Пошук

01.03.2013 00:00  

1 чыт. Зых 3, 1-8a. 13-15; Пс 103 (102), 1-2. 3-4. 6-7. 8 i 11
2 чыт. 1 Кар 10, 1-6.10-12
Ев. Лк 13, 1-9
.


Вярнуцца да свабоды

У кожным з нас існуе пасрэднасць і нікчэмнасць, але ўсялякі адначасова жадае дабрыні і абсалюту. На жаль, гэтае прагненне абсалюту часта пераходзіць у спакусу эгаістычна замыкацца ў сабе. Гэтая спакуса нясе шмат адчаю, робіць наша штодзённае жыццё пахмурым, разбурае грамадства і разбэшчвае асобу.

Час посту заклікае нас зрабіць вырашальны «пераварот» у сваім жыцці — навярнуцца, скіраваць позірк на Бога-Збаўцу, да сапраўднага Абсалюту, церпялівага і міласэрнага Бога, якога нам аб’явіў Езус. У гэтую нядзелю Езус паказаны як той, каму можна давяраць, як наша ісціна і жыццё: Ён — адзіны, жыць без якога азначае падвергнуць сябе рызыцы загінуць і бясплодна пражыць жыццё.


Бог — Вызваліцель

У першым чытанні з Кнігі Зыходу апавядаецца пра пакліканне Майсея і пра аб’яўленне Божага імя. Майсей як вандруючы пастух прыйшоў да Гарэба, Божай гары. Там яму аб’явіўся Бог у полымі з сярэдзіны цярновага куста. Агонь — сімвал Бога, значыць Майсей сустрэў самога Бога.

Бог аб’яўляе сябе як «Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба». Таму існуе паслядоўная сувязь паміж Богам, які аб’явіўся Патрыярхам, і Богам Майсея: у Кнізе Зыходу не нараджаецца новы народ. Бог вызваляе ізраільцянаў менавіта таму, што яны з’яўляюцца Яго народам ужо з часоў Патрыярхаў: «Я добра бачыў пакуты народа Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў». Ізраэль не становіцца народам толькі пасля Зыходу, пасля вызвалення, бо ён ужо з’яўляецца Божым народам.

Такім чынам, ужо з часоў Патрыярхаў Ягвэ-Стварыцель лічыць Ізраэль веруючым народам, адкрытым і поўным даверу да Бога. Гэта народ, здольны прыняць вызваленчую дзейнасць Бога. Толькі той, хто верыць і давярае Богу, можа зразумець і пазнаць Яго магутную дапамогу і Яго ўмяшальніцтва ў гісторыю. Той, хто не абраў Бога, будзе лічыць, што Бог глухі да яго ўскліканняў і пакутаў. А можа, нават будзе абвінавачваць Яго ў абыякавасці і бяздзейснасці.

Бог дае Майсею пазнаць сваё імя і з гэтым іменем пасылае яго вывесці народ з егіпецкага прыгнёту. «Я ёсць». Гэтыя словы — таямнічыя і патрабуюць тлумачэння. Верагодна, яны азначаюць: «Я — той, хто сапраўды існуе». Ягвэ аб’яўляецца Майсею не як плод чалавечых жаданняў, фантазіі прыгнечаных людзей, якія мараць пра вызваліцеля. Ягвэ аб’яўляецца сапраўдным Богам, больш сапраўдным за ўсё існуючае. Бог аб’яўляецца сутнасцю існуючай рэальнасці.

Такое аб’яўленне Божага імя з’яўляецца адкрыццём таго, кім на самой справе Бог ёсць, і Яго можа пазнаць толькі той, хто навярнуўся, а значыць той, хто абраў Яго свабодна і давярае Яму. Бо тое, што Бог «самы рэальны» з усяго існага, не з’яўляецца толькі прадметам розуму: хто «жадае» гэтага Бога, той пазнае Яго па-сапраўднаму. Бо Ягвэ дае сябе пазнаць Майсею, які быў цалкам адкрыты і адданы на Яго.

Майсей прамовіць імя Ягвэ перад егіпцянамі, аднак яны яго не зразумеюць, бо Ягвэ не дае сябе таму, хто хоча і патрабуе знакаў і цудаў.

Якія нашы адносіны да Бога? Час посту вядзе нас да сур’ёзнага выпрабавання сумлення: ці гатовы мы прыняць абсалютную «таямніцу» любячай свабоды Бога? Ці, можа, мы больш давяраем нашым маленькім «рэальнасцям», якія здаюцца нам больш рэальнымі і больш канкрэтнымі, чым Бог?


Езус заклікае нас да навяртання

Ва ўрыўку з Евангелля паводле Лукі Езус прыводзіць два прыклады: выпадак з галілеянамі і зілотамі, якіх наказаў забіць Пілат, і смерць васямнаццаці юдэяў, на якіх звалілася сілаамская вежа. Юдэі звычайна такія выпадкі тлумачылі так: «Няма пакарання без віны». І таму той, хто памрэ ад нейкага няшчасця, адплаціць гэтым за сваю віну.

Аднак Езус кажа, што такое тлумачэнне няслушнае. Тыя, хто загінуў, не былі больш вінаватымі за астатніх юдэяў, якія не загінулі. Нават Езус кажа, што кожны мае віну і ўсім неабходна навяртанне. Таму Езус і распавядае прыпавесць пра смакоўніцу, якая ўжо тры гады не прыносіла пладоў і якую з гэтай прычыны Ён хацеў ссячы. Аднак вінаградар папрасіў Яго адтэрмінаваць вырубку: «Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе». Менавіта так адносіцца да нас Бог. Ён цярпліва чакае ад нас пладоў. Але гэтае выпрабаванне нельга адкладваць бясконца. Таму навяртанне з’яўляецца вельмі тэрміновым, калі мы хочам прадухіліць гібель. Апошняй магчымасцю навяртання з’яўляецца сам Езус. Калі мы Яго адвергнем, няма для нас больш ніякага збаўлення.

Навяртанне, пра якое гаворыць Езус, мае два віды: з аднаго боку, гэта азначае адмовіцца ад пераканання, што пасля віны непазбежна ідзе пакаранне без магчымасці прабачэння; з іншага боку, гэта азначае прызнаць, што Езус прапануе нам самую высокую і канчатковую магчымасць, каб мы «прыносілі плады», а значыць жылі паўнавартасным жыццём.

Езус прыходзіць, каб нас аздаравіць з прымхаў, што няма прабачэння, якое адновіць чалавека і прывядзе яго да адраджэння. Езус прапануе альтэрнатыву: хто памыліўся, той можа адрадзіцца і змяніцца.

Бедствы, катастрофы і няшчасці не з’яўляюцца знакамі, што мір не мае надзеі на збаўленне, што ён пакінуты і аддадзены жорсткаму лёсу і ворагу чалавека. Ад такіх падзей людзі павінны былі б прызнаць, што яны вялікія грэшнікі, і навярнуцца да Бога, які хоча і можа іх збавіць.


Прыклад Ізраэля

Другое чытанне знаёміць нас з прыкладам ізраільскага народа ў пустыні: «Усё гэта здарылася з імі як прыклад на будучыню, бо напісана дзеля павучэння нам, якім выпала жыць у канцы вякоў. Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці». Святы Павел хоча звярнуць нашую ўвагу на небяспеку самазадаволенай перавагі, якая пагражала хрысціянам у Карынце. Яны лічылі сябе моцнымі і прывілеяванымі, падобна таму як ізраільцяне, якія ўсе прайшлі праз мора, усе елі адну духоўную ежу і пілі ваду ў пустыні. Гэтыя прывілеі не гарантавалі ім бяспекі і не вялі іх аўтаматычна на бяспечнае месца. Бо яны па-ранейшаму заставаліся пажадлівымі. «Гэта адбылося як прыклад для нас, каб мы не пажадалі благога, як жадалі яны»: не мелі іншых багоў, не чужаложылі, не спакушалі Бога. Тут гаворка ідзе пра спакусы, з якімі сустракаецца кожны чалавек ва ўсе часы. Спакуса ніколі не з’яўляецца непазбежна «пагібельнай» у тым сэнсе, што яе нельга было б пазбегнуць. Заўсёды застаецца магчымасць пераадолець яе з дапамогай Божай ласкі. Аднак магчымасць перамогі не залежыць ад нас, гэта дар Божы. Навярнуцца — значыць прыняць гэты дар, з якім мы пераможам над «спакусамі».


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 06.02.2019 16:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця