1 чыт. Нав 5, 9а. 10-12; Пс 34 (33), 2-3. 4-5. 6-7.
2 чыт. 2Кор 5, 17-21.
Ев. Лк 15, 1-3. 11-32.
Новыя стварэнні ў Хрысце
Нас стамляе штодзённасць, аднолькавасць дзён. Мы прагнем аднаўлення. Аднак хто можа аднавіць нашае жыццё, перамяніць яго? Адкуль чэрпаць сілы для аднаўлення?
Пакуль мы пераконваем сябе, што дабро і шчасце з’яўляюцца вынікам толькі нашых намаганняў, мы губляемся ў незлічоных бясплённых досведах, якія нас не задавальняюць, якія прыгнятаюць нас і прыносяць расчараванне. Мы павінны пазбавіцца шкодных прадузятасцяў, што мы зможам самі кіраваць нашым жыццём, што можам узяць «частку маёмасці» і будаваць нашае жыццё самастойна, незалежна ад Бога. Гэта вельмі небяспечныя прадузятасці, якія вядуць да таго, што мы пакідаем Богу толькі ролю «памочніка».
Добры айцец
У прыпавесці ў 15 главе Евангелля паводле Лукі галоўнай асобай з’яўляецца айцец — сімвал Бога. Гэты айцец не падобны да іншых. Ён дае сыну належную яму частку маёмасці, чакае яго вяртання, і пры гэтым не патрабуе ад яго справаздачы. Гэты айцец не робіць адрозненняў: ён аднолькава любіць абодвух сыноў. Жаданне айца з прыпавесці — быць айцом і каб яго прызнавалі айцом. Для сябе ён не патрабуе нічога, ён не жадае ні загадваць, ні адстойваць сваю волю. Гэта айцец, якому дастаткова дзяліцца сваёй бацькоўскай любоўю са сваімі сынамі і які жадае, каб яго прымалі як айца. Такі ёсць Бог!
Езус распавёў нам гэтую прыпавесць, каб паказаць, якое ёсць аблічча Айца. Аднак расказаў яе і для таго, каб «апраўдаць» свае паводзіны: фарысеі крытыкавалі Яго, што Ён прымае грэшнікаў і спажывае з імі ежу. Праз гэтую прапавесць Езус хоча паказаць, што сваімі паводзінамі Ён наследуе Бога Айца. Езус паказвае, што Бог любіць усіх людзей, што Ён нікога не адвяргае і ў сваім айцоўстве абдымае ўсіх людзей. Аднак Яго любоў не з’яўляецца паблажлівай ці нават абыякавай лагоднасцю. Гэта любоў, якая мае моц абнаўляць і зноў фарміраваць, вяртаць тое, што было згублена.
Давайце звернем увагу на адносіны абодвух сыноў. Малодшы сын — гэта бессаромны хвалько, які хоча ўладкаваць сваё жыццё паводле сваіх уяўленняў. Для яго ні айцец, ні брат не маюць значэння. Ён адыходзіць, каб шукаць поспех і шчасце, але знаходзіць толькі беднасць і самоту. Яго мара, што ён стане гаспадаром свайго жыцця, пацярпела поўнае крушэнне, бо ён здрадзіў свайму бацьку, адрокся ад яго і не хацеў ведаць яго як сын. Ён адышоў і ад свайго брата, а такім чынам адмовіўся і ад сваіх братэрскіх адносінаў ад яго. Яго ўратуе толькі любоў айца.
Таксама старэйшы сын — эгаіст. У сваім бацьку ён бачыць толькі свайго працадаўцу і партнёра ў гандлёвых адносінах: « Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля». Старэйшы сын бачыць свае адносіны да бацькі як адносіны «я даю, каб тым даў мне». Малодшага сына ён не гатовы нават назваць сваім «братам», і калі ён будзе казаць пра яго, то скажа: «гэта сын твой».
Абодва сыны ў прыпавесці не прызнаюць свайго айца і здраджваюць яму па-рознаму. І ўсё ж такі ён — выключны айцец. Ён рыхтуе сямейную ўрачыстасць для малодшага сына, якога ён чакаў, бо «брат твой быў мёртвы і ажыў». Старэйшаму сыну ён кажа: «і ўсё маё – тваё», чым перакрэслівае логіку сына пра «гандлёвыя адносіны» паміж імі. Для абодвух сваіх сыноў ён прадстае як міласэрны айцец. Ён не скупы, не суддзя, ён не карае. Акрамя гэтага ён прагна марыць пра тое, каб сыны прызналі, што яны браты адзін аднаму. Самая вялікая радасць айца — калі яго сыны любяць адзін аднаго як браты.
Такім чынам, у прыпавесці сустракаюцца дзве логікі. Логіка эгаізму і жадання кіравацца сваім бачаннем, чалавечая логіка зайздрасці і жадання «ўлады» аднаго над іншымі, пошукі самарэалізацыі. Гэта чалавечая логіка двух братоў, якія аддаляюцца ад айца: адзін духоўна, а другі ў тым ліку і фізічна. Аднак у бацьку праяўляецца боская логіка: любіць, нават калі чалавек самотны, спадзявацца, нават калі існуюць усе прычыны, каб чалавек адступіўся, прабачаць, нават калі існуе матыў для пакарання, радавацца вяртанню таго, хто безадказна згубіўся. Зразумела, айцец у прыпавесці дзейнічае цалкам іначай, чым дзейнічаў бы любы іншы айцец. Бо ён з’яўляецца сімвалам Бога.
Новае стварэнне ў Хрысце
Хто б учыніў магчымым, каб браты ізноў адшукалі адзін аднаго як браты, калі б не логіка Айца, які перарваў «зачараванае кола», у якое трапілі яны абодва? Тую ж самую вестку абвяшчае святы Павел, але хутчэй багаслоўскімі выразамі, чым у форме прыпавесці: «калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне… А ўсё ад Бога, які праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою».
Прымірэнне можа прыйсці толькі ад Бога праз Езуса Хрыста, бо «Бог праз Хрыста паяднаў нас з сабою». Пачатак прымірэння, а таксама яго паспяховае завяршэнне, могуць прыйсці толькі да Бога. Мы няздольныя прымірыцца самі, больш за тое, мы ўсё больш і больш заблытваемся ў сетках эгаізму і насілля. Таму святы Павел кажа: «паяднайцеся з Богам». Толькі Бог можа змяніць нашае жыццё, вывесці нас з зачараванага кола нашых грахоў і ўчыніць нас «новым стварэннем». Падбадзёрванне святога Паўла з’яўляецца заклікам, каб мы паверылі ў перамяняльную моц Божай ласкі, каб мы ў нашым жыцці знайшлі месца для Бога, бо толькі Ён можа і хоча даць нам паўнацэннае жыццё.
З пустыні ў зямлю абяцаную
Першае чытанне можна чытаць у той жа самай перспектыве. Ізраільцяне ўжо прыйшлі ў зямлю абяцаную, і Пан кажа ім: «Сёння зняў Я з вас ганьбу егіпецкую». Гаворка ідзе выключна пра Божую ініцыятыву, калі Ён вызваліў Ізраэль з няволі хворага егіпецкага грамадства і вывеў народ з пустыні ў зямлю абяцаную. Усё вандраванне народа, таксама ў цяжкі і небяспечны час пераходу ў пустыні, адрознівалася айцоўскай прысутнасцю Бога, які карміў свой народ. Цяпер, у абяцанай зямлі, народ пачынае есці «з пладоў гэтай зямлі» — зямлі ханаанскай, і святкуе першую Пасху ў краіне, якую яму даў Бог.
Пасха становіцца ўспамінам пра вызваленчую сілу Бога. Самому Ізраэлю ніколі не ўдалося б вызваліцца з-пад жорсткага, прыгнятальнага егіпецкага панавання. Ізраэль ніколі не змог бы выжыць у вялікай і жахлівай пустыні. Ён ніколі не атрымаў бы добрую краіну, калі б яго не вёў і не абараняў на шляху Бог. Гісторыя ізраільцянаў падобна да гісторыі двух братоў з прыпавесці: гэта гісторыя ганарыстасці, самаўпэўненасці, мецяжоў, імкнення дзейнічаць уласнымі сіламі. І адначасова яна з’яўляецца гісторыяй любові Бога, які застаўся верным і дзейсным, аж пакуль не прывёў народ у зямлю абяцаную.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.