Пошук

18.04.2012 00:00  

1 чыт. Дз 3, 13-15. 17-19; Пс 4, 2. 4. 7. 9.
2 чыт. 1 Ян 2,1-5а.
Ев. Лк 24, 35-48
.

 

Вызваленыя ад граху

Якое наша ўяўленне пра грэх? Сёння спавядальні часта пустуюць, таму што многія хрысціяне не карыстаюцца сакрамэнтам пакаяння ці карыстаюцца ім даволі рэдка ў параўнанні з мінулымі часамі. Можа, гэтая з’ява тлумачыцца сарамлівасцю і цяжкасцямі, якія вынікаюць з меры нашага разумення граху.

Сённяшняя літургія натхняе да таго, каб мы сур’ёзна задалі сабе пытанне: што такое грэх? Хтосьці можа прапанаваць юрыдычнае разуменне граху як парушэння закону, абмяжоўваючы яго да шэрагу ўчынкаў, якія супярэчаць закону. Іншыя могуць разглядаць грэх у межах прыгнятаючых і прыніжаючых грамадскіх структур ці несправядлівых сацыяльна-палітычных сітуацый, якія пазбаўляюць чалавека правоў, а тым самым і годнасці. Ёсць і тыя, хто атаясамлівае грэх з пачуццём віны, і ў выніку думаюць, што гаворка ідзе толькі пра псіхалагічны комплекс, які патрабуе ўмяшальніцтва ўрача-псіхааналітыка.

З уяўлення пра грэх вынікае разуменне свабоды: ад чаго мы павінны быць вызвалены? Хто можа нас вызваліць? Як можна здзейсніць гэтае вызваленне?

Маючы на ўвазе гэтыя пытанні, засяродзімся над зместам сённяшняй літургіі слова. Прыгадаем таксама разважанні, распачатыя ў Вялікдзень: Езус памёр і ўваскрос з памерлых, каб збавіць нас ад грахоў і даць нам магчымасць жыць так, як жыў Ён. Такім чынам, грэх — гэта адмаўленне жыць па вобразу, які даў нам Хрыстус, а значыць абранне такога стылю жыцця, як быццам Езус не прыйшоў да нас. Грэх — гэта задавальненне сваіх эгаістычных жаданняў.


Змяніць вобраз жыцця

Святы Пётр бачыць у смерці Хрыста наступствы граху людзей: «Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць злачынцу. Забілі Пачынальніка Жыцця». Усё гэта вы зрабілі «з няведання», з-за духоўнай слепаты, з-за эгаістычнай неразумнай надзьмутасці. Смерць Езуса выкрыла чалавечую злосць, сарвала маску з бязмежнага цяжару граху, якая авалодала сэрцам чалавека. Калі Езус памёр, значыць грэх сапраўды мае велізарную знішчальную сілу.

Аднак Бог мацнейшы за грэх. Праз уваскрасенне Езуса з памерлых Бог паказаў сваю збаўчую волю: каб людзі жылі і былі вызвалены ад прыгнёту граху. Езус, «Пачынальнік жыцця», не мог застацца рабом смерці і граху. Ён уваскрос з памерлых, бо перамог грэх. Без Яго мы ўсе былі б нявольнікамі невядомай і знішчальнай моцы граху.

Выснова, якую робіць з гэтага Пётр, відавочная: «Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя». Навяртанне звязана з верай ва Уваскрослага, бо чалавек не навернецца, пакуль не паверыць у Божую сілу, якою Бог уваскрасіў свайго Сына з памерлых. Здольнасць да скрухі і змены свайго жыцця — ад Бога.


Езус — наш хадайнік

Святы Ян распачынае тэму граху словамі: «Дзеці мае, пішу гэта вам, каб вы не грашылі. А калі б хто зграшыў, то маем Заступніка перад Айцом — Езуса Хрыста Справядлівага. Ён ахвяра ўміласціўлення за грахі нашыя, і не толькі за нашыя, але і ўсяго свету».

Грэх — гэта «наш» грэх і толькі наш! Ніхто з нас не змог бы вызваліцца ад граху сам. Мы атрымалі дар Слова, каб зразумець нашу сітуацыю і прызнаць нашага Збаўцу, каб маглі сказаць: «Я пазнаў Яго». Ян жа напісаў: «…каб не грашылі». Калі мы прымем Божае слова, намі авалодае новая і вызваляючая сіла, мы пачнём «пазнаваць» Бога і вызваляцца ад нашага эгаізму і замкнёнасці ў сабе, якая з’яўляецца крыніцай граху.

Аднак мы слабыя і няўстойлівыя. Езус схіляецца над намі як заступнік. Ён хадайнічае за нас, абараняе, прыводзіць усе аргументы, каб адстаяць нас. Езус — наш абаронца, а не абвінаваўца.

Езус заступаецца за нас не толькі словамі, але ўсім жыццём і смерцю. Ён — «уміласціўленне». Ён ахвяраваў сваім жыццём, каб дасягнуць нашага прымірэння з Айцом, — гэта і ёсць сэнс «уміласціўлення». З Яго цалкавітай адданасці Айцу і нам (ажно да смерці крыжовай) выплывае прыміральная сіла, з якой могуць здабыць карысць усе людзі.

Езус, «Справядлівы», праз сваю смерць і ўваскрасенне стаў пачаткам справядлівасці і праведнасці для ўсіх людзей.

Такім чынам, мы атрымалі станоўчую прапанову: «захоўваць запаведзі Ягоныя». А гэта дзеля таго, каб мець у сабе любоў Божую.


Прабачэнне грахоў

Уваскрослы Езус выходзіць насустрач сваім вучням з дарам прымірэння: «Мір вам!» Мір — гэта паўната жыцця і дабра. Збянтэжаныя і перапалоханыя вучні думалі, што яны бачаць прывід: хіба гэта магчыма, каб мёртвы чалавек уваскрос з памерлых?! Хіба можна паверыць, што чалавек пераадолее мяжу смерці? Хто мацнейшы за смерць? Езус упэўнівае іх у тым, што Ён сапраўды ўваскрос з памерлых: «Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся… Ці маеце тут што з’есці?» Гаворка ідзе не пра жаданні, уяўленні ці фантазіі. Езус на самой справе паўстаў з мёртвых, таму ў рэальнасці Яго ўваскрослага і праслаўленага цела нельга сумнявацца. Калі Езус сапраўды жыве — гэта значыць Ён перамог смерць і грэх. Калі Ён жыве, то і для нас, якія вераць у Яго, ёсць магчымасць жыць звыш нашых абмежаванняў, нават за мяжой смерці. Мы ўжо не рабы смерці. У нас ёсць надзея жыць вечна.

«Так напісана, што … ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема». Усе людзі закліканы да «пакаяння», а значыць да веры ў жыццё, дадзенае нам у праслаўленым Хрысце. Маральнае пакаянне асноўваецца на папярэднім шчырым навяртанні — на веры. Толькі той, хто верыць ва ўваскрасенне Езуса, спраўды навярнуўся і можа атрымаць дараванне грахоў.

Хто можа нам прабачыць? Хто можа выбавіць нас ад граху? Толькі той, хто перамог смерць, якая разумецца не толькі як фізічная з’ява, але як агульнае пазбаўленне свабоды жыцця — самае вялікае наступства граху.

Уваскрослы Езус дае нам магчымасць жыць па-новаму і ў адзін цудоўны дзень пераадолець мяжу смерці. Калі мы прымем прапанову Езуса, зменіцца ўсё наша жыццё. Мы, безумоўна, згадзіліся б і на меншую выгаду, бо мы ўбогія і абмежаваныя, але Бог прапануе нам магчымасць жыць поўным жыццём, сапраўды чалавечым жыццём, і нават больш чым чалавечым жыццём. Калі мы верым ва ўваскрасенне Езуса з памерлых, значыць мы верым, што ва Уваскрослым нам адкрыўся новы шлях — шлях жыцця, якім жыў Езус, шлях жыцця, поўны даверу Богу і адданасці такой любові, якою з’яўляецца Яго жыццё.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 07.04.2018 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця