Пошук

05.04.2013 00:00  

1 чыт. Дз 5, 12-16; Пс 118 (117), 1i 4. 13-14. 22 i 24.
2 чыт. Ап 1,9-11a. 12-13. 17-19.
Ев. Ян 20, 19-31
.


Дары Уваскрослага

Гісторыя Касцёла пачынаецца з Пасхі Езуса Хрыста. Гэта гісторыя ранніх хрысціянаў і адначасова гісторыя Касцёла ўсіх хрысціянаў ажно да сённяшняга часу. У гэтай доўгай і неспакойнай гісторыі жыве Езус, Ён у ёй прысутнічае і дзейнічае праз пасрэдніцтва свайго Духа. Гісторыя Касцёла — гэта гісторыя дзеяння Езуса і Яго сілы сярод Яго вучняў, якія жывуць у свеце. Езус ніколі не пакінуў і не пакіне свой Касцёл.

Пад уплывам сродкаў масавай камунікацыі мы, магчыма, бачым толькі знешні і менш знамянальны бок Касцёла, г. зн. «касцёльную палітыку». Аднак сённяшнія чытанні вядуць нас да больш глыбокага разумення таямніцы жыцця Касцёла, а менавіта праз разважанне пра дары, якія Уваскрослы падзяляе ў сваёй сям’і, у Божым народзе, які нарадзіўся з Яго прабітага боку і ажыўляецца Яго Духам.

Гісторыя Касцёла з’яўляецца гісторыяй святых і грэшнікаў, велікадушных і гераічных мужчын і жанчын, але таксама часам убогіх мужчын і жанчын. Але ўсё ж такі яна з’яўляецца перш за ўсё гісторыяй цудоўных дзеянняў, якія здзяйсняе ў нас Божая любоў.


Дар паклікання

Першым дарам Езуса з’яўляецца дар паклікання: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Гаворка ідзе аб прадвызначэнні Езуса: Бог з самага пачатку думаў пра Езуса, Ён з самага пачатку меў у сваёй задуме паслаць Яго да нас дзеля нас.

Тое, што Бог паслаў свайго Сына, не з’яўляецца выпадковасцю. Гэта таксама не абумоўлена станам грахоўнасці чалавека. Яшчэ да таго, як Ён стварыў свет, Ён меў задуму даць людзям сваю любоў і сваё жыццё. Гэтае жаданне Бога, якое здзейснілася канкрэтна і рэальна ў свеце, які паглынуў грэх. Бог прагнуў мець саўдзел з людзьмі ў іх журботным і смяротным становішчы. Такім чынам, з Божай волі паслаць Сына ў свет нараджаецца Божая задума стварыць Касцёл — супольнасць Божых дзяцей. Пасланне Сына — бескарыслівы жэст Бога, які не звязаны з гісторыяй чалавецтва.

Аднак місія, якую Езус прыняў, пэўным чынам «працягваецца» ў нас. Бо Езус «пасылае» свой Касцёл. Гэта значыць, што Бог жадаў даручыць місію свайго Сына Касцёлу. Бог хацеў прапанаваць нам гэтую прыгоду.

Такім чынам, Касцёл нараджаецца не па волі людзей. Касцёл бярэ свой пачатак ад рашэння Бога Айца. Як чытаем у канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору «Lumen gentium», «Касцёл бярэ свой пачатак ад пасланніцтва Духа Святога паводле задумы Бога Айца». Таму Касцёл мае траічны пачатак і ў выніку — «найвышэйшым узорам і асновай гэтай таямніцы з’яўляецца адзінства ў Тройцы Асобаў адзінага Бога Айца і Сына ў Духу Святым» (Unitatis redintegratio,  2).


Дар Духа

Езус сказаў сваім вучням: «Прыміце Духа Святога». Дух Святы з’яўляецца дарам Уваскрослага Яго Касцёлу. Тым, што Пан Езус даў нам свайго Духа, Ён падарыў нам сваё жыццё, сваю сілу, сваю радасць. Праз пасрэдніцтва Духа Езус і цяпер дзейнічае ў сваім Касцёле.

Задачай Духа з’яўляецца не пачынаць ці ствараць што-небудзь «новае», а ўносіць у нас яўленне Езуса, каб мы Яго глыбей і з большым даверам пазнавалі. Сам Езус сказаў: «А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў Імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам» (Як 14, 26). Дух Святы робіць Касцёл здольным жыць і паміраць такім чынам, як жыў і памёр Езус. Ён з’яўляецца моцай, якая дапамагае нам прыпадобніцца да Езуса: без Духа Езус застаўся б для нас непераймальным Настаўнікам, якога б не зразумелі.


Дар веры

Дух Святы абуджае ў нас веру. Без Духа Езуса мы не былі б здольнымі вызнаваць хрысціянскую веру (пар. Рым 10, 9). Бо, як адзначае апостал Павел, «усе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя» (Рым 8, 14). Дух робіць нас веруючымі, Божымі дзецьмі, «умацоўвае нас» (пар. Рым 8, 26). Менавіта Дух Езуса натхняе Тамаша сказаць: «Пан мой і Бог мой!» Гэта Дух дае нам магчымасць верыць ва ўваскрослага Пана. Менавіта верай у змёртвыхпаўстанне адрозніваюцца сапраўдныя хрысціяне ад тых, якія называюць сябе хрысціянамі паводле традыцыі або звычаю.


Дар прымірэння

Езус кажа: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца». «Прабачаць» і «пакідаць» — словы раўназначныя. Езус пераносіць сваю ўладу прабачаць грахі на Касцёл. Супольнасць Касцёла робіць прысутным прабачэнне і жыццё, якое Айцец дае чалавецтву ў Езусе Хрысце. Людзі павінны заняць ясную пазіцыю адносна таго, што абвяшчае Касцёл: або яны будуць за Езуса, або супраць Яго.


Дар аздараўлення

У першым чытанні вымалёўваецца ідэальны малюнак пра раннюю касцёльную супольнасць веруючых у Пана. Гэта супольнасць, у якой «было ўчынена шмат цудаў і знакаў», у якой для атрымання ласкі аздараўлення «выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на ложках і насілках». Касцёл — супольнасць Езуса, у якой можна атрымаць аздараўленне.

Можа ўзнікнуць такое супярэчанне: гэтыя знакі і цуды здзяйсняліся менавіта ў пачатку Касцёла, а чаму яны цяпер не здзяйсняюцца? Касцёл назаўсёды з’яўляецца Касцёлам Езуса, у якім Ён увесь час эфектыўна дзейнічае. Калі б мы толькі ўмелі заўважаць цуды, якія Бог і цяпер здзяйсняе ў сваім Касцёле! Калі б мы больш паслядоўна наследавалі Езуса, то мы б больш заўважалі Яго аздараўленчую сілу. Калі мы сапраўды ідзем за Хрыстом, то ўсё нашае хрысціянскае жыццё з’яўляецца сведчаннем бясконцых Божых цудаў.


Дар радасці

У другім чытанні апостал Ян чуе голас: «Не бойся, Я — першы і апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і пекла». Уваскрослы Езус пазбаўляе свой Касцёл ад страху перад смерцю і паражэннем. Ён напаўняе яго ўпэўненасцю праз сваю перамогу і дае радасць вечнага жыцця. Ніхто не можа нас вызваліць ад смерці, толькі Бог. Вера ва ўваскрасенне Езуса з памерлых вызваляе ад смерці, і ў выніку таксама ад усялякага страху. Касцёл Уваскрослага з’яўляецца Касцёлам поўнай радасці ад жыцця.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 20.03.2018 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця