Пошук

06.04.2012 00:00  
1 чыт. Дз 10, 34а. 37-43; Пс 118 (117), 1-2. 16-17. 22-23.
2 чыт. Клс 3, 1-4 альбо 1 Кар 5, 6b-8
Ев. Ян 20, 1-9 альбо Мц 28, 1-10 альбо вечаровая Імша Лк 24, 13-35
.

 

Езус уваскрос з памерлых

Сёння Вялікдзень! Паўсюль святочная атмасфера, нават вясна спрыяе радаснаму настрою і душэўнаму спакою. Многія плануюць адпачынак на прыродзе. Хто можа ўстаяць перад святочнай чароўнасцю? Таксама і касцёлы перапоўнены. З’яўляюцца ў святынях і тыя, хто прыходзіць у касцёл толькі раз у год — на Пасху. Ва ўсёй гэтай знешняй атмасферы тоіцца небяспека: мы можам забыць, што Вялікдзень — гэта свята Езуса Хрыста, які ўваскрос з памерлых.

Што такое ўваскрашэнне памерлага? Нам цяжка гэта ўявіць. Для нас гэта штосьці далёкае і чужое. Можа так быць, што мы верым ва ўваскрасенне Хрыстовае, аднак гэтае разуменне ў тумане і замест таго, каб пранікаць у нашае мысленне, сэрца і рашэнні, яно губляецца. Нам прасцей узгадаць пра Дзіцятка Езуса, пра бэтлеемскую стайню, мы можам уявіць сабе Езуса, які навучае і чыніць цуды, як Ён дапамагае бедным, галодным і хворым. Аднак як нам разважаць пра Яго ўваскрасенне з памерлых? Мы адчуваем пэўныя цяжкасці і сумненні. Уваскрослы не належыць да нашага свету, не з’яўляецца часткай нашых штодзённых перажыванняў.

Аднак сёння абвяшчаецца добрая вестка: Езус жыве, Езус уваскрос з памерлых! Гэта сапраўдная прычына, аснова для святкавання. Пра гэта нам кажа Божае слова, хоць мы і не можам умясціць гэты факт у сваім уяўленні. Сёння мы хочам паверыць слову Пана і прызнаць, што Ён можа чыніць цуды, нават калі мы на іх не спадзяёмся. Святкаванне Вялікадня будзе сапраўды годным, калі мы будзем слухаць і успрымаць Божае слова як праўдзівае слова, якое абвяшчае ўваскрасенне Езуса дзеля таго, каб даць нам жыццё вечнае.


Прапаведаванне хрысціянства

Пра ўваскрасенне Езуса нельга расказаць, бо гэта «падзея» з нашай гісторыі, якая не абмяжоўваецца прасторай і часам. Уваскрасенне з памерлых — гэта ўваход Езуса ўсёй Яго сутнасцю ў Божы свет.

У гэтым плане мы разумеем структуру керыгмы, якая ўключае ў сябе хрост, цуды, смерць і ўваскрасенне з памерлых. Керыгма прадстаўляе сабою зямное жыццё Езуса ў гісторыі. Падчас хросту Езус апранаецца ў моц Духа Святога, і дзякуючы гэтай моцы здзяйсняе цуды, ідзе насустрач смерці і ўваскрасае з памерлых. Усё Яго жыццё напаўняе Божая моц, якою з’яўляецца Дух Святы.

Маючы Божага Духа, Езус чыніў добрыя справы, аздараўляў і выганяў злых духаў. Божая жыватворчая сіла супрацоўнічала з Езусам, каб людзі прымалі ўдзел у боскім жыцці і ў выніку гэтага «кожны, хто верыць у Яго, атрымаў дараванне грахоў у імя Яго».

Паводле Дзеяў Апосталаў, прапаведаванне ўваскрасення не аддзялялася ад прапаведавання прысутнасці Духа Святога таксама і на працягу зямнога жыцця Езуса Хрыста. І цяпер уваскрослы Езус дае нам свайго Духа, каб вызваліць нас ад грахоў і зрабіць нас здольнымі жыць, памерці і быць уваскрослымі з памерлых так жа, як і Ён.


Хрыстус — нашае жыццё

Святы апостал Павел ва ўрыўку з другога чытання апісвае ўваскрасенне з памерлых не паводле чалавечага бачання. Ён звяртае ўвагу на два моманты: першае — уваскрослы Хрыстус знаходзіцца «ў вышынях», на нябёсах, а значыць у Божым свеце; другое — Уваскрослы «сядзіць праваруч Бога».

Праз гэтыя два малюнкі св. Павел хацеў нам сказаць, што цяпер Езус прабывае на нябёсах, у Айца. Першанец — і які! — нашага зямнога свету ўступіў у жыццё з Богам. Уваскрослы Езус, як лавіна, якая хоча знесці з сабою і схіліць на свой бок усіх нас, увесь свет. Ён з’яўляецца арыенцірным «полюсам», які дае сэнс і надзею кожнаму чалавечаму жыццю. Таму хрысціянін, які ўжо праз хрост атрымаў удзел у дынаміцы жыцця і смерці Хрыста, цалкам арыенціруецца на гэты полюс — на ўваскрослага Хрыста: «Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное». Гаворка ідзе не пра тое, каб мы больш не думалі пра нашы зямныя справы, а пра тое, каб мы не шукалі тут, «унізе», у рэчах нашага свету, канчатковы сэнс нашага жыцця. Цяпер нашае жыццё схавана разам з Хрыстом у Богу: мы ўжо ўступілі на шлях Уваскрослага, таму што вера і хрост далі нам магчымасць ужо тут, на зямлі, пакаштаваць Яго новае жыццё. Нашае жыццё залежыць ад Хрыста, таму што толькі Ён можа даць нам шанс жыцця, якое мае сэнс, шчаслівага і паўнавартаснага жыцця — і цяпер, і ў вечнасці Ён з’яўляецца «нашым жыццём».


Дзе паклалі Яго?

Марыя Магдалена ідзе раніцай, калі яшчэ было цёмна, да грабніцы, дзе быў пакладзены Езус. Цемра для евангеліста Яна — гэта сімвал ідэалогій, якія супярэчаць сапраўднаму жыццю: Марыя ўсё яшчэ «завуаліравана» ў ідэалогію смерці і думае, што смерць з’яўляецца канцом усяго. Яна яшчэ не ведае, што ўжо настаў дзень і прыйшло святло. Яна думае, што смерць перамагла. Калі ж убачыла, што камень, якім была закрыта грабніца, адвалены, падумала, што «забралі Пана». Яна паведамляе пра гэта Пятру і Яну, а значыць усёй супольнасці вучняў. Апосталы збянтэжаны, імі авалодвае няўпэўненасць, аднак яны адпраўляюцца шукаць Езуса.

Пётр і Ян бягуць да грабніцы. Бягуць яны ад мёртвага ці насустрач Жывому? Яны гэтага дакладна яшчэ не ведаюць. Аднак несумненна тое, што любоў да Езуса прыспешвае іх бегчы да грабніцы. Ян, узлюблены вучань Езуса, прыбягае першым, аднак не перашкаджае Пятру ўвайсці ў грабніцу першым. Пётр убачыў палотны і хусту, якая, скручаная, ляжала асобна. Гэта не знакі смерці, бо яны знаходзяцца не каля мёртвага. А значыць, Езус жыве?

«Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў». Ян зразумеў значэнне знакаў і паверыў, што Езус жыве, што Ён уваскрос з памерлых.

Знакі неабходна зразумець, адкрыць іх значэнне і з любоўю адчуць іх таямнічую рэальнасць.

Тое, што Магдалена і вучні не зразумелі іх значэння, з’яўляецца вынікам няведання Святога Пісання: «Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых». Гэта азначае, што ўспрыняцце і разуменне Божага слова вядзе да знаходжання ўваскрослага Пана і да веры ў Яго. Аднак Ян, хоць і не ведаў Пісання, убачыўшы — паверыў ва Уваскрослага.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця