Пошук

15.03.2012 00:00  

1 чыт. 2 Кр 36, 14-16. 19-23; Пс 137 (136), 1-2. 3. 4-5. 6.
2 чыт. Эф 2, 4-10.
Ев. Ян 3, 14-21
.

Ласкаю вы збаўлены

Чалавек можа быць больш-менш песімістам або больш-менш аптымістам. Аднак нельга адмаўляць, што Святое Пісанне выкрывае ва ўсіх нас зло і грэшнасць. Мы больш любім атрымліваць, чым даваць, мы баімся праўды і трапляем у паўпраўду. Мы абяцаем, а ў жыцці гэтага не спаўняем. Такім чынам, ёсць шмат довадаў адносна нашага эгаізму і жорсткасці.

Сучасная культура, аднак, заклікае нас быць самаўпэўненымі, тымі, якія не адчуваюць сваёй віны, заклікае ўвогуле пазбавіцца ад пачуцця віны. Прапагандуе апраўдваць свае намеры, інстынкты і нават нялюдскія паводзіны прынцыпам самарэалізацыі і пошукаў уласнага задавальнення.

Хрысціянаў абвінавачваюць у тым, што іх перакананні нібы папракаюць чалавека за яго моцныя жаданні, што яны фарміруюць «заблакаваных» асобаў, якія павінны захоўваць шмат забаронаў. Абвінавачваюць хрысціянаў і ў тым, што яны нібыта ствараюць атмасферу меланхоліі і смутку, што аплакваюць убогасць, у якую трапіла чалавецтва. Іх папракаюць у самазнішчальным разуменні жыцця, у тым, што яны не змогуць «атрымліваць асалоду» ад жыцця…

Такі вобраз мыслення ў многіх няверуючых можа выклікаць таксама час посту. А якія нашы меркаванні? Які наш стыль жыцця?


Езус Хрыстус нас збавіў

Езус сустракаецца з Нікадэмам, сапраўдным габрэем, які адданы Запавету і чакае прыйсця Месіі. Ён спецыяліст па Запавету, ён яго захоўвае ў сваім жыцці. Гэта чалавек, які жадае больш справядлівага грамадства, заснаванага на спаўненні Божага Запавету. Гэта шчыры чалавек, «адзін са старэйшын юдэйскіх, настаўнік Ізраэля». Аднак Езус у размове з Нікадэмам парушае яго ўяўленні.

Езус зыходзіць з таго, што Бог робіць для чалавецтва: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго адзінароднага». Езус з’яўляецца дарам Божай любові да чалавецтва. Божая любоў прагне збаўлення: «Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго». Бог Айцец любіць і таму пасылае Сына. Такім чынам Стварыцель спаўняе сваё моцнае абяцанне збавіць чалавецтва, таму што Яго адзіным гарачым жаданнем з’яўляецца нашае збаўленне. Божая любоў не робіць выключэнняў. Калі ніхто не будзе збаўлены, адказнасць за гэта нясе не Бог, а чалавек.

У адносінах да Езуса, дару Божай любові, мы не можам быць абыякавымі. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны. Хто ж не верыць у Яго, хто Яму не давяраецца, той ужо асуджаны. Верыць у Езуса азначае верыць, што Бог у сваёй любові даў людзям свайго Сына, каб Ён даў ім магчымаць жыць новым жыццём у новым грамадстве.

Езус — святло, якое прыйшло ў свет, «але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі». Езус паказаў «цемру», у якой жывуць людзі. Цемра любіць цемру, яна не жадае, каб яе «выкрыла» святло, і таму яна ненавідзіць святло. Зло ненавідзіць дабро! Хто дзейнічае ў цемры і хоча заставацца ў няправеднасці, той не жадае, каб яго папракалі ў віне, той не жадае вызнаць свае грахі. Прыняць святло азначала б выйсці з укрыцця і прызнацца ў сваёй цемры.

Езус прыйшоў менавіта для таго, каб людзі, якія жывуць у цемры, прызналі, што ў Ім ёсць святло, каб апрануліся ў бліскучае ззянне святла і вызналі сваю няправеднасць. Бо «хто паступае па праўдзе, ідзе да святла». «Праўда» тут азначае лаяльнасць, шчырасць, чыстую гатоўнасць сэрца і чыненне дабра. Толькі той, хто дзейнічае з гэтай гатоўнасцю любіць, прыходзіць да сапраўднай адданасці Езусу — Святлу. Інакш кажучы, да веры ў Езуса прыходзіць толькі той, хто на самой справе гатовы любіць. Разам з гэтай гатоўнасцю мы павінны прызнаць нашу ўласную цемру і неабходнасць Святла, якое можа нас збавіць.


Ласкаю вы збаўлены праз веру

У другім чытанні з Паслання святога апостала Паўла знаходзіцца ўрывак, у якім Апостал намаляваў цёмную карціну лёсаў чалавецтва. І туды трапілі ўсе — і юдэі, і язычнікі — з-за граху. Цяпер ён абвяшчае збаўленчую справу Божай Міласэрнасці і Божай дабрыні. Мы нічога не заслужылі, аднак Бог «багаты на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю».

Стан чалавека — адчайны, таму што ён заплямлены грахом і рабствам граху. Аднак Бог перамагае грэх непераадольнай моцай сваёй любові. Нас не збавяць нашыя добрыя справы, нас збавіць Божая ласка. Святы Павел кажа пра гэта вельмі зразумела: збаўленне «не ад вас, гэта Божы дар».

Прызнанне ў нашых грахах, нашы песімістычныя разважанні аб тым, што выходзіць з нас, не з’яўляюцца пладом нейкага самабічавання, яны выцякаюць з веры ў Бога — адзінага, хто можа нас збавіць. Больш таго, збаўленне — гэта не толькі магчымасць, на якую мы спадзяёмся, гэта дар, які Бог даў нам у Хрысце, з якім Ён уваскрасіў нас з памерлых і даў месца на нябёсах. У Езусе Хрысце праявілася «шчодрае багацце Ягонай ласкі да нас». І Бог «стварыў нас у Езусе Хрысце дзеля добрых спраў». Ён аднаўляе нас ласкаю Хрыстовай і дорыць нам здольнасць чыніць сапраўды добрыя справы, плады Яго любові. Мы — цалкам «Яго справа».

Калі мы кажам, што велікадушнасць Божай любові нясе нам збаўленне, гэта не азначае, што гэтым мы «зніжаем вартасць» чалавека. Прызнанне таго, што без Хрыста нашае жыццё не мае сэнсу, не азначае, што мы з’яўляемся рабамі сумніўнага комплексу віны. Гэта азначае прызнанне таго, што без Бога мы не можам жыць сапраўды чалавечым жыццём, і нават больш чым чалавечым жыццём. Праз Езуса сам Бог прыходзіць да нас, каб жыць з намі і ў нас, каб рабіць нас добрымі і шчаслівымі.

Час посту заклікае нас прызнацца ў сваіх грахах, пакаяцца за нашы правіны, а таксама вызнаць нашу веру ў Езуса Хрыста, які нас збавіць. Сапраўднай прычынай нашай злосці і смутку з’яўляецца адсутнасць веры ў Езуса Хрыста. На гэта ўказвае нам святы Павел: «Вы збаўлены ласкай». Калі мы сапраўды паверым, то зведаем збаўленне Хрыста.


Усе саграшылі

Усе мы адчуваем спакусу пастаянна шукаць нейкае апраўданне таго, што мы хочам збавіцца ўласнымі сіламі, без чыёйсьці дапамогі. Сённяшняе першае чытанне пачынаецца так: «Усе кіраўнікі святароў і народу памнажалі беззаконне сваё». Усе зграшылі. Усе мы грэшнікі. Далей у чытанні адзначаецца: «Яны здзекаваліся з пасланцоў Бога, і пагарджалі словамі Ягонымі, і насміхаліся з прарокаў Ягоных».

Прызнанне ў нашай непаслухмянасці Божаму слову, у нашай нявернасці дае нам надзею на збаўленне: «Пакуль зямля не нацешыцца суботамі сваімі, ва ўсе дні спусташэння свайго будзе святкаваць шабат на працягу сямідзесяці гадоў». Што азначаюць гэтыя словы? Гэта значыць, што пакаранне, якое мы наклікалі на сябе нашымі грахамі, не будзе прыгнятаць нас заўсёды. Бог ідзе нам насустрач. Ён паслаў нам свайго Сына, каб збавіць і адкупіць нас. Бог патрабуе ад нас толькі таго, каб мы адкінулі сваё ўпартае рашэнне жыць без Яго, каб мы не жадалі збаўляцца нашымі ўбогімі сродкамі.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 14.02.2018 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця