў. У гэтым выпадку гаворка ішла б пра «звядзенне хрысціянства да мінімуму» і пра адмаўленне ад яго ўнутранага абсалютнага характару і канчатковай паўнаты, якую яно выводзіць з веры ў Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу.
Выратаваны язычнік
Выпадак з Евангелля датычыць выратавання слугі сотніка-язычніка: адзін сотнік паслыае да Езуса іўдзейскіх старэйшых з просьбай, каб «прыйшоў аздаравіць слугу яго». Сотнік не лічыць сябе годным сустрэцца з Езусам, але ў яго ёсць вялікі давер, што Езус можа выратаваць яго слугу толькі адным словам: «Пане! Я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой». Потым сотнік тлумачыць свой давер у словы Езуса, параўноўваючы гэта са сваім ваенным вопытам. Калі яго салдаты робяць тое, што ён ім загадвае, тым больш дзейсна будзе сваім словам чыніць Езус!
Сотнік тут не прадстаўляе сябе празелітам, значыць навернутым ва іўдзейскую веру, хоць іўдзеі кажуць, што ён «любіць народ наш». Ён, напэўна, з’яўляецца сумленным і добрым чалавекам, які праяўляе сімпатыю да яўрэйскага свету і высакародна ставіцца да яўрэяў, нават пабудаваўшы ім сінагогу. Як кажуць каментарыі да Евангелляў, такія велікадушныя ахвяраванні з боку адданага язычніка не бывалі выключэннем.
Езус хваліць веру сотніка словамі, якія з’яўляюцца вымовай для Божага народа: «Кажу вам, што і ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры». Вера не ведае межаў расы, нацыі або рэлігіі: з пункту гледжання веруючага, чалавек можа знайсці веру ўсюды, калі ён шчыра і з усёй рашучасцю шукае ісціны. Вера гэтага сотніка-язычніка большая за веру ізраільцян і дае яму магчымасць сустрэць збаўленне, якое дае Езус. Мы бачым, што Езус не параўноўвае два сацыяльна-рэлігійныя інстытуты, значыць рэлігію сотніка і рэлігію Ізраэля, але Ён параўноўвае веру, якой жыве сотнік, з верай многіх ізраільцян. З аб'ектыўнага пункту гледжання Ізраэль мае моцную веру, але не ўсе ізраільцяне прынялі яе ў сваё сумленне і ў сваё канкрэтнае практычнае жыццё, як гэта зрабіў сотнік, які нават не з'яўляецца членам Божага народа.
Таксама ў людзях з нехрысціянскіх рэлігій дзейнічае таямнічым чынам ласка Езуса Хрыста, і таму яна можа перайсці ў сапраўдную веру, якая, як кажа святы Тамаш, «non terminatur ad enuntiabile, sed ad rem» (не заканчваецца ў абвяшчаемым, але ў рэальнасцях, у якія мы верым). У абвяшчэнні веры могуць быць прабелы, недаканаласці і скажэнні, але гэта не можа перашкодзіць таму, каб вера дасягнула мэты, якую яна сабе паставіла і якой з’яўляецца Пан Езус.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.