Пошук

23.11.2012 00:00  

1 чыт. Дан 7, 13-14; Пс 93 (92), 1ab. 1c-2. 5.
2 чыт. Ап 1, 5-8.
Ев. Ян 18, 33b-37
.


Вызваляючая ўлада Хрыста

Мы слушна заўважаем, што сучасная культура ператварылася ў «культуру ўлады», што грамадства больш не будуецца вакол філосафаў і тэолагаў, а вакол банкіраў, прамыслоўцаў або пралетарыяў, а значыць заўсёды вакол улады, якую трэба набыць, заваяваць або захаваць ці павялічыць.

Ад «культуры ісціны» перайшлі да культуры «дзеяння»; «ведаць» азначае «ўмець дзейнічаць». Сёння «разважлівае мысленне» замянілася «мысленнем калькуляцыі», якое ўлічвае толькі тое, што можна здзейсніць, і ўсё арганізоўвае з пункту гледжання ўлады, якую можна набыць. Вось з такога мыслення паходзіць сучасная крытыка веры. Яна абвінавачвае веру ў тым, што яна не «служыць», што яна не нясе карысці, бо не прыносіць ні вялікага багацця, ні больш магутнай улады, ні большых пладоў чалавечай дзейнасці. Крытыка абвінавачвае веру ў тым, што яна нараджае духоўных «рабоў», падданых людзей і таму «адчужаных».

У сацыяльнай сферы веру папракаюць у тым, што яна не мае моцы, безабаронная, няздольная дапамагаць людзям стаць «панамі». Веру папракаюць і ў сферах тэхнікі і тэхналогіі: кажуць, што яна не дапамагае тэхнічнаму прагрэсу... У галіне палітыкі абвінаваючваюць веру ў слабасці, таму што яна перашкаджае панаванню ці ўскладняе панаванне над іншымі. Аднак вера садзейнічае культуры «праўды», а не культуры «ўлады». Вера ёсць на службе ўлады, якая падпарадкоўваецца праўдзе.


Сын Чалавечы

Прарок бачыць Сына Чалавечага як сімвалічны знак, які прадстаўляе Божы народ. Бо «Сын Чалавечы» стаў сімвалам веруючага народа, якому былі перададзены «ўлада і валадарства». «Яго валадаранне — вечнае». Гаворка ідзе не пра ўладу і валадарства, якія народ Божы заваюе і прысвоіць палітычнай дзейнасцю або дзякуючы зброі. Наадварот, у Божым народзе будзе дзейнічаць Божае «панаванне». Бо кожная ўлада паходзіць ад Бога. Таму гэта не пытанне надзеі, якая ўкладаецца ў новую дзяржаву Давіда, а ўлады, якая ўскладаецца на грамадства, дзе будзе кіраваць Бог і ў якім будзе трыумфаваць Яго панаванне.

У Кнізе прарока Даніэля Сын Чалавечы стаў сімвалам супольнасці веруючых, якая прызнае Божую ўладу адзіна законнай уладай насуперак мірской уладзе, якая прадстаўляецца жахлівымі вобразамі жывёлаў, што сімвалізуюць «улады» дзяржаваў, створаных людзьмі. Улада без Бога становіцца «лютай, дзікай», бесчалавечнай. «Улада», якая прыходзіць ад Бога, стварае народ, які з’яўляецца «сынам чалавека», а значыць чалавечным, гуманным.

Чаргуюцца два тыпы грамадства. Першы тып прадстаўляе грамадства, якое жадаюць стварыць людзі ўласнымі сіламі і якое заўсёды будзе ў пэўнай меры эгаістычным і эксплуататарскім пры здзяйсненні сваёй улады. Другім тыпам з’яўляецца грамадства, якое хоча пабудаваць Бог сваёй вызваленчай уладай. Божая ўлада — гэта не новая форма рабства. Бог паказаў гэта на прыкладзе вызвалення свайго народа з егіпецкага палону. Ён даў яму Закон, па якому павінны былі жыць усе як браты. Ён абвясціў сябе Пастырам і каралём Ізраэля, які кіруецца справядлівасцю і правам дзеля карысці чалавека. Уся гісторыя збаўлення паказвае, што Божае Валадарства не прыгнятае чалавека, а вызваляе, узвышае яго і вяртае яму радасць жыцця — у свабодзе і братэрскай згодзе.


Народ Караля

Касцёл — гэта Божы народ, які верыць у «Езуса Хрыста, вернага сведку, першароднага сярод памерлых і першага сярод зямных валадароў». Таму хрысціяне даведваюцца, што іх валадаром з’яўляецца Езус Хрыстус. Але ў якім сэнсе Езус стаў валадаром? У кнізе Апакаліпсіса гэта тлумачыцца наступнымі словамі: «Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў, і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на вякі вечныя. Амэн».

Валадаранне Езуса з’яўляецца безумоўнай любоўю, ажно да прынясення сябе ў дар і прысвячэння сябе Богу Айцу. Паводле прарока Даніэля, Езус дасканалым чынам напаўняе вобраз Сына Чалавечага, як Ён сам кажа: «Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45).

Езус валодае ўніверсальнай уладай, якая распаўсюджваецца ад пачатку да канца: «Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны». Нішто не можа вырвацца з Яго ўсемагутнай улады. Нават смерць не можа супраціўляцца Яму, бо Ён перамог яе і Яго завуць «першародным сярод памерлых», першым з тых, хто ўваскрос. У вачах тых, хто Яго забіў, Ён быў пераможаны, аднак Яго смерць не азначала Яго канца. Ён нёс сваё служэнне ажно да смерці крыжовай, бо служыць з любові — гэта адзіная моц, якая перамагае нават смерць. Валадарства Езуса будуюць тыя, хто наследуе Яго, якія жадаюць любіць і гатовы ахвяраваць сваім жыццём за іншых, і верна сведчыць пра тое, што яны адварочваюцца ад улады насілля і вераць у сілу любові.


Я — Кароль

Сустрэча Езуса з Пілатам — гэта па-сутнасці барацьба паміж уяўленнямі пра формы: як трэба разумець і рэалізоўваць каралеўскую ўладу. Езус усім сваім жыццём адрозніваўся ад фанатычных зэлотаў (палітычна-рэлігійная габрэйская групоўка), а значыць цалкам адрозніваўся ад палістынскага рэвалюцыйнага руху, які ўсклікаў да кіравання Бога, каб нават насіллем і ўзброенай барацьбой процістаяць палітычнай уладзе рымскага імператара з мэтай стварэння незалежнай дзяржавы. Езус не марыў пра тое, что Ён стане на чале дзяржавы. Ён таксама не звязаў сябе з садукеямі, якія супрацоўнічалі з рымскай уладай. З кім жа тады быў Езус? На баку рымлянаў ці супраць іх? Аднак Езус не разважаў тэрмінамі «ўлады»…

Пілат — гэта прадстаўнік палітычнай улады, якая клапоціцца толькі пра саму сябе. Ён не юдэй, і не цікавіцца рэлігійнымі пытаннямі юдэяў: «Ці ж я юдэй?» Пілат не жадае быць адказным за смяротнае пакаранне Езуса: «Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне». Пілат клапоціцца толькі аб тым, каб даказаць: усё, што адбываецца з Езусам — справа выключна юдэяў. Ад Езуса ён патрабуе, каб той усё гэта пацвердзіў: «Пілат спытаўся ў Езуса: „Ты кароль Юдэйскі?“… Езус адказаў: „Валадарства Маё не з гэтага свету“».

Езус не такі кароль, як іншыя, і ні з кім з іх не канкурыруе. Ён не мае ні войска, якое б яго абараняла, ні зброі, ні намеру будаваць тут новую дзяржаву ў чалавечым разуменні.

Пілат гэтага не разумее. Як нехта можа абвяшчаць сябе каралём, не маючы войскаў, без уплывовых прэтэнзій, без намеру кіраваць і будаваць дзяржаву? Што ж гэта за такі асаблівы від валадарства? Таму Пілат пытае ў Езуса: «Ты кароль Юдэйскі?»

«Улада» Езуса заменена на «праўду». Але праўда Езуса — гэта не сродак кіравання. Езус карыстаецца праўдай не для сябе. Ён дае сведчанне пра яе. «Валадары, дзеячы» прымяняюць сваю сумніўную «праўду», каб апраўдаць сваю ўладу, у той час як Езус становіцца на службу «праўдзе», якая стала аб’яўленнем Божай любові. Пілат не ведае, што такое «праўда», бо ён ведае толькі ідэалогіі, іншымі словамі, фальшывыя праўды для падтрымкі ўлады. Таму ён іранічна пытаецца: «Што такое праўда?»


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 03.11.2021 23:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа