1 чыт. Дз 5, 27b-32. 40b-41; Пс 30(29), 2 i 4. 5 i 6. 11 i 12a i 13b.
2 чыт. Ап 5, 11-14.
Ев. Ян 21, 1-19 альбо (карац.) Ян 21, 1-14.
Цудоўны ўлоў рыбы
Касцёл жыве верай ва ўваскрослага з памерлых Езуса Хрыста. Касцёл жыве перакананнем, што Бог мацнейшы за смерць, што Ён можа даць вечнае жыццё ўкрыжаванаму і пахаванаму чалавеку. Гэтая вестка, магчыма, здаецца нам перабольшанай, бо мы занадта прызвычаіліся да таго, што смерць мае апошняе слова.
Аднак вера ва ўваскрасенне Хрыстовае не закрывае вусны Касцёлу, а Бог не застаецца бяссільным перад смерцю. Наадварот, гэтая вера абвяшчае, што Бог збаўляе (і збаўленчая моц здзяйсняецца таксама ў адносінах да смерці), а слова Яго ажыўляе.
Такім чынам, Касцёл верыць, што Бог дае жыццё, што апошняе слова з’яўляецца словам жыцця, якое паходзіць ад Бога.
Нам складана зразумець пасхальную вестку пра ўваскрасенне Езуса з памерлых. Прасцей, напэўна, разважаць пра Езуса, які нарадзіўся, навучаў, здзяйсняў цуды і суцяшаў людзей. Мы павінны навучыцца новаму спосабу мыслення. Мы павінны давяраць Божаму слову, якое кіруе намі пры разважанні і якое дапамагае нам разумець новае. Толькі Божае слова дае нам магчымасць «зразумець», што Езус жыве, прысутнічае і дзейнічае ў сваім Касцёле.
Сведчанне Касцёла
Пасля ўваскрасення Езуса з памерлых сінедрыён застрашваў Пятра і апосталаў і загадваў ім маўчаць. Пётр і апосталы адказвалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».
Тут паказаны духоўны малюнак Касцёла: гэта супольнасць людзей, якія вераць, што Бог уваскрасіў Езуса. Супольнасць гэтая кіруецца вучэннем Езуса, захапляецца Яго ўзорным жыццём, прымае Яго вестку і верыць, што Бог устанавіў Хрыста «Уладаром і Збаўцам». Гэта значыць, што Касцёл не прызнае ніякага іншага «ўладара» акрамя свайго Пана.
Такім чынам, Касцёл з’яўляецца супольнасцю людзей, якія цалкам залежаць ад Езуса і вераць, што толькі Ён мае ўладу даць ім жыццё, вызваліць іх ад зла, у тым ліку і ад смерці. Божы народ, новы Ізраэль, атрымлівае ад Езуса ласку навяртання і прабачэнне грахоў.
Навяртанне — гэта тая ж самая здольнасць паверыць. Прабачэнне грахоў — гэта радыкальная перамена сэрца і здольнасць весці новае жыццё. І ўсё гэта з’яўляецца пладом Духа, якога дае Уваскрослы.
«І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму»: Касцёл пакліканы даваць сведчанне. Што гэта значыць? Па сутнасці, Касцёл з’яўляецца жывой «памяццю» пра Езуса Хрыста. А быць сведкамі жыцця Езуса ў гісторыі азначае ажыўляць памяць пра Яго з непарушнай надзеяй на Яго прыйсце. Гэта азначае таксама, што Касцёл павінен перажываць сваю ўласную місію, г.зн. абвяшчаць свету вестку збаўлення, якім з’яўляецца сам Хрыстус.
Жывая памяць Касцёла
Другое чытанне апісвае апакаліптычнае аб’яўляенне апосталу Яну, які чуў «голас мноства анёлаў вакол трона і жывёлаў, і старцаў, і колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч. Яны казалі гучным голасам: Забітае Ягня годнае прыняць сілу і багацце, і мудрасць, і моц, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».
Гэта — Касцёл усіх часоў, Касцёл святых і збаўленых, нябесны і зямны Касцёл, які вызнае сваю веру ў забітае Ягня.
Акрамя Езуса, забітага Ягняці, няма ні багацця, ні ўлады, ні мудрасці, ні моцы, ні гонару, ні благаслаўлення. Менавіта ў Ім усё, што ажыўляе.
Звернем увагу на тое, што Ян не кажа пра «смерць» Пана Езуса ўвогуле. Ён кажа пра гэту адзіную смерць праз укрыжаванне, якая была ахвярай. І з гэтай, асаблівай смерці Езуса, сыходзіць моц збаўлення. І гэтаму забітаму Ягняці належыць сіла і багацце, мудрасць і пашана, хвала і благаслаўленне.
Касцёл няспынна нагадвае пра свайго Уладара — свайго кіраўніка і Збаўцу, які асуджае насілле, эгаізм, грэх і нявернасць людзей, якія аддалі Яго на смерць.
Ноч і цудоўны ўлоў рыбы на світанні
Сцэна з Евангелля адбываецца «ноччу»: «не паймалі ў тую ноч нічога». Евангеліст Ян, вельмі ўважлівы да сімвалаў, бачыць у гэтай «ночы» не толькі факт, які адлюстроўвае няўдалы ўлоў, але таксама сімвал адсутнасці Езуса. Без Езуса нельга нічога злавіць: усё становіцца бескарысным і бясплодным.
Але настала світанне. «Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе». З Езусам распачынаецца новы дзень, знікае цемра бессэнсоўнасці і патрачаных намаганняў. Ноччу пануе ініцыятыва людзей (Пётр кажа: «іду лавіць рыбу»), калі ж настае новы дзень, ініцыятыву ў свае рукі бярэ Езус: «Закінце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце». Гэта загад, але адначасова і словы любові да вучняў, якіх Езус любіў, абяцанне паспяховага завяршэння іх намаганняў, гарантыя поспеху.
Пасля цудоўнага ўлову рыбы вучні ўсклікнулі: «Гэта Пан». Гаворка ідзе пра вызнанне веры Яна, прамоўленае ад імя ўсіх: Езус — наш Пан, Ён уваскрос. Затым Езус скіроўвае да вучняў заклік: «Хадзіце ж, снедайце!». І ў гэты момант гаворыцца не толькі пра рыбу, але і пра хлеб, які даў ім Езус. Цяпер Езус знаходзіцца ў новай супольнасці, якую Ён сам насычае тым, што дае хлеб і рыбу, якія сімвалізуюць Ягоны дар самога сябе. Відавочна, што пасхальны пір Езуса з вучнямі з’яўляецца сімвалам Эўхарыстыі.
Затым Езус скіроўвае заклік да Пятра, каб ішоў за Ім і пасвіў авечак Яго. Але пры гэтым кажа Пятру: «выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». Следаванне Пятра за Хрыстом — суровае, цяжкае. Пётр атрымлівае заклік не панаваць над паствай, але пасвіць іх з любові да Езуса і ахвяраваць за іх асабістае жыццё. Пакліканне Пятра заключаецца не ў прымяненні аўтарытэту і ўлады, а ў велікадушным аддаванні свайго жыцця, як гэта зрабіў Езус. Толькі повязі асабістай любові («ці любіш ты Мяне?») робяць Пятра здольным пайсці за Панам і цалкам аддацца Яму.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.