Пошук

07.03.2012 00:00  

1 чыт. Зых 20, 1-17 альбо (карац.) Зых 20, 1-3. 7-8. 12-17; Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11.
2 чыт. 1 Кар 1, 22-25.
Ев. Ян 2, 13-25
.

Новы закон і новая святыня

Закранем тэму розніцы паміж рэлігіяй і верай. Менавіта гэтай тэмай прасякнуты чытанні сённяшняй нядзелі. Пад рэлігіяй мы разумеем тое, што чалавек робіць для Бога. Аднак часта пабожнасць чалавека можа адхіляцца ад сапраўднай пабожнасці і прымаць форму забабонаў або фанатызму, як гэта часта здараецца ў «народнай пабожнасці». Такім чынам ствараецца цэлая сістэма абрадаў, законаў і сацыяльных падыходаў, што нараджаюцца з рэлігійнага пачуцця чалавека, якім кіруе толькі яго свядомасць. Тут узнікае небяспека, што кожны чалавек можа стварыць сваё ўласнае ўяўленне пра Бога, сваю мараль, а значыць і сваю рэлігію. У Святым Пісанні востра крытыкуецца такі ход думак, таму што Біблія хутчэй не акрэслівае шляхі, па якіх чалавек павінен наблізіцца да Бога, а прапаведуе аб’яўленне Бога, які ідзе насустрач чалавеку і прыносіць сябе яму ў дар. Чалавек запрашаецца «верыць», а значыць прыняць Божую ініцыятыву і Божы дар.


Крытыка святыні

У сённяшнім Евангеллі мы сустракаемся з Езусам у Ерузалемскай святыні сярод «тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў», і мянялаў, якія сядзелі там. Наблізілася свята Пасхі, якое было падыходзячай нагодай для вялікай штогадовай ярмаркі, што распачыналася за тры тыдні да Пасхі. Езус зрабіў бізун з вяровак і тым самым праявіў жэст Месіі, бо людзі ўяўлялі сабе, што Месія прыйдзе для таго, каб «наказаць бізунамі» грэшнікаў за іх заганы і нездавальненне. Езус з бізуном у руках «павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў». Ён абвінаваціў іх, што яны ўчынілі дом Айца Яго домам гандлю.

У гэтым апошнім сказе ёсць ключ да разумення падзеі. Народная пабожнасць стварыла вакол святыні гаспадарчую сістэму з велізарным гандлем, які прыносіў з сабою шмат несправядлівасці і прыгнёту. Ён спрыяў узнікненню тых, хто абагачаўся, і тых, каго абкрадалі. Вялікія юдэйскія святы станавіліся нагодай для сур’ёзнага руху капітала. Усё гэта ажыццяўлялася пад «покрывам» рэлігіі. У сапраўднасці ж, для ерузалемскіх павадыроў і купцоў галоўным бажком былі грошы. Набажэнства і святыня былі толькі нагодай для таго, каб зарабіць грошы. Акрамя таго, што грошы сталі прыладай прыбытку і пастаянна ўзрастаючай сацыяльнай несправядлівасці, яны прынеслі таксама памылковыя погляды пра Бога. Людзям унушалася думка, што Бог патрабавальны, што Ён выкарыстоўвае чалавека і патрабуе для сябе больш цяжкіх ахвяр і дароў. Ва ўяўленні людзей маляваўся вобраз раўнівага і патрабавальнага Бога. У выніку сказілася разуменне пра Бога, а ўрачыстае набажэнства стала прыладай для дасягнення эгаістычных інтарэсаў і для прыгнёту беднага народа.

Езус не можа прымірыцца з такой сітуацыяй і выганяе ўсіх са святыні, а ў размове з павадырамі юдэйскага народа кажа: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні  ўзнясу яе». І тут евангеліст Ян адзначае: «Казаў жа Ён пра святыню цела свайго». Езус паклаў канец такой рэлігіі, якая разумее Бога як пана і эксплуататара, які выкарыстоўвае чалавека, бо апошні баіцца Божага пакарання і замест сапраўднага Бога ўсклікае да мамоны.

Езус кажа пра «дом свайго Айца». Бог не з’яўляецца панам, а Айцом, які дае жыццё і пры гэтым не выкарыстоўвае іншых. Адносіны да Бога ўжо не асноўваюцца на тым, каб выклікаць жах у чалавека. Цяпер у іх аснове інтымнасць і давер дзяцей да Айца. Рэлігія — гэта не сістэма, у якой людзі даюць што-небудзь Богу. Гэта перажыванне Божай айцоўскай любові. Цяпер святое месца — гэта не толькі святыня, бо «месцам» Божай прысутнасці з’яўляецца сам Хрыстус. У Ім прабывае Бог, які аддае людзям самога сябе.

Будаўніцтва Ерузалемскай святыні было вельмі дарагой справай гандлю, і працягвалася яно сорак шэсць гадоў. Бог жа ўзвёў новую святыню за тры дні. І гэтая святыня — цела ўваскрослага Езуса. Гэтая святыня — незнішчальная, вечная, бо пабудаваная не рукамі чалавека, а самім Богам.

Учынак Езуса выклікае захапленне натоўпу, і таму многія «паверылі ў імя Ягонае», у імя, якое Ён набыў сярод людзей дзякуючы ўчынку ў святыні. Аднак Езус лічыў такую рэакцыю павярхоўнай і «не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх». Людзі бачылі ў Езусе рэфарматара, які выступае супраць існуючых нормаў, і чакалі, што Ён унясе больш рацыянальную і больш чалавечую «сістэму». Прапанова ж Езуса з’яўляецца нашмат больш радыкальнай, яна цалкам адрозніваецца ад іх чаканняў.


Закон і мудрасць

У перспектыве «рэлігіі» запаведзі таксама разумеюцца як «нагода» для служэння, для дзеяння чалавека. Насуперак гэтаму першае чытанне вучыць нас пазнаваць у Дэкалогу «Слова» (пар. Зых 20, 1), а значыць Божае Аб’яўленне. Той, хто дае запаведзі, не нейкі там патрабавальны бог, а Збаўца і Вызваліцель, як гэта паказвае пралог да Дзесяці Божых запаведзяў: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі».

Бог дае свабоду і дае запаведзі, каб забяспечыць свайму народу свабоду. Калі чалавек захоўвае запаведзі і прымае іх з верай як Божае слова, ён прымае ўдзел у свабодзе, якую даў нам Бог. Пралог да Дэкалога з’яўляецца прынцыпам, які закладзены ў аснову запаведзяў. Таму кожная з іх павінна тлумачыцца ў святле вызвалення, якое стварыў Бог, і як «шлях» да свабоды. У гэтым сэнсе захаванне запаведзяў не з’яўляецца платай, якую трэба заплаціць патрабавальнаму богу, а сыноўняй і поўнай прызнання паслухмянасцю Айцу, які вядзе нас па шляху свабоды.

Запаведзі, якія датычаць адносінаў да бліжняга, таксама павінны разумецца ў гэтым сэнсе. А значыць, свабодай, якую мы атрымалі ў дар, мы павінны падзяліцца з бліжнім праз належныя паводзіны ў сваім жыцці, якія вызваляюць і ствараюць месца для свабоды.

Псальм кажа нам дакладна: «Пане, Ты маеш словы вечнага жыцця». Божыя словы — гэта не «загады», а «звароты і заклікі» прыняць жыццё, якое нам дае Бог, і ажыццяўляць іх у нашых паводзінах.

Ва ўрыўку з Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў таксама гучыць праблема розніцы паміж рэлігіяй і верай. Юдэі патрабуюць ад рэлігіі знаку, а грэкі шукаюць у ёй мудрасці. У абодвух выпадках чалавечая дзейнасць хоча знайсці сабе прымяненне. А «патрабаваць знаку» азначае зрабіць сабе з Бога прыладу, выпрабоўваць Яго, маніпуляваць Ім так, як падабаецца. «Шукаць мудрасці» ў разуменні грэкаў азначала адмаўляць сэнс, які нам даў нехта іншы, і жадаць самім знаходзіць сэнс жыцця. Паражэнне гэтай рэлігіі прынёс укрыжаваны Езус, для якога каштоўнасць можа мець толькі вера.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 06.02.2018 17:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця