1 чыт. Іс 6, 1-2a. 3-8; Пс 138 (137), 1-2a. 2bc-3. 4-5. 7c-8.
2 чыт. 1 Кар 15, 1-11 альбо (карац.) 1 Кар 15, 3-8. 11.
Ев. Лк 5, 1-11.
Вось я, пашлі мяне
На першы погляд здаецца, што ўвесь урывак з Кнігі прарока Ісаі вядзе нас да думкі пра тое, што гаворка ідзе пра добрае: даты, імёны, месца. Гаворыцца пра «бачанне» Бога, пра сустрэчу з Панам, у якой Ісая атрымаў сваю прароцкую місію. Ісая хоча выступіць пасрэднікам для нас у глыбокім унутраным перажыванні.
Літаратурная схема, у межах якой прарок прыводзіць сваё перажыванне адносна Бога, мае грамадска-палітычную структуру: кароль на троне, акружаны прыдворнымі высокапастаўленымі асобамі, прымае свайго слугу, якому ён даручае далікатную місію. На самой справе ў аповедзе Ісаі паказаны Бог, які сядзіць на троне, акружаны сваімі дарадчыкамі і слугамі. «Слуга» тут прадстаўлены праз тое, што ён прызнае сваю «нячыстасць», ад якой ён ачышчаны сімвалічным жэстам. Кароль пытаецца: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» І «слуга» адказвае: «Вось я, пашлі мяне». Потым гучыць загад, у якім афіцыйна прадстаўляецца місія.
Гэты ўрывак, безумоўна, мы не можам чытаць як звычайную хроніку, але як багаслоўскае разважанне пра аўтарытэт прарока. Задача аповеду пра пакліканне Ісаі — як і далейшых аповедаў пра іншых прарокаў — заключаецца ў тым, каб растлумачыць абгрунтаванасць прароцкага абвяшчэння перад вачыма чытачоў. Прарок пасланы Богам, таму ён кажа ад імя Бога, а не па сваёй ініцыятыве. Ён прамаўляе слова Божае, а не выказвае свае ўласныя меркаванні.
У Сімвале веры мы кажам: «Веру ў Духа Святога, які прамаўляў праз прарокаў». Аўтарытэт у Касцёле заўсёды з’яўляецца дарам і справай Духа Святога, які робіць яго здольным гаварыць ад Яго імя. Аўтарытэт у Касцёле заўсёды мае канкрэтнае прароцкае заданне — служыць Божаму слову.
Традыцыя
Апостал Павел ва ўрыўку з паслання да Карынцянаў, які мы сёння пачулі, прыводзіць вырашальны тэалагічны крытэрый: у пытаннях веры неабходна звяртацца да Святога Пісання і да Традыцыі Касцёла (безумоўна, яе нельга замяніць рознымі мясцовымі традыцыямі!). Святы Павел кажа: «Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!» (1 Кар 15, 1-2). Евангелле — гэта не асабістае меркаванне Паўла: «Я перадаў вам тое, што і сам прыняў: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання». Апостал Павел спасылаецца на Традыцыю («што і сам прыняў»), якая абвяшчае ісціну, што з’яўляецца выкананнем Пісання («паводле Пісання»). Апостал Павел узгадвае таксама, як яму аб’явіўся Уваскрослы: «Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду». Аднак яму важна нагадаць, што яго досвед сустрэчы з Уваскрослым нельга аддзяляць ад досведу іншых апосталаў: «з’явіўся Кіфе, а потым — Дванаццаці».
Таму звеставанне Паўлу — гэта не нейкая асабістая, суб’ектыўная прыгода. Павел імкнецца падкрэсліць, што гэты досвед, а таму таксама і яго аўтарытэт, заснаваны на саюзе з апосталамі. Тое ж і з аўтарытэтам у Касцёле: задача Папы, біскупаў, святароў заключаецца ў тым, каб хрысціянскія супольнасці базаваліся на апосталах такім чынам, каб іх вера не была дарэмнай. Цэнтральнай весткай для абвяшчэння святарамі — як і апосталамі — з’яўляецца смерць і ўваскрасенне з памерлых Езуса Хрыста. Касцёл з’яўляецца апостальскім менавіта таму, што вера і апостальская традыцыя забяспечваюць гэтую пераемнасць.
Місія Пятра
Ва ўрыўку з Евангелля сённяшняй нядзелі ў першых радках мы бачым Езуса, народ, рыбаловаў і Сымона. Паміж імі не адбываецца ніякай прамой размовы. Удакладняюцца адносіны паміж Езусам і народам: Езус вучыць, народ слухае Божае слова. Але паміж Езусам і народам існуе адлегласць, бо Езус вучыць з лодкі, як рабін, а народ знаходзіцца на беразе. Тым, што аб’ядноўвае Езуса з народам і пераадольвае іх узаемную адлегласць, з’яўляецца Божае слова, якое абвяшчаецца і слухаецца. Езус тут выступае як дарыцель Божага слова, народ з’яўляецца яго адрасатам. Аднак мы бачым асаблівыя адносіны Езуса да Сымона. Езус уваходзіць у яго лодку і просіць крыху адплысці ад берага. Езус навучае, седзячы ў лодцы Пятра.
Езус падвяргае Пятра выпрабаванню. Спачатку просіць яго адплысці ад берага, і Пётр робіць гэта з задавальненнем. Другім выпрабаваннем з’яўляецца загад Езуса, які цалкам супярэчыць агульнапрынятаму досведу рыбакоў. Сымон адказвае Яму: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі». Але Пётр годна праяўляе сябе ў выпрабаванні і на гэты раз, бо верыць слову Езуса і кажа: «па слову Твайму закіну сеткі». Ён прымае парадаксальныя словы Езуса, і гэта прыносіць вялікі плён. Бо «яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі».
На дапамогу прыходзіць другая лодка з памочнікамі Пятра, але ўсе ловяць толькі з лодкі Пятра. Цяпер народ ужо не паказваецца ў святым тэксце. Уся ўвага сканцэнтравана на Пятры і яго супрацоўніках. Цудоўны ўлоў павінен быў даць Пятру адвагу і давер, але замест гэтага Пётр усведамляе адлегласць, якая аддзяляе яго ад Езуса: ён «прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».
Пётр разумее, што паміж ім і Езусам бясконцая адлегласць. І толькі слова Езуса і паслухмянасць яму магло аднавіць лучнасць, збудаваць мост у кірунку Пятра і яго супрацоўнікаў. Ключавая думка гэтага ўрыўка кажа: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». Пётр і на гэты раз вытрымаў экзамен: «Калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім».
Асобай, якая вылучаецца ў прачытаным урыўку з Евангелля, з’яўляецца Сымон Пётр. Лука ў пятай главе свайго Евангелля кажа пра тое, аб чым мы пачуем у шостай главе. Толькі тады, калі Езус пакліча Дванаццаць, Сымон атрымае імя Пётр (пар. Лк 6, 14). Гэтае імя даў яму Езус, і яно ўказвае на пасаду і аўтарытэт Пятра, якія ён будзе выконваць у Касцёле (пар. Мц 16, 18).
Евангеліст Лука ў гэтым аповедзе выкарыстоўваў імя Пётр і такім чынам хацеў указаць на тое, што Сымон атрымаў ад Езуса пакліканне стаць рыбаком людзей, падобна таму, як гэтае пакліканне працягваецца ў Касцёле. Так, Сымон мае «спецыяльную» задачу ў Касцёле — ён з’яўляецца прывілеяванай прыладай справы Езуса на карысць людзей. Аднак у гэтым пакліканні ён ніколі не самотны. Езус даў яму пакліканне. І гэтае пакліканне не заканчваецца смерцю Пятра. Аўтарытэт Касцёла застаецца ў групе апосталаў і пасля ўваскрасення Езуса. Гэты аўтарытэт і пакліканне будуць мець свой працяг у паслядоўніках. Увесь аўтарытэт Пятра заключаецца ў тым, што ён робіць тое, што казаў яму Хрыстус. Ён абвяшчае магутнае слова Бога і становіцца бачным прадстаўніком «служэння» Хрыста. Такі аўтарытэт Касцёла.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.