Пошук

29.03.2012 00:00  

Ев. перад працэсіяй Мк 11, 1-10 альбо Ян 12, 12-16.

1 чыт. Іс 50, 4-7; Пс 22 (21), 8-9. 17-18а. 19-20. 23-24.
2 чыт. Флп 2, 6-11.
Ев. Мк 14, 1 - 15, 47 альбо (карац.) Мк 15, 1-39
.

 

Сапраўдная перамога

Тэму для разважання ў гэтую нядзелю дае абрад пасвячэння пальмовых галінак, што суправаджаецца спевам «Гасанна!» і чытаннем урыўка з Евангелля аб трыумфальным уваходзе Езуса ў Ерузалем. Гэта было свята жывое і поўнае радасці. Гэта быў трыумф Езуса, які ў сваім жыцці зведаў вельмі мала перамог. Аднак гэтая слава працягвалася толькі адзін дзень, змянілася яна шматлікімі абвінавачваннямі і інтрыгамі, якія прывялі Езуса да смерці на крыжы. Якое задавальненне дае гэтая перамога! Хто ведае, пра што тады Езус думаў, что перажываў… Напэўна, Ён усведамляў, што гаворка ішла пра ўспышку агню, пра часовую перамогу, пра павярхоўнае захапленне натоўпу, які на наступны дзень замест «Гасанна!» крычаў «Укрыжуй Яго!».

Езус здолее прыняць і такую хвіліну радаснага захаплення зменлівых і скалынаемых пачуццямі людзей. Аднак Ён не будуе сабе ніякіх ілюзій. Ён добра ведае, што абвяшчэнне славы людзьмі падобна на ранішнія хмаркі, якія разыдуцца, як толькі заззяе сонца. Перамогі, якія з’яўляюцца вынікам чалавечай дзейнасці, — мінаючая, непастаянныя, кароткачасовыя. Аднак Езус, хоць і не наўмысна, далучаецца да «свята». Не таму, што давярае людскім сэрцам, а таму, што Ён давярае Богу Айцу. Ён ведае, што сапраўдную перамогу Ён атрымае ад Айца. Ён не задавольваецца крыкам натоўпу, разасланымі плашчамі на вуліцы і пальмовымі галінкамі, якімі вітаюць людзі. Езус не спаталяецца хвіліннай перамогай, бо Ён чакае ад Айца «вялікую перамогу» — уваскрасенне з памерлых.

А як мы? Задаволімся трыумфам, які нам даюць людзі, ці лепш адважымся на перамогу, якую нам можа даць толькі Бог?


Пераследаваны прарок

Першае чытанне паказвае нам аблічча прарока, якога напаткалі неразуменне і знявагі. У лёсе гэтага прарока прасочваецца лёс ізраільскага народа, лёс Езуса і хрысціяніна. Што можа даць нам свет? Адзін дзень, напоўнены перамогаю… Але нашмат больш дасць ён горычы, смутку і цярпення.

Пэўны час людзі могуць ставіцца да нас з разуменнем, радавацца, выказваць крыху любові, спачування і ўдзелу. І мы, такія ўбогія, часта гэтым задавольваемся. Аднак прароку гэтага не дастаткова. Ён не жадае толькі крыху радасці, ён прагне поўнай, дасканалай радасці. Ён жадае не крыху разумення, а поўнага разумення. Ён хоча не крыху любові, а ўсю любоў. Аднак гэтага не змогуць даць яму людзі. Таму ён давярае Богу: «Пан Бог дапамагае Мне, таму Я не буду асаромлены, таму зрабіў Я твар свой, як цвёрды камень, і ведаю, што не зазнаю сораму».

Ён не збянтэжаны абвінавачваннямі, паклёпамі і нападкамі з боку людзей, таму што яму дапамагае Бог. Ніхто не можа назваць яго вінаватым, калі Бог — яго абаронца. І Бог дае яму ўсё. Ён дае яму гарантыю, што будзе дапамагаць, калі хтосьці захоча абвінаваціць яго і прыгаварыць на смерць. Бог жадае, каб ён жыў. Бог дае яму больш, чым усе астатнія, Ён дае тое, чаго не могуць даць людзі.


Паслухмяны слуга

Езус Хрыстус, хоць і ёсць Сынам Божым, не палічыў сваю роўнасць з Богам скарбам, які Ён павінен захоўваць. Ён стаў чалавекам і прыняў паставу слугі, каб ва ўсім быць палобным да людзей. Ён стаў чалавекам не для таго, каб імкнуцца да перамогі сярод людзей. Езус — гэта чалавек, які шукае тое, што можа даць толькі Бог. Ён прагнуў жыцця, радасці, шчасця, свабоды, аднак не хвіліннай і мінаючай, якую могуць даць людзі. Ён — чалавек, які прагне паўнацэннага жыцця, поўнай радасці, дасканалага шчасця, сапраўднай свабоды.

Таму Ён быў паслухмяны Айцу, ведаючы, што толькі Ён можа даць Яму ўсё. Для Яго не было перашкодай тое, што вернасць Айцу можа прывесці Яго да смерці на крыжы: паражэнне, таксама як і перамога, якія прыходзяць ад людзей, заўсёды непастаянныя. Няўдача, якую прычыняюць людзі, — нішто ў параўнанні з поспехам, які прыходзіць ад Бога. І Бог верны: «Узвысіў Яго, і даў Яму імя па-над усялякае імя, каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных». Сапраўдная перамога паходзіць ад Бога. Езус не шукаў і не жадаў звычайнай чалавечай перамогі. Аднак мы задавольваемся хвіліннай і прамінаючай славай, пашанай, сціплымі апладысментамі натоўпу. Якія ж мы маленькія, якія бедныя нашы жаданні!

Езус быў чалавекам, сэрца якога было адкрыта для велікадушных Божых жаданняў. Ён безагаворачна даверыўся Айцу, чакаў перамогі, якая прыйдзе ад Яго. І Бог узвысіў Яго праз уваскрасенне з памерлых. Якія нашыя жаданні на пачатку Вялікага тыдня?


Усімі забыты чалавек

У Евангеллі паводле Марка аповед пра смерць і мукі Езуса з’яўляецца партрэтам самотнага чалавека, пакінутага ўсімі. Юдэйскія старэйшыны, першасвятары і ўся Высокая рада імкнуліся ўзяць Езуса і прыгаварыць Яго да смерці. Яго бярэ пад варту узброены натоўп, пасланы старэйшынамі і першасвятарамі на чале з Юдай. Вучні Езуса збянтэжаны і нічога не разумеюць. Нават Пётр паўторна адракаецца ад Яго: «Не ведаю гэтага чалавека». Ніхто Яго не абараняе, усе выказваюцца за тое, што Ён заслужыў смерць. Нават слугі паўстаюць супраць Яго. Іншыя нападаюць на Яго, б’юць па твары і аплёўваюць. Пілат нічога не разумее. Натоўп крычыць: «Укрыжуй Яго!» Жаўнеры здзекуюцца з Яго і б’юць.

Усе пакінулі Езуса: старэйшыны юдэяў, вучні і натоўп людзей. Такія мы людзі: можам апладзіраваць і прымаць славу, усхваляць іншых воклічамі, і такім жа чынам мы зможам легкадумна і бяздумна здрадзіць, пакінуць і праігнараваць. Нашы здольнасці разумець іншых, спачуваць ім і любіць — слабыя і ўбогія.

Калі надыходзіць кульмінацыя крыжовых мукаў, Езус адчувае, што і Бог Яго пакінуў, і ўсклікае: «Божа Мой, Божа, чаму Мяне пакінуў?» Гэта крык чалавека, заглыбленага ў самую глыбокую цемру пакутаў і смерці. Езус не ўсклікае да людзей. Гэта было б дарэмна. Людзі не зразумелі б гэтага, спрабавалі б няёмка суцяшаць Яго або прапанавалі б Яму што-небудзь здымаючае боль, як напрыклад, губку з воцатам.

Езус усклікае да Бога, абсалютнай Таямніцы. Крык Езуса — гэта не адчай, гэта не жаданне недаверлівага чалавека, якое не мае суцяшэння. Крык Езуса — гэта безумоўная пакора Божай таямніцы з пытаннем і жаданнем на вуснах: «Божа Мой, Божа, чаму Мяне пакінуў?» Езус не памірае без слоў, Ён не замкнёны ў бессэнсоўнае і безнадзейнае маўчанне. Ён усклікае да Айца ў сваім смутку і самоце менавіта таму, што ведае: звяртацца да Бога — мае сэнс.

Паміраць, звяртаючыся да Бога са сваім жаданнем зразумець і не застацца ў самоце, азначае памерці, даверыўшыся абсалютнай таямніцы неспасцігальнай любові Бога.

Смерць Езуса з’яўляецца адзіна разумнай смерцю. Памерці так, як Ён, азначае абраць сапраўдную перамогу — тую таямнічую і недасягальную перамогу, якая можа прыйсці толькі ад Бога. Кожны, хто памірае не так, як Езус, не зразумеў, якім быў сапраўдны сэнс іх жыцця.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 03.03.2020 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця