1 чыт. Дз 10, 25-26. 34-35. 44-48; Пс 98 (97), 1. 2-3ab. 3cd-4.
2 чыт. 1 Ян 4, 7-10.
Ев. Ян 15, 9-17.
Бог — гэта любоў
Чалавек — такая істота, якая шукае сэнс. Ён безагаворачна адкрыты на праўду, ён палымяна жадае любові і жыве надзеяй быць шчаслівым. Адпаведна, у чалавека ёсць тры «гарачыя жаданні»: праўда, любоў і шчасце. Аднак нішто і ніхто не можа быць паўнатой праўды, паўнатой любові і паўнатой шчасця для чалавека.
Мы ўсё больш хочам пазнаваць, усё больш жадаем любіць і быць любімымі, імкнемся да большага шчасця. Аднак ні навука, ні тэхніка, ні багацце не змогуць заспакоіць наша прагнае жаданне «хацець усё больш і больш». Усе мы прызначаны для абсалютнай праўды, для абсалютнай любові і абсалютнага шчасця.
Мы лёгка становімся ахвярамі падманлівых ілюзій. Нам здаецца, што мы ўсім задаволены, што больш нічога нам не трэба, што нам не патрэбны больш высокія жаданні. Нас агортвае — а часта і знявольвае — культура, якая робіць нашае жыццё нязначным. Яна нібы запэўнівае нас: хто задаволіўся, той мае асалоду. Аднак шчаслівыя тыя, якія носяць у сабе гарачае жаданне абсалюту, неспакой па абсалютнай праўдзе, абсалютнай любові і абсалютнаму шчасцю.
Мы не ставім за мэту хваліць неспакой, мы хочам сарваць маску фальшывага ўяўлення пра тое, што мы створаны для нязначнага і дробязнага жыцця. Мы створаны для абсалюту, а значыць для Бога. Гэта наша глыбокая чалавечая годнасць, наша адкрыццё для Абсалюту — абсалютнай Свабоды і абсалютнай Любові.
Універсальная любоў
Першае чытанне кажа пра хвалюючае «адкрыццё» Пятра, якое ён робіць для язычніка Карнэлія. Пётр сказаў: «Сапраўды, разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва».
Дух Святы, які ёсць Божай любоўю, сышоў і на язычнікаў, незалежна ад расы і нацыі: усе «здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў». Божая любоў прызначана для ўсіх. І не таму, што яна ў кожным знаходзіць штосьці добрае, а таму, што жадае зрабіць усіх «добрымі». Універсальнасць Божай любові заключана ў ёй самой. Яна прызначана для ўсіх, таму што з’яўляецца абсалютнай любоўю. Яна патрабуе толькі, каб яе прынялі і таксама адказалі любоўю.
Калі здзейсніцца гэта цудоўнае «спатканне» паміж бескарыслівым дарам Бога і адказным і дабравольным прыняццем дару з боку чалавека — што можа перашкодзіць хросту? Бо Пётр кажа: «Ці можа хто забараніць хрысціцца тым, хто атрымаў Святога Духа, як і мы?» Звернем увагу на тое, што «Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова» апостала Пятра. «Слухаць слова» тут азначае «прыняць добрую вестку Евангелля», якую абвяшчаў Апостал (Дз 10, 36–41).
Паслядоўнасць вось якая: слухаць слова (вера) — дар Духа Святога — хрост. Уся ініцыятыва зыходзіць ад Бога, які любіць таксама язычнікаў і заклікае іх стаць Яго дзецьмі. Бог дае сябе ў дар як праўда (слова), як любоў і шчасце чалавека (дар Духа).
Узаемная любоў
Той, хто «пазнаў» Бога, той «перажыў» і пазнаў Бога як Любоў, і таму ён здольны любіць: «Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў». «Пазнанне Бога» — вера — чыніць нас Божымі сынамі, і таму мы любім як Божыя дзеці: «Кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога», таму што «Бог ёсць любоў».
Як адзначае Ян, ініцыятыва заўсёды належыць Богу: «У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя». А гэта значыць, ад Бога зыходзіць рух любові, Ён ідзе нам насустрач, мы пазнаём Яго і перажываем у Езусе Хрысце. Езус — магчымасць нашага ўдзелу ў Боскім жыцці, праз якое мы становімся здольнымі любіць бліжняга так, як любіць сам Бог. Бог, даўшы нам Сына свайго, даў усё.
Таму любоў Бога з’яўляецца абсалютнай, безумоўнай ахвярай, дарам дзеля нашага збаўлення, «каб мы мелі жыццё ў Богу». А найвышэйшым і «выключным» праяўленнем безагаворачнай і дабравольнай адданасці Бога з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён з’яўляецца таксама чалавекам, у якім усё праўда, уся любоў, усё шчасце.
Божая запаведзь
Урывак з Евангелля захоўвае лінію, якая зыходзіць ад Бога Айца і пераходзіць да хрысціянскай узаемнай любові. Гэта «шлях любові», які бярэ свой пачатак у Богу і хоча пашырацца паміж людзьмі.
Езус кажа: «Мяне палюбіў Айцец». Любоў Айца да Сына з’яўляецца «запаведдзю», якую Сын выконвае ў поўнай паслухмянасці Айцу. «Запаведзь», якую Езус атрымлівае ад Айца, — гэта любоў Бога Айца, якую Езуз «павінен» аб’явіць чалавецтву. Такім чынам, запаведзь Айца Сыну з’яўляецца сінонімам Яго любові да Сына, любові, якая праяўляецца ў адданасці Езуса аж да смерці (пар. Ян 10, 17–18).
Езус, усім сваім жыццём увасабляючы «запаведзь» Айца, сам становіцца «запаведдзю»: «Вось запаведзь Мая». Так, Езус Хрыстус з’яўляецца здзяйсненнем і праяўленнем любові Айца.
Любоў Езуса, да якой далучаюцца тыя, хто верыць у Яго, становіцца палаючым полымем у самым сэрцы хрысціянаў, якіх Езус учыніў сваімі сябрамі: «Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам». Езус прыносіць чалавецтву ў дар абсалютную праўду, бо дае магчымасць пазнаваць Айца. Езус даў удзел у любові самога Бога, напаўняе шчасцем сэрца таго, хто верыць у Яго: «Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай».
Любоў Езуса з’яўляецца асновай і ўзорам нашай любові да бліжняга. Бо мы не любім, калі не маем поўнага ўдзелу ў праўдзе, любові і радасці Езуса Хрыста, які аднолькава атрымлівае ўсё ад Айца.
Толькі зыходзячы з таго, чаго жадае і што робіць для нас Бог, мы можам цалкам зразумець нашы гарачыя жаданні і нашу прагу Бога. Але тут заўсёды існуе рызыка, што мы можам зблытать Бога з «прагненнем» чаго-небудзь іншага.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.