Пошук

09.05.2013 23:40  


1 чыт. Дз 7, 55-60; Пс 97 (96), 1 i 2b. 6 i 7c. 9.
2 чыт. Ап 22, 12-14. 16-17. 20.
Ев. Ян 17, 20-26.


Толькі тыдзень аддзяляе нас ад урачыстасці Спаслання Духа Святога на апосталаў, сабраных у Вячэрніку. Падобна як апосталы, так і мы думаем ужо сёння пра тое, што прынясе нам Дух Святы. Сярод Яго шматлікіх дароў сённяшняе Евангелле ўзгадвае асабліва пра патрэбу еднасці і любові ў нашым жыцці.

У сваёй архісвятарскай малітве, прамоўленай у Вячэрніку, Хрыстус узняў дзве тэмы: тэму еднасці і тэму любові. У сапраўднасці ж гэта адна тэма. Бо еднасць — гэта плён любові, а любоў на практыцы вядзе да еднасці. Езсу вельмі клапаціўся пра тое, каб апосталы былі адзіным. Таму Ён так горача маліўся, так прасіў свайго Нябеснага Айца: «Ойча, учыні, каб усе былі адно». Здаецца, апосталы не разумелі сутнасці гэтай малітвы. Яны былі адзіным з Езусам. Не адчувалі ўчынку Юды, які парушыў гэтую еднасць. Адзін толькі Езус дасканала ведаў пра ўсё.

Але Езус сваім боскім позіркам ведаў таксама і будучыню. Ён ведаў пра раздзеленае хрысціянства, пра балючае разбіванне вялікай чалавечай сям’і, бачыў спрэчкі і таму маліўся аб еднасці для ўсяго чалавечага роду. Якой жа еднасці жадае Езус?

Перш за ўсё Ён клапоціцца пра нашу еднасць з Богам. Бо Бог з’яўляецца адзіным, таму любая еднасць, таксама і наша, мае сваю крыніцу ў Богу і з Бога вырастае. Адсюль просьба Хрыста: «Ойча, учыні, каб усе былі адно». У гэтых словах Езус дакладна акрэслівае сутнасць гэтай еднасці. Якой яна павінна быць? Такой, якая еднасць Езуса з Яго Айцом. Езус выразна кажа: «Ойча, учыні, каб усе былі адно, але так, як Я ў Табе, а Ты ўва Мне, каб яны ў нас былі адно». А якая гэтая еднасць Хрыста з Айцом? Перадусім гэта еднасць у існаванні і еднасць у дзеянні. Еднасць у любові і еднасць у вечнасці. Якая ж непарыўная, арганічная гэтая еднасць!

Езус прагне, каб мы з Ім трывалі ў такой еднасці. Святы Аўгустын кажа, што на практыцы гэтая еднасць выражаецца ў жаданні таго, чаго жадае Бог, і чыненні таго, чаго Ён патрабуе ад нас. Езус Хрыстус у клопаце пра гэтую еднасць аддаў сваё жыццё на крыжы. Святы Ян Евангеліст адзначае, што Езус павінен быў памерці за народ, і не толькі за народ, але таксама каб рассеяныя дзеці былі сабраны ў адно (пар. Ян 11, 52). Клопат аб еднасці быў мэтай і сэнсам зямнога жыцця Езуса. Ён ведаў, якім вялікім злом была раз’яднанасць народа, колькі няшчасцяў нараджалі спрэчкі і звады паміж людзьмі, якім балючыя і сумныя плёны выклікала нянавісць і забабоны, таму маліў свайго Айца аб еднасці: Ойча, учыні, каб усе былі адно. Каб так сабраліся ў адно, каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў і Ты іх палюбіў, як Мяне палюбіў.

Смерць Езуса на крыжы — гэта вялікая мальба аб еднасці. Паміраючы на крыжы, Хрыстус мог сказаць: людзі, глядзіце, якую вялікую каштоўнасць мае еднасць, калі Я плачу за яе такую вялікую цану! Езус не пабаяўся заплаціць такую цану, каб толькі дасягнуць гэтага.

Еднасць патрэбна практычна ўсім. Але найбольш патрабуюць яе тыя, хто лічыць сябе з’яднанымі. Еднасць засноўваецца не толькі на знешнім з’яднанні, на пазбяганні непаразуменняў і варожасці, але сваімі пачаткамі і каранямі ідзе ва ўнутраную сутнасць чалавека. Толькі той можа жыць еднасцю і раздаваць яе іншым, хто носіць гэтую еднасць у сабе.

Свайго роду ўзорам і мерай гэтай еднасці з’яўляецца еднасць, якую мае ўся Найсвяцейшая Тройца. Езус, пастаянна звяртаючыся да гэтай тэмы, жадае, каб мы не толькі насілі гэтую еднасць у сабе, але і каб жылі ёю кожны дзень. Для апостала і хрысціяніна, а таксама для ўсяго Касцёла толькі такая еднасць з’яўляецца абавязковай і годнай наследавання.

Як выпрацаваць такую еднасць у сабе? На гэтае пытанне дае нам адказ таксама Хрыстус у сённяшнім Евангеллі. Да такой еднасці можна дайсці толькі шляхам любові. Любоў не толькі нараджае еднасць, але падтрымлівае і развівае яе ў нашым жыцці. Езус Хрыстус заўсёды вяртаўся да гэтай тэмы і прысвяціў ёй таксама свае развітальныя словы. Яна ўзнімаецца і ў сённяшнім Евангеллі. Па Яго словах, гэта павінна быць любоў надпрыродная і Божая. Хто мае такую любоў у сэрцы, той з’яднаны з Богам і з людзьмі.

Гэтая любоў супакойвае ўзбураныя чалавечыя сэрцы, загойвае раны, выкліканыя нячуласцю іншых людзей, знішчае непаразуменні і барацьбу, выконвае ролю збаўчага бальзаму, які лечыць невылечныя чалавечыя хваробы. Варта жадаць такой любові і варта нават прысвяціць ёй усё сваё жыццё. Будзем упэўненыя, што нават калі мы не скарыстаемся плёнамі гэтай любові, то імі скарыстаюцца іншыя людзі, можа, тыя, якія сёння так часта пагарджаюць любоўю Езуса. Гэтая любоў ніколі не гіне, бо яна паходзіць ад Бога. Узмоцнім нашы высілкі, каб Божая любоў, прысутная ў нашых сэрцах, была заўсёды жывой, каб апраменьвала нашы абліччы і нараджала найцудоўнейшы дар, еднасць з Богам і з людзьмі.

Ks. Stanisław Grzybek. Z obfitości serca mówią usta. Homilie na rok C, Kraków 1988

Абноўлена 25.04.2019 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця