1 чыт. Дз 4, 8-12; Пс 118 (117), 1 i 8-9. 21-23. 26 i 28cd i 29.
2 чыт 1 Ян 3, 1-2.
Ев. Ян 10, 11-18.
Езус — Добры Пастыр
Слова «пастыр» у значэнні «пастух» можа выклікаць у нас непрыемныя пачуцці і адчуванне сябе авечкамі. З «авечкай» асацыіруецца падпарадкаванасць, пасіўнасць, несамастойнасць. Акрамя таго, авечка — гэта ціхмяная жывёліна. Нам жа хочацца прымяняць цвёрдыя метады для таго, каб змяняць свет. Аднак, калі падумаць, то ў пэўных выпадках мы сапраўды з’яўляемся «авечкамі», бо дазваляем, каб намі кіравалі тысячы галасоў акаляючай нас культуры. Мы становімся вучнямі столькіх непраўдзівых настаўнікаў, мы спатыкаемся ад нашай самастойнасці, якою так даражым.
Такім чынам, кім з’яўляюцца нашы пастыры і правадыры? Часта гэта людзі, якія трымаюць нас у несвабодзе, кіруюць намі дзеля ўласнай выгады, як найміты, а не як сапраўдныя бескарысныя пастыры. Аднак ці жадаем мы быць сапраўды свабоднымі і незалежнымі? А можа, у нас пануе інстынкт стаднасці і падпарадкаванасці, непрызнанае намі самімі імкненне стаць нявольнікамі кагосьці?
Мы хочам быць хрысціянамі і нам здаецца, што мы — хрысціяне. Аднак ці сапраўды Езус Хрыстус з’яўляецца нашым настаўнікам і пастырам?
Часта нашымі настаўнікамі з’яўляюцца кнігі, тэлебачанне, непраўдзівае сведчанне калег і «грамадскае меркаванне». Падобна як у рэкламе: насуперак нашаму імкненню да незалежнасці мы трапляем у розныя формы залежнасці таксама ў адносінах да культуры, у якой мы жывём. У сённяшнюю нядзелю Езус заклікае нас шчыра адказаць сабе на пытанне: хто нашыя настаўнікі і правадыры?
Няма ні ў кім іншым збаўлення
Нашае разважанне распачнем словамі, якія кажа Пётр падчас аздараўлення хворага (Дз 4, 8–12). Якою моцай і дзякуючы якому імені Пётр ацаліў хворага? Апостал сам жа і тлумачыць: «Гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы, дзякуючы імені Езуса Хрыста з Назарэта, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых».
Пётр не патрабуе нічога для сябе, ён з’яўляецца «прыладай» у руках Езуса Хрыста. Толькі ад Езуса прыходзіць збаўленне: «Няма ні ў кім іншым збаўлення». Езус — камень, якім пагардзілі людзі, аднак Бог зрабіў Яго «галавою вугла».
Езус не той настаўнік, якога жадалі людзі Яго часу. Ён не падобны на правадыроў, за якімі ішлі натоўпы. Ён не жаўнер, які знявольвае людзей дзеля ўласных інтарэсаў. Ён не з’яўляецца правадыром, якім валодае гарачае жаданне поспеху і хвалы. Езус жадае сапраўднай свабоды, праўды, любові, адсутнасці гвалту, самаадданасці. І натоўп адкінуў Яго менавіта за тое, што Ён жадаў выключна дабра.
Колькі ў гісторыі было паспяховых правадыроў! Хоць яны былі нашмат менш шчырыя, не такія бескарысныя, менш добрыя, чым Езус. Аднак Хрыста ўкрыжавалі, укрыжавалі таго, хто з’яўляецца Збаўцам, які можа паставіць на ногі цяжкахворага чалавека праз пасрэдніцтва Пятра. Факт аздараўлення — рэальны, гістарычны, аднак ён мае толькі сімвалічную каштоўнасць: кульгавы сімвалізуе ўсіх людзей, бо кожны мае хваробы душы, якія з’яўляюцца абмежаванымі і няўстойлівымі, — толькі Езус можа ізноў даць чалавеку здароўе і збаўленне.
Божыя дзеці
Езус нас не толькі аздараўляе, Ён робіць нас «Божымі дзецьмі», як нагадвае пра гэта святы Ян: «Цяпер мы дзеці Божыя». Гэта цуд самага знамянальнага аздараўлення: мы выцягнуты з усіх нашых абмежаванняў і прымаем удзел у звышчалавечым жыцці, у боскім жыцці.
Як мы пазнаём любоў Бога да нас? Яе мы пазнаём менавіта ў тым, што сталі Яго дзецьмі: «Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі».
Вакол нас столькі людзей, якія прагнуць валадарыць. Але хто гатовы быць для людзей айцом? Нават калі б і знайшоўся хтосьці, хто жадаў бы быць нам за айца, ён не змог бы даць нам паўнаты жыцця, боскага жыцця. А Бог… жадае толькі аднаго — каб мы сталі Яго дзецьмі.
Божымі дзецьмі мы можам быць толькі тады, калі паяднаны з Езусам Хрыстом, адзіным Божым Сынам. Бо толькі праз Хрыста мы можам прымаць удзел у боскім жыцці. Менавіта ў гэтым Езус жадае праяўляць сябе як наш пастыр і Збаўца.
Добры Пастыр
Езус — добры Пастыр. Слова «добры» ў дадзеным выпадку азначае «сапраўдны», «аўтэнтычны». Ніхто не можа быць такім пастырам, як Ён. Сапраўдны «пастыр аддае жыццё сваё за авечак». Езус аддаў за нас жыццё не толькі ў тым сэнсе, што памёр за нас, але таксама ў тым сэнсе, што зрабіў нас тымі, хто мае дачыненне да Яго ўласнага жыцця: хто не любіць так, як Ён, а значыць не гатовы аддаць жыццё сваё, той не з’яўляецца пастырам (пар. Ян 21, 16; Ян 15, 13).
Паміж пастырам і авечкамі адзначаецца ўзаемная любоў — пазнанне: «Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне». Гэтыя адносіны настолькі глыбокія, што Езус параўноўвае іх з адносінамі, якія існуюць паміж Ім і Яго Айцом: «Як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца». Далучыцца да Яго паствы і быць Яго часткаю — гэта не толькі знешняя лучнасць, не толькі шэраг абавязкаў і заданняў, гэта лучнасць, якая асноўваецца на міжперсанальных адносінах паміж Езусам і Яго людзьмі.
Езус «марыць», каб у гэтых асабістых адносінах прымалі ўдзел усе людзі: «Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр». У гэтых словах заўважаецца парадокс: гэта будзе не толькі адзін статак, гэта будзе адно цэлае з пастырам, і ў гэтай лучнасці будзе давер.
Божы план — даць чалавецтву жыццё. Любоў Езуса паходзіць ад Айца: «За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё». Аддаваць жыццё за іншых — сутнасць характару Божай любові, а значыць і сутнасць Бога. Таму ахвяра Езуса, Яго аддаванне ў дар сябе з’яўляецца максімальным праяўленнем Божай любові да нас.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.