Пошук

18.05.2012 00:00  

1 чыт. Дз 1, 15-17. 20а. 20c-26; Пс 103 (102), 1-2. 11-12. 19-20ab.
2 чыт. 1 Ян 4, 11-16.
Ев. Ян 17, 11b-19
.

 

Першынство малітвы

Адным з дэвізаў новага тысячагоддзя з’яўляецца першынство малітвы ў жыцці вучняў Хрыста. Хрысціяне жывуць «у свеце», які пазначаны абыякавасцю і сінкрэтызмам, і захаваць іх ад «згубы» ў гэтым свеце можа малітва.

Папа Рымскі заклікае хрысціянскія супольнасці, каб былі «аўтэнтычнымі школамі малітвы, у якіх сустрэча з Хрыстом не выражаецца толькі ў просьбе аб дапамозе, але і ва ўдзячнасці, праслаўненні, адарацыі, разважанні, засяроджаным слуханні пачуццяў, аж да сапраўднага захаплення сэрца» (NMI 33). Аўтэнтычная малітва — гэта заўсёды свайго роду «мастацтва». А значыць малітва з’яўляецца не толькі дарам, плёнам дзеяння Духа Святога, які фарміруе слова, думку і пачуцці. Працэсу навучання малітве спадарожнічаюць прыгажосць яе натхнення, радасць і праца. Бо хрысціянская малітва — гэта дар і заданне.

Такой малітве вучыў Езус, які сам нястомна маліўся (гл. Мк 1, 35; 6, 46; Мц 14, 23; Лк 5, 16; 6, 12; 22, 39–42). У «евангельскай школе малітвы» не навучаюць формулам ці тэхніцы малітвы. Езус не даваў сваім вучням тэарэтычных падказак на тэму малітвы, але непасрэдна ўводзіў іх у практыку, у рэчаіснасць унутранай размовы з Богам, у разважанне Айца. Канкрэтным прыкладам гэтаму з’яўляецца 17 раздзел Евангелля паводле Яна. Звычайна яго называюць архісвятарскай малітвай або развітальнай малітвай. Гэты раздзел увенчвае цэлы шэраг навучанняў, скіраваных да вучняў. У архісвятарскай малітве выразна чуюцца водгукі малітвы «Ойча наш», якой Езус навучыў сваіх вучняў (гл. Мц 6, 8b–15; Лк 11,1–4).

Зместам развітальнай малітвы Езуса з’яўляецца трайная просьба: аб адзінстве, аб захаванні вучняў ад зла і аб асвячэнні іх у праўдзе. Уводзінамі да гэтай часткі малітвы з’яўляецца апастрофа: «Ойча святы». У біблійным разуменні святасць азначае аддзяленне ад свету. Бо Езус просіць Айца, каб аддзяліў вучняў ад свету і захаваў іх «у імені сваім».

У малітве «Ойча наш» заключана падобная просьба: «свяціся імя Тваё», што азначае «асвяці сваё імя сярод нас». Апосталы з’яўляюцца вучнямі Езуса не дзякуючы асабістым намаганням, розуму ці выключным асабістым рысам, а дзякуючы дару паклікання і закліку да святасці. Менавіта пра тое, што Бог першы нас умілаваў, і кажа св. Ян: «У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас; хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, а Бог у ім» (пар. 1 Ян 4, 10.16).

Глыбокае адзінства паміж вучнямі абапіраецца на папераджальнай ініцыятыве Бога і малітоўнай сувязі з Ім. Прычынай гэтага адзінства з’яўляецца Імя, якое Айцец даў Сыну (пар. Ян 8, 28). Святасць Імя Божага захавае вучняў ад зла і асвеціць у праўдзе настолькі, наколькі яны змогуць ствараць святую супольнасць тых, хто слухае і выконвае Божае слова. Першая супольнасць у Ерузалеме «адзінадушна трывала на малітве» (пар. Дз 1, 14) і падчас яе прымала важныя рашэнні. Падобна і нашы рашэнні і выбары мы павінны рабіць падчас малітвы і разважання. Гэта захавае нас ад памылак і згубы ў сучасным свеце.

Заахвочаныя Езусам і Касцёлам ерузалемскім будзем маліцца: «Ойча, захавай нас у адзінстве, радасці і праўдзе, каб свет паверыў».

Кс. Ян Кохэль

Абноўлена 03.05.2018 19:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.