Пошук

04.05.2012 00:00  

1 чыт. Дз 9, 26-31; Пс 22 (21), 26b-27. 28 i 30. 31-32.
2 чыт. 1 Ян 3, 18-24.
Ев. Ян 15, 1-8
.

 

Напружанне і супакой

У першым чытанні евангеліст Лука робіць накід ідэальнага партрэта Касцёла: «А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа». Аднак не ўсё было так ідэальна ў першых хрысціянаў. Нават святы Лука апавядае пра тое, што некаторыя эліністы імкнуліся забіць Пятра.

Таксама і ў наш час існуюць напружаныя адносіны і канфлікты — ці то ўнутры касцёльнай супольнасці, ці то ў грамадстве. Сабор у Ларэта паставіў перад сабою задачу — вырашыць гэтую праблему, каб падкрэсліць хрысціянскую ідэю прымірэння. Мы не павінны недаацэньваць падзелы або напружаныя адносіны або лічыць іх нармальнымі. Мы павінны ўсведамляць перш за ўсё тое, што падзелы і канфлікты з’яўляюцца пладамі нашых грахоў.

Дасягнуўшы прымірэння з Езусам, мы будзем жыць у супакоі, напоўненыя Духам Святым. Хрыстус заклікае нас стаць супольнасцю «ўстаноўленых дзяцей», «веруючых у Хрыста», якія атрымалі «свабоду і сапраўдную братэрскую спадчыну». Тут гаворка ідзе пра «новы сход вернікаў».

Канфлікты, падзелы, нуда і самотнасць атручваюць нам штодзённасць. Яны выкліканы тым, што мы не прымаем цалкам, усім сваім сэрцам і ўсёй душою тое, што прапануе Езус. А Ён хоча ўчыніць з нас сапраўдную хрысціянскую супольнасць, у якой няма жорсткасці і грубасці, дзе пануе ўзаемная любоў. Езус кажа нам сёння: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць».


Напружанне ў Касцёле

У першым чытанні перад намі адкрываецца карціна вялікага напружання, якое існавала ў хрысціянскай супольнасці ранняга Касцёла: «Калі Саўл прыйшоў у Ерузалем, ён спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань». Недавер, страх, падазронасць. І не дзіўна, Саўл жа быў ганіцелем хрысціянаў.

Тады Барнаба прывёў Паўла да Апосталаў і расказаў ім пра яго навяртанне. Былыя юдэйскія паплечнікі Паўла пагарджаюць ім, бо ён адрокся ад свайго рэлігійнага пераканання. Хрысціяне глядзяць на яго з недаверам і не спяшаюцца паверыць у яго навяртанне. У гэтай духоўнай самоце Павел праяўляе сваю апостальскую адвагу: ён «адважна прапаведваў у імя Езуса». Размаўляў таксама з эліністамі, а тыя хацелі яго забіць. Такім чынам, Павел павінен быў пакінуць Ерузалем і ісці ў Тарс. Лука апісвае сумную гісторыю, якую супрацьпастаўляе ідэалу Касцёла, прыміранага моцаю і суцяшэннем Духа Святога.


Крытэрыі сапраўднай любові

Другое чытанне з’яўляецца лагічным працягам першага чытання: братэрская любоў нясе ў хрысціянскую супольнасць супакой. Аднак якія крытэрыі сапраўднай любові? Ян прыводзіць некалькі асноўных з іх. Першы з іх — гэта ўчынкі: «Не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам».

Другі крытэрый — «любіць праўдаю». А гэта значыць любіць не проста шчыра, а любіць так, як любіць Хрыстус, бо Ён — «праўда». І дазволіць Езусу весці нас і кіраваць намі сваім словам, сваім прыкладам, сваёю сілай. Таму Ян кажа, «каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён загадаў нам».

Трэці крытэрый сапраўднай любові — захаванне запаведзяў: «Хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Богу, а Бог у ім». Любоў паходзіць ад Бога і выражана яна ў запаведзях Ягоных. Таму, хто спаўняе запаведзі, той любіць Божай любоўю, а значыць сапраўднай любоўю. Хто ж не захоўвае запаведзяў, а думае, што любіць, той думае, што ён сам вызначае, якою з’яўляецца сапраўдная любоў.

Чацвёрты крытэрый — вера ў тое, што Дух Святы прысутнічае ў нас: «Па Духу, якога даў нам, мы даведваемся, што Ён жыве ў нас». Вера і перажыванне прысутнасці Духа Хрыстовага ў нас з’яўляецца крытэрыем пазнання таго, як мы любім: так, як Хрыстус, ці кіруемся нашым уласным духам, нашымі эгаістычнымі інстынктамі.


Езус — лаза

Урывак з Евангелля гэтай нядзелі пабудаваны такім чынам, каб паступова паказаць становішча хрысціянаў у свеце.

На пачатку гаворыцца пра дзейнасць Бога Айца, потым тлумачыцца, пры якіх умовах хрысціяне могуць прыносіць плён, і на заканчэнне, якія рашэнні павінен прыняць хрысціянін, каб прыносіць плён і жыць. Евангеліст нагадвае таксама, што вернасць Езусу з’яўляецца ўмовай таго, каб мы прыносілі плён.

Мы назіраем бескарысную ініцыятыву Айца: Ён ачышчае вінаградную лазу ад сухіх галінак, якія не дазваляюць прыносіць плён іншым галінкам (галінка сімвалізуе вучня). Аднак Айцец не жадае знішчаць, Ён хоча прабуджаць у галінках жыццё. Ён як вінаградар павінен клапаціцца, каб павысіць урадлівасць. Ачышчэнне ж здзяйсняецца праз пасрэдніцтва слова Езуса: «Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам».

Галінка не мае ўласнага жыцця. Яна не можа прыносіць плады, калі не з’яўляецца часткаю лазы, ад якой яна атрымлівае сок і здольнасць быць урадлівай. «Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне». Лучнасць з Езусам з’яўляецца неабходнай умовай для таго, каб мы маглі жыць і прыносіць плён.

Што ж гэта за «плады», якія павінна прыносіць «галінка? «Плады» сімвалізуюць жыццё супольнасці, фарміраванне альтэрнатыўнага і новага грамадства, узнікненне і жыццё якога робіць магчымым Езус.

«Неўрадлівасць» галінкі сімвалізуе эгаістычнае жыццё, жыццё асобнае ад лазы, якое вядзе да смерці.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 07.04.2018 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа