Пошук

03.05.2013 00:00  

1 чыт. Дз 15, 1-2. 22-29; Пс 67 (66), 2-3.  5. 6 i  8.
2 чыт. Ап 21, 10-14. 22-23.
Ев. Ян 14, 23-29
.

Законы Касцёла

Бог хоча нас збавіць, зрабіць сваімі дзецьмі, сабраць у сваім Касцёле, у канкрэтнай парафіяльнай супольнасці. Касцёл не існуе па волі людзей, яго існаванне робіць магчымым Божы план збаўлення і моцная Божая збаўленчая дзейнасць. Бог не робіць адрозненняў паміж людзьмі. Менавіта гэтым Касцёл не падобны да сектаў. Касцёл не з’яўляецца таксама «таямнічым таварыствам», таму што збаўленне прыходзіць ад Стварыцеля ўсяго, які хоча быць Богам для ўсіх людзей.

У сённяшняй літургіі мы працягнем нашыя разважанні пра таямніцу Касцёла як гістарычны і чалавечы суб’ект, у якім сярод людзей прысутнічае і энергічна дзейнічае Бог.


Касцёл веруючых

У першым чытанні мы чуем аб праблеме, якая прыгнятала першую хрысціянскую супольнасць: ці з'яўляецца Касцёл звычайным працягам габрэйскай сінагогі? Некаторыя хрысціяне, якія мелі юдэйскае паходжанне, прытрымліваліся меркавання, што «калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі». Калі б гаворка ішла пра мясцовыя звычаі ці абрады народа, гэтая праблема не ўзнікла б. Але за абразаннем утойваліся намаганні хрысціянаў (што мелі юдэйскае паходжанне) устанавіць дзеянне Майсеевага закону шляхам збаўлення для ўсіх людзей. Закон Майсееў з’яўляўся праўдзівым і дзейсным шляхам збаўлення для ізраільскага народа. Але Езус Хрыстус дае Закону новае значэнне. Закон становіцца выразам патрабаванняў, якімі жыў Езус.

У гэтым выпадку гаворка ішла пра законы юрыдычнага і рытуальнага характару: «устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана». Да гэтага яшчэ дадалося: «і ад распусты».

«Апосталы і старэйшыя браты» сабраліся, каб прыняць рашэнне, якое дало б магчымасць мірнага суіснавання паміж хрысціянамі з розных этнічных груп і хрысціянамі юдэйскага паходжання. Хрысціянская супольнасць (напрыклад, у Антыёхіі) згаджаецца з захаваннем некаторых законаў адносна габрэйскай чыстасці. Такім чынам, асноўная хрысціянская свабода не адмаўлялася, і да таго ж шукаўся шчыры і канструктыўны дыялог з іўдаізмам.

«Тут падкрэсліваецца першачарговая маральная каштоўнасць — стварэнне супольнасці ў адзінстве і любові... Стварэнню супольнасці тут падпарадкоўваецца нават хрысціянская свабода, якая павінна заўсёды абараняць ісціну збаўлення толькі ў імя Езуса Хрыста» (кардынал Карла Марыя Марціні).

Таксама і нам варта было б навучыцца бачыць касцёльныя нормы ў гэтым святле і не дазволіць справакаваць сябе на пустую крытыку. Канечне, нормы, якія далі апосталы, у хуткім часе састарэлі, бо перасталі існаваць гістарычныя сітуацыі, якія іх выклікалі. Аднак мы павінны верыць, што Дух Святы дапамагае Касцёлу і кіруе ім у часе і ў гісторыі, у будаванні супольнасці любові і фарміраванні норм. Хоць законы Касцёла і не з’яўляюцца «беспамылковымі» нормамі, усё ж такі іх прымяненне дапамагае жыць адзінствам хрысціянскай супольнасці. Калі мы будзем іх верна захоўваць і звязваць з натхняючым коранем, ствараючы свабоду, якую даў нам Хрыстус, мы можам спрыяць таму, каб і самі нормы паступова станавіліся больш дасканалымі.


Дванаццаць краевугольных камянёў

У другім чытанні Касцёл параўноўваецца з горадам з высокім мурам і дванаццаццю брамамі; «і мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці».

Дадзены вобраз дапамагае нам зразумець, што Касцёл — гэта народ, сабраны вакол пастыраў, якіх абраў сабе Езус Хрыстус і якіх Ён паставіў кіраваць сваім Касцёлам. У канстытуцыі «Lumen gentium» гаворыцца: «Боская місія, якую Хрыстус даверыў апосталам, будзе працягвацца аж да канца вякоў, тому што Евангелле, якое яны павінны абвяшчаць, з'яўляецца для Касцёла ў кожны час асновай усялякага жыцця. Таму апосталы паклапаціліся, каб устанавіць сваіх пераемнікаў у гэтым іерархічна арганізаваным грамадстве» (п. 20).

Калі гаворка ідзе пра Касцёл як пра бачную супольнасць і грамадскі арганізм, то яму неабходны законы і нормы, якія выражаюць яго пазіцыю і кіруюць жыццём грамадства. Таму іерархічны аўтарытэт у Касцёле павінен мець таксама заканадаўчую сілу.


Адзінае сонца

Узгадваючы сэнс і каштоўнасць касцёльных законаў, мы не забылі, што «горад не мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў луне для асвятлення свайго, бо слава Божая асвяціла яго, і светач яго — Ягня». Мэта касцёльных законаў у тым, каб прывесці нас да адзінага святла, якое можа нас збавіць, — да Езуса Хрыста.

У Евангеллі Езус абяцае ўнутранае святло і разуменне таго, што Ён кажа: «Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам». Дух Хрыстовы — аснова «Новага Запавету» хрысціяніна. Нормы ў гісторыі змяняюцца, яны падпарадкоўваюцца простым ацэнкам, якія звязаны з дадзенай эпохай і сітуацыяй паводле таго, якім чынам у дадзены момант і на дадзеным месцы здзяйсняецца Хрыстовая любоў. Але аснова новага жыцця — тая ж самая, пастаянна ідэнтычная і пастаянна новая — Хрыстовы Дух.

Ніхто не выключаны з закліку Езуса. Усе людзі, незалежна ад расы, мовы ці нацыі могуць стаць членамі Касцёла, калі прымуць Духа Хрыстовага і Яго слова. Бо асновай нашай прыналежнасці да Касцёла з’яўляецца вера ў Хрыста, і мы выражаем яе тым, што прымаем слова Хрыста, якое абвяшчае ўвесь Касцёл на чале з пераемнікам Пятра і біскупамі і ў лучнасці з Хрыстом.

Гэта Дух Езуса, які пранікае ў сэрцы людзей праз моц Евангелля, нараджае Божых дзяцей у хросце, і такім чынам пастаянна нараджае Касцёл, амаложвае і натхняе яго. Дух Езуса пастаянна кліча ў Касцёл усё новых і новых вучняў, здзяйсняе цуды ў сэрцах людзей, якія любяць Езуса, слухаюць Яго і захоўваюць Яго слова. Такім чынам яны становяцца святыняй Найсвяцейшай Тройцы: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да Яго, і зробім жыллё ў Яго».


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 25.04.2019 19:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа