Пошук

14.03.2013 00:00  

1 чыт. Ic 43, 16-21; Пс 126 (125), 1-2ab. 2cd-3. 4-5. 6.
2 чыт. Флп 3, 8-14.
Ев. Ян 8, 1-11
.


Езус вызваляе жанчыну

Якую пабожнасць мы перажываем у сваім жыцці? Гэтае пытанне можа падацца нам дзіўным, але будзе карысна над ім задумацца. Гаворка можа ісці пра фарысейскую пабожнасць, якая зыходзіць ад нас, калі мы хочам зрабіць «што-небудзь» для Бога і для братоў. Або гэта можа быць традыцыйная пабожнасць, якая складаецца з велікадушных дзеянняў і добрых намераў, і мы думаем, што дзякуючы ім мы набудзем «заслугі» перад Богам. Ці няма ў нас нечага, што было ў цвёрдых і няўмольных «фарысеях», якія клапаціліся толькі пра закон? Якім чынам мы судзім пра іншых: паводле любові ці закону? Мы перажываем нашае хрысціянства як служэнне Богу і братам ці хутчэй як справу, якую Бог аўтаматычна здзяйсняе для нас і сярод нас? Ці ўсведамляем мы, што ўказаныя альтэрнатывы спрашчаюць праблему і абвастраюць пытанне дзвюх крайнасцяў? Бо святы апостал Павел сказаў: пабожнасць нашая паходзіць ад Бога праз пасрэдніцтва веры ці ад добрых спраў, якімі мы захоўваем закон?

Вера апраўдвае

Святы Павел катэгарычна заяўляе: «Я ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога». Апостал прапануе радыкальную альтэрнатыву: альбо нас збавіць тое, што робім мы, альбо тое, што робіць Бог. Зразумела, што толькі Бог можа нас збавіць. З нашай пабожнасці нічога не атрымаецца, калі гэта пабожнасць, якую мы самі сабе забяспечылі, а не пабожнасць, якую дае нам Бог. Мы «пабожныя» не таму, што мы робім ад сябе, а дзякуючы таму, да чаго робіць нас здольнымі Бог.

Бог аднаўляе нас і навяртае да сябе, Ён змяняе нашае жыццё. Калі гэтага не адбываецца, то толькі таму, што мы не дазваляем Богу ўзяць нас у свае абдымкі, каб Ён перамяніў нас сваёй любоўю і аднаўленчай моцай. Мы імкнемся збегчы ад Яго і жыць сваім жыццём. Можа, мы і пабожныя, але ў нашай пабожнасці мы адчуваем неспакой, няўпэўненасць, збянтэжанасць. Нам варта было б змяніць нашую няўпэўненасць, што датычыць пабожнасці, у хрысціянскую веру, якая з’яўляецца вышэйшым пазнаннем Езуса Хрыста як нашага адзінага Пана і Збаўцы.

Рэфрэн псальма «Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас» з’яўляецца трапным каментаром да вышэйпрыведзенага ўрыўку з Паслання святога апостала Паўла.

У першым чытанні настойліва гучыць: «Вось Я ўчыню новае… Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні». Новае з’яўляецца справай Бога: там, дзе, здаецца, нічога не можа змяніцца, Бог змяняе існуючыя акалічнасці. Бога характарызуе менавіта тое, што Ён мае сілу змяняць сітуацыі, з якімі сутыкаецца чалавек, змяняць нас дрэнных у добрых, нас грэшных у святых, няшчасных у шчаслівых, смуткуючых напаўняць радасцю. Бог чыніць рэчы, якія ў чалавечым разуменні немагчымыя. Аднак мець веру азначае верыць у невычэрпныя магчымасці Бога.
 

Безагаворачнае прабачэнне

Выпадак з жанчынай, якую злавілі на чужаложстве, падкрэслівае міласэрнасць Езуса і Яго прабачэнне.

Кніжнікі і фарысеі прывялі да Езуса грэшніцу, «бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго». Евангеліст з самага пачатку выкрывае намер юдэяў, іх жаданне і імкненне выглядаць шчырымі і добра выхаванымі. Яны спасылаюцца на Закон, каб асудзіць тую, якую злавілі на чужаложстве, і пабіць яе камянямі. Яны патрабуюць ад Езуса, каб Ён выказаў сваё меркаванне: ці Ён за Закон Майсея, ці супраць яго? У кнізе Левіта і кнізе Другазаконня напісана, што за чужаложства трэба асуджаць на смерць.

Езус ухіляецца ад пастаўленай Яму юдэямі пасткі: Ён пачаў «пісаць пальцам па зямлі». Але што пісаць? Ужыты ў гэтым выразе грэчаскі дзеяслоў можна перакладаць як «пісаць акт асуджэння». Юдэі, якія лічаць сябе нявіннымі, шчырымі і добрымі, хочуць ведаць, каго асудзіў Езус, бо Ён не назваў ніякага імя. Ці на іх Ён баку?

А Езус адказвае ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». Значыць, асуджэнне адносіцца да тых, хто думае, што яны больш пабожныя, чым іншыя, або да тых, хто асуджае вінаватых і не бачыць сваіх уласных недахопаў. Усе зразумелі павучанне і адышлі. Калі Езус застаўся адзін з жанчынай, сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы».

Езус не прымае альтэрнатыву — паступаць паводле Закону ці супраць яго. Ён заклікае ўсіх стаць у праўдзе: кожны павінен прызнацца перад сабою ў тым, што ён грэшны і патрабуе прабачэння. Такім чынам Езус паказвае, што закон дадзены людзям не для таго, каб падзяліць іх на добрых і злых, а для таго, каб усіх весці да дабра. Езус не адмяняе закон, не адмаўляе яго. Ён бачыць у ім сродак для дапамогі і парады. Закон выкрывае грэх, але адзін толькі закон нас не збавіць. Закон усіх нас, грэшнікаў, адсылае да Божай міласэрнасці, якая нясе збаўленне і перамяняе нас.

Езус прыйшоў не для таго, каб з законам у руках асудзіць людзей, а для таго, каб збавіць іх і ўчыніць іх новымі стварэннямі. Калі б мы ўчынілі з Езуса нейкага педантычнага адваката, які вырашае, вінаваты чалавек ці не, мы паставілі б Яго на ўзровень звычайнага натарыуса. Але Ён — Збаўца, той, які безагаворачна прапануе людзям Божае прабачэнне і які перамяняе жыццё чалавека.

Жанчыне, злоўленай на чужаложстве, Ён кажа: «больш не грашы». Ён даў ёй магчымасць больш не грашыць і паступаць паводле Божага закону. Ён дае новую асобу, новы спосаб жыцця, і таму тут гучыць заклік: «Ідзі, і адгэтуль больш не грашы».

Жыццё без граху можа быць толькі плёнам закліку з боку Езуса. Так, адносіны Езуса да грэшніцы не з’яўляюцца абыякавымі ў адносінах да маралі, а Божым прабачэннем.

Бог жадае прабачыць, а не пакараць. Ён жадае перамены жыцця, а не асуджэння чалавека і яго вечнай смерці. Езус прабачае і не ставіць умоў. Наадварот, Ён заклікае ісці па шляху, які адкрывае Яго прабачэнне. Такою ёсць цудоўная Божая міласэрнасць, якая не звязвае сваё прабачэнне з нашымі заслугамі, бо ведае, што мы не можам заслужыць яго сабе. З іншага боку, Божая любоў не абумоўлена тым, што робім мы. Бескарысліва прабачаць — цудоўная якасць Бога, падобна як і рабіць магчымым новае жыццё.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 21.02.2019 19:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа