1 чыт. Дз 14, 21b-27; Пс 145 (144), 8-9. 10-11. 12-13ab.
2 чыт. Ап 21, 1-5а
Ев. Ян 13, 31-33а. 34-35.
Брамы веры
Чытанні сённяшняй нядзелі зноў прыводзяць нас да роздуму над Касцёлам як Божым народам. Гэта тэма, якая ўвесь час актуальная, таму што непасрэдна звязана з якасцю хрысціянскага жыцця. Гэтым жыццём з’яўляецца жыццё не толькі асобнага чалавека, але жыццё ў супольнасці.
Пры гэтым мы павінны быць уважлівымі, каб не ўпасці ў пэўную форму «касцёлацэнтрызму» — поўнага засяроджання на Касцёле, — але і не можам упасці таксама ў хрысціянскі індывідуалізм, значыць разумець і перажываць хрысціянства як штосьці, што прапануецца чалавеку як асобнай асобе для яе індывідуальнага жыцця. Мы не можам аддзяляць Касцёл ад Езуса Хрыста, бо мы б пазбавілі Яго «цела» і «нявесты», пазбавілі б супольнасці, якая з’яўляецца Яго сям’ёй, у якой Ён — брат і Пан, Створца і Збаўца.
Універсальны Касцёл
Першае чытанне (Дз 14, 21–27) стварае выразную карціну першых хрысціянскіх супольнасцяў, у якіх Павел і Барнаба абвяшчалі Евангелле Хрыста. Тут былі асноўныя элементы хрысціянскай супольнасці. Апосталы абвяшчаюць Божае слова, навучаюць і натхняюць вучняў, каб былі моцнымі ў веры, аб’ядноўваюць супольнасці, рукапакладаюць новых прэзбітэраў. Касцёл з’яўляецца супольнасцю людзей, якія «паверылі ў Пана», якія моляцца і даверыліся Божай ласцы, значыць самому Пану.
Цікава адзначыць, што гутарка ідзе пра лакальныя, мясцовыя супольнасці, якія існавалі як у невялікіх цэнтрах, такіх як Лістра, Іконія, Пергія і Атталія, так і ў буйных цэнтрах, такіх як Антыёхія. Мясцовыя Касцёлы — гэта не толькі асобныя часткі Касцёла, яны з’яўляюцца ўніверсальным Касцёлам, які знаходзіць сваё канкрэтнае існаванне ў кожным мясцовым Касцёле. Калі б не існавалі мясцовыя супольнасці, не існавала б Паўсюднага Касцёла. Адзінства Касцёла таму не значыць аднастайнасці ці ліквідацыі асаблівасцяў, але яно з’яўляецца душэўным адзінствам асобных Касцёлаў. Паміж Паўсюдным Касцёлам і мясцовымі існуе ўнутраная сувязь, пэўны від узаемапранікнення.
У літургічным ўрыўку часта ўжываецца тэрмін «у веры», «паверылі» і цудоўны выраз «брамы веры», праз якія можна ўвайсці і так стаць часткай Касцёла. Мясцовыя Касцёлы з’яўляюцца арганізаванымі супольнасцямі, якія ўзніклі вакол Паўла і Барнабы ці вакол сваіх мясцовых кіраўнікоў супольнасцяў (прэзбітэраў) у слуханні Божага слова і былі ажыўлены верай у Езуса. Такім чынам, вера ва ўваскрослага Езуса дае Касцёлу жыццё.
Новы Ерузалем
Бачанне святога апостала Яна, прыведзенае ў сённяшнім другім чытанні, з’яўляецца цудоўным сузіраннем Касцёла, сімвалам якога з’яўляецца святы горад Ерузалем. Гэты горад, што сыходзіць ад Бога з Неба, падрыхтаваны як нявеста, упрыгожаная для свайго жаніха. Ерузалем — гэта жытло Бога сярод людзей, гэта новы народ, ізноў створаны і збаўлены Тым, хто ўсё аднаўляе.
Касцёл з’яўляецца таямніцай, таму што яго паходжанне ў Богу, таму што ён з’яўляецца прысутнасцю Бога і Яго скініяй сярод людзей. Таямніцай з’яўляецца Божая воля збавіць людзей, якая здзяйсняецца ў Езусе Хрысце. Такім чынам Касцёл з’яўляецца прысутнасцю гэтай збаўчай волі ў гісторыі чалавецтва.
Але ўрывак з Бібліі ўказвае толькі на апошні факт, калі Бог атрэ «кожную слязу з вачэй іхніх», знішчыць смерць, самоту і ўсё адновіць. Гэта менавіта таму, што ў Касцёла не існуе толькі зямное і бачнае вымярэнне.
У канстытуцыі «Lumen gentium» сцвярджаецца: «Касцёл, да яго ўсіх нас кліча Езус Хрыстус і ў якім мы з Божай ласкай набываем святасць, завершыцца толькі ў нябеснай хвале, калі прыйдзе час аднаўлення ўсіх рэчаў» (п.48). Ужо цяпер, тут і ў гэты момант, Касцёл — гэта гістарычна бачны і арганізаваны суб’ект, але і адначасова эсхаталагічны народ, аб’яднаны з нябесным Касцёлам. Таямніца Касцёла ў тым, што такая мэта ўжо прысутнічае ў схаванай і зародкавай форме ў зямным Касцёле. Касцёл жыве ў надзеі, пакоры і беднасці сваёй незавершанасці, крочачы ў накірунку да Божага Валадарства, але якое ў ім ўжо дзейнічае.
Закон любові
Які статут новай людской супольнасці, якая верыць ва Уваскрослага Езуса? Сам Хрыстус даў сваім вучням ў якасці адрознага знака запаведзь любові: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34). Езус называе яе запаведдзю, але не ў сэнсе знешняга закона. Таксама Езус атрымлівае запаведзь ад Айца і кажа: «Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові» (Ян 15, 10). Запаведзі Айца — гэта Яго любоў да Езуса.
Такім чынам, законы Езуса не з’яўляюцца загадам ці законам у звычайным сэнсе, яны — праяўленне любові Айца, якія павінны асвячаць усё жыццё сапраўднага вучня Езуса.
Значыць, Езус патрабуе, каб мы прынялі любоў Айца так, як прыняў яе Ён, і каб мы жылі ёю так, як ёю жыў Ён. Любоў паміж братамі-хрысціянамі з’яўляецца ўдзелам у Божай любові, якой Айцец любіць Сына.
Любоў, якую Езус паказвае і робіць магчымай, гэта тая ж любоў, якой Айцец любіць Езуса. Любоў Езуса не з’яўляецца толькі прыкладам для нас, нормай, але і прынцыпам і крыніцай нашай узаемнай любові. «Навізна» запаведзі Хрыста не ў тым, што Ён патрабуе ад нас любіць увогуле, але менавіта так, «як Ён палюбіў нас».
Сапраўдная хрысціянская любоў выцякае са зносінаў хрысціянаў з Хрыстом, значыць, таксама са зносінаў з Айцом, і адначасова паказвае і праяўляе гэтыя таямнічыя, але сапраўдныя адносіны паміж людзьмі, якія выконваюцца ў любові з Богам: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Вучні Езуса павінны паказаць, што магчыма любіць так, як любіў Хрыстус. Гэта любоў, якая паказвае, хто такія вучні Езуса. Канкрэтнае жыццё ва ўзаемнай хрысціянскай любові з’яўляецца першай, сутнаснай формай місіі хрысціянаў у свеце.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.