1 чыт. Быц 15, 5-12. 17-18; Пс 27(26)б 1.7 8ab. 8c-9abc. 13-14
2 чыт. Флп 3, 17-4,1
Ев. Лк 9, 28b-36.
Езус — Сын Божы
У першую нядзелю Вялікага посту мы канстатавалі, што час посту павінен быць для нас адкрыццём і практычным сцвярджэннем таго, што Бог мае абсалютнае першынства ў нашым жыцці. Сёння мы працягнем разважваць пра гэта. Засяродзімся над тым, ці не паддаем мы сябе рызыцы, ствараючы кожны сам сабе ўласны малюнак Бога? Рызыка ёсць, але тады, калі Бог будзе для нас абстрактным і далёкім.
У сённяшнім урыўку з Евангелля гаворыцца, што Бог аб’явіў сябе і што Ён прысутнічае ў Езусе Хрысце, які з’яўляецца жывой і асабістай сустрэчай паміж Богам і нашым канкрэтным жыццём. Нам не трэба напружваць сваё ўяўленне, каб пазнаць думкі і паводзіны Бога, таму што Ён мае аблічча Езуса Хрыста. Езус з’яўляецца апошнім, канчатковым і дасканалым аб’яўленнем Бога. Але Ён з’яўляецца таксама поўнай і дасканалай рэалізацыяй чалавечай свабоды. Таму нашая вернасць і навяртанне да Бога павінны быць вернасцю і навяртаннем да Езуса Хрыста.
Вера Абрагама
У першым чытанні гаворыцца пра веру Абрагама: «Абрагам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць». Абрагам паверыў у парадаксальнае абяцанне: «Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: Такім вялікім будзе тваё патомства».
Божае абяцанне нельга падлічыць, яго не магчыма вымераць па-чалавечы, яно перавышае здольнасці чалавечага разумення і провіду. Таму Абрагам пярэчыць: «Пане Божа, як я пазнаю, што буду спадкаемцам яе (зямлі)?» Гэтыя словы датычаць іншага абяцання — абяцання зямлі. Аднак яго трэба прымаць гэтаксама, як і іншыя абяцанні Бога. Абрагам падпарадкоўваецца Божаму аб’яўленню ў выглядзе агню і з ахвотай адкрывае сваё сэрца на свабодную адданасць Богу, і такім чынам ён можа прыйсці да пазнання.
Гэты біблейскі тэкст варта было б прачытаць цалкам. Чаму многія не разумеюць аповед пра Бога? Прычына крыецца не ў тым, што мова незразумелая, а ў тым, што ісціну можна пазнаць толькі тады, калі чалавек адважыцца яе прыняць. У адносінах да ісціны, калі мы сапраўды хочам яе зразумець, мы не можам быць нейтральнымі. Бо яе разумее толькі той, хто хоча яе зразумець!
Прыкладам гэтага з’яўляецца Абрагам. Ён прагне Бога, ён «рашаецца» на Бога, і такім чынам ён зразумее парадаксальнае абяцанне — Божае абяцанне. Абрагам не «выпрабоўвае» Бога. Такім чынам толькі шчырае і глыбокае навяртанне дазваляе нам пазнаць, хто такі Бог.
«Саюз» Бога з Абрагамам з’яўляецца двухкратным абяцаннем: багатага патомства і зямлі. Гэта абяцанне Божай свабоды, якая прыносіць сябе ў дар чалавеку як сэнс ці як ісціна. Божую свабоду нельга пазнаць па-іншаму, яе неабходна толькі разумна і ахвотна прыняць.
«Сімвалічнае» аб’яўленне
Божае Аб’яўленне цалкам і канчаткова здзяйсняецца ў Езусе, як гэта абвяшчаецца ва ўрыўку з Евангелля пра Перамяненне Пана. На гары, якая нагадвае Сінай, прысутнічае Божая «слава» («Пётр і тыя, хто быў разам з ім,.. убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім»), воблака, якое з’яўляецца сімвалам Божай прысутнасці («з’явілася воблака і агарнула іх,.. а з воблака пачуўся голас»). Увесь аповед аб перамяненні з’яўляецца малюнкам Аб’яўлення. Таксама «сон» апосталаў падобны на моцны сон, які адалеў Абрагама. Гаворка ідзе не пра натуральны сон, а пра асаблівы стан, з дапамогай якога на біблейскай мове выражаецца сустрэча з Богам. Перамяненне Езуса ўказвае на Яго боскую натуру, пра што прамаўляе голас з воблака: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
Перамяненне Езуса з’яўляецца гістарычнай і адначасова сімвалічнай падзеяй: праз канкрэтныя гістарычныя «сімвалы» — воблака, галасы, сон — апосталы пазнаюць Божую таямніцу. Бо такім чынам праз гісторыю, надзеленую сімвалічнай сілай, аб’яўляе сябе сам Бог.
Знамянальным з’яўляецца сказанае голасам з неба, які яднае ў адно цэлую з’яву ідэнтычнасці Езуса Хрыста («гэта Сын Мой») з запрашэннем слухаць Яго («Яго слухайце»).
Час посту павінен нас весці да лепшага пазнання таго, якім ёсць Езус Хрыстус, і да разумення, што мы павінны быць Яму ўсё больш вернымі. Разважаць і дзейнічаць мы павінны адначасова. Адпаведна мы не можам аддзяляць пазнанне і разважанне ад малітвы, бо гэта шлях да пазнання, кім для нас з’яўляецца Езус. Таму мы не можам аддзяляць практычную дзейнасць ад разважання, любоў ад веры.
Праўда пра Езуса такая, што мы павінны пра яе разважаць і адначасова рэалізоўваць яе на практыцы. Гэта праўда, якая прыносіць сябе ў дар розуму і свабодзе. Мы не можам запэўніваць сябе, што ўзрастаем у хрысціянскім жыцці, калі аддзяляем «тэорыю» ад «практыкі». Недастаткова толькі пазнаць ісціну.
«Шаленства крыжа»
У другім чытанні мы чулі, як святы Павел заахвочвае да чыстых «паводзінаў» хрысціянаў у Філіпах, якія вядуць сябе як ворагі крыжа Хрыстовага. Апостал папракае іх не за думкі, а за паводзіны. Яны непаслядоўныя, аддзялілі практычную дзейнасць (волю і прыняцце рашэнняў) ад мыслення. Яны хваляцца тым, чаго ім варта было б саромецца, яны арыентуюцца на зямныя рэчы. Яны — хрысціяне, якія не здолеюць уключыць «шаленства крыжа» ў сваё хрысціянскае мысленне, бо стварылі сабе ўласны малюнак Бога. Пры гэтым яны зыходзяць не з гісторыі жыцця Езуса на зямлі, а перш за ўсё з Яго смерці на крыжы.
Паводле святога Паўла, Божую ісціну разумее толькі той, хто прымае гістарычнае існаванне Езуса як аб’яўленага Бога. Такім чынам, калі мы зыходзім з таго, што Езус добраахвотна прыняў смерць на крыжы, і калі мы лічым яе «знамянальнай» для нас смерцю, толькі тады мы зможам зразумець «шаленства крыжа». З іншага боку, толькі сур’ёзнае разважанне пра смерць Езуса дапамагае зразумець, што гэтае «шаленства» азначае для чалавечага розуму.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.