Паказаў Айца
Хто дасць нам магчымасць пазнаць Бога? Скласці ўяўленне пра Бога нам дапаможа наш чалавечы вопыт: мы разважаем пра перажытае, ачышчаем усё гэта і прыносім Богу. Наш досвед заўсёды пераплятаецца з грахом, ён абумоўлены нашымі інтарэсамі і прэтэнзіямі, ён ажыццяўляецца ў свеце, у якім свой след пакінуў грэх.
Пазнаючы Бога такім чынам, мы падвяргаемся небяспецы, што дадзім Богу такое аблічча, якое жадаем мы, якое падабаецца нам. Напэўна, кожны чалавек стварыў бы сваё ўласнае ўяўленне пра Бога. З іншага боку, мы не можам шукаць аблічча Бога на нябёсах, бо і там не прадстаўлены нейкія яго асаблівыя рысы.
Мы павінны шукаць Бога тут, на зямлі, сярод нас, а дакладней сказаць — у чалавеку Езусе Хрысце. Ад Яго мы вучымся пазнаваць, якім на самой справе з’яўляецца Бог. З маўчання зорак, з велічы і прыгажосці свету, з пабуджэнняў сумлення або іншымі шляхамі мы можам прыйсці да пераканання, што Бог існуе. Аднак і гэтага ўсяго недастаткова, каб скласці поўнае ўяўленне пра Бога. Сапраўднае аблічча Бога нам паказвае Яго Сын, Езус Хрыстус. Таму давайце падымемся разам з апосталамі на гару, дзе адбылося перамяненне Пана, каб і мы навучыліся пазнаваць Езуса, а праз гэта — самога Бога.
Умілаваны Сын
Гара Перамянення нагадвае вобраз гары Аб’яўлення — Сіная. У пачатку ўрыўка, які ў сённяшнім літургічным чытанні апушчаны, гаворыцца: «Калі прайшло шэсць дзён, узяў Езус Пятра, Якуба і Яна…».
Перамяненне Езуса адбылося на сёмы дзень, падобна таму, як у Кнізе Зыходу: «І хвала Пана асвяціла гару Сінай; і пакрывалі яго аблокі шэсць дзён, а на сёмы ўсклікнуў Пан да Майсея з воблака» (пар. Зых 24, 16–18).
Белы колер адзення Езуса мае сімвалічнае значэнне: указвае на тое, што Езус належыць да нябеснай рэальнасці. Разам з перамененым Езусам з’яўляюцца Ілля і Майсей, дзве старазапаветныя асобы. Ілля і Майсей размаўлялі з Езусам. Гэта азначае, што Стары Запавет не чужы для Езуса, нават наадварот, Ён «вядзе з ім дыялог». Божае Аб’яўленне дасягае сваёй найвышэйшай кропкі і дасканала спаўняецца ў Езусе Хрысце. Аднак не толькі ў гісторыі Яго зямнога жыцця, а ва ўсім шляху, уключаючы Яго ўваскрасенне з памерлых, на якое намякае евангеліст Марк, калі апавядае аб перамяненні Езуса.
Пётр хацеў бы «спыніць» гэты момант і зрабіць яго вечным: «Зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». З яго прамаўляе страх і адначасова жаданне авалодаць гэтым момантам так, каб ён ужо не мінуў. Евангеліст адзначае, што Пётр «не ведаў, што сказаць». Апосталы яшчэ не змаглі прыняць аб’яўленне Езуса.
З воблака, знаку Божай прысутнасці, даносіцца голас Айца: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце». З гэтага часу той, хто хоча слухаць Айца, павінен слухаць Сына. «І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса». Гэты сказ мае вялікае значэнне: вучням больш ніхто не патрэбны. У Езусе яны маюць усё. Калі б яны страцілі Езуса, яны б страцілі ўсё. Жыць у далечыні ад Езуса або жыць без Яго — гэта толькі ідэалогія пра Бога, інакш кажучы, стварэнне нашых чалавечых мараў пра Бога або фальсіфікацыя сапраўднага Божага аблічча. Страціўшы Езуса, мы страцім і Бога, а ў выніку і сапраўдны сэнс чалавечага жыцця.
Бог за нас
Другое чытанне дапамагае нам, каб мы і надалей у сваіх разважаннях арыентаваліся на Езуса. Хто ж тады Бог? Мы пазнаём яго праз Езуса Хрыста. Бог за нас. І гэта пацвярджаецца тым, што Бог даў нам усё, што меў — даў свайго Сына. Адзінае, чаго жадае Бог, — гэта «апраўдаць» нас, а значыць, вызваліць ад зла і смерці. Езус жа, які памёр і ўваскрос дзеля нас, хадайнічае за нас. Ён аб’яўляе нам велізарную праўду: калі Бог з намі, хто супраць нас? Ніхто, толькі нашыя грахі.
Бог дазволіў нам пазнаць Яго і прынёс сябе ў дар у сваім Сыне, які памёр і ўваскрос з памерлых дзеля нас. Мы не можам шукаць Бога на іншых шляхах, акрамя тых, якімі крочыў Езус падчас свайго зямнога жыцця. Таму, калі мы верым у Бога, лагічна і тое, што мы павінны верыць і ў Езуса Хрыста. Менавіта ў жыцці Езуса мы знаходзім Бога.
Час посту, як мы чулі ў першую нядзелю Вялікага посту, з’яўляецца часам пошуку Бога і навяртання. Аднак калі нашыя пошукі сур’ёзныя і шчырыя, то яны перш за ўсё з’яўляюцца пошукамі Езуса. У малітве трэба прасіць, каб мы зразумелі, кім Езус павінен быць у нашым хрысціянскім жыцці.
Ахвяра Абрагама
Традыцыйнае разуменне ўрыўка з Кнігі Быцця пра ахвяру Абрагама знаходзіць сувязь з Пасланнем апостала Паўла да Рымлянаў, урывак з якога мы сёння пачулі ў другім чытанні. Бог «Сына свайго не пашкадаваў». У Ісааку мы нібы бачым вобраз Хрыста.
Цяпер жа ўрывак з Кнігі Быцця паслужыць нам для іншай трактоўкі. Ужо ў самым пачатку мы чытаем: «Выпрабоўваў Бог Абрагама». Галоўным дзеючым героем з’яўляецца Абрагам, яго вера, якая падвяргаецца выпрабаванню.
Выпрабаванне заключаецца ў наступным: Бог, які даў Абрагаму сына, цяпер супярэчыць сабе, патрабуючы, каб той прынёс у ахвяру свайго сына, аддаў на ўсеспаленне. Якім жа ў такім выпадку з’яўляецца сапраўднае аблічча Бога? Тое, якое дае абяцанне і дар сына, ці тое, якое патрабуе чалавечай ахвяры? Бог, які аб’явіўся Ізраэлю, цалкам вольны ў тым, што Ён дорыць і што бярэ, і ніхто не мае права пытацца ў Яго: «Што Ты робіш?» (пар. Ёв 9, 12; Дан 4, 32). Гэтае тлумачэнне несумненна з’яўляецца асновай нашага аповеду. Здаецца, што таямнічы Бог, які аб’явіўся Абрагаму, цяпер супярэчыць сам сабе, бо хоча ўзяць тое, што падарыў.
Пытанне, якое выцякае з гэтай падзеі, стаіць так: якое сапраўднае аблічча Бога? Аблічча Бога, які адорвае, ці аблічча Бога, які дае і забірае?
Адказ на гэтае пытанне наступны: Бог не супярэчыць сабе, аднак Ён хоча выпрабаваць Абрагама, а значыць, хоча даведацца, ці сапраўды Абрагам лічыць сына чыстым і простым дарам, на які ён не мае ніякага права. Калі Абрагам верыць, што Бог не скупы, што Ён не бязлітасна жорсткі, то ён зможа вярнуць Богу Яго бескарыслівы дар. Так і адбудзецца. Праз тое, што Абрагам вытрываў выпрабаванне, ён пазнаў сапраўднае аблічча Бога, Бога, які дае ўсё бескарысліва, але без таго, каб чалавек мог прад’яўляць свае правы і прэтэнзіі да Божых дароў.
Усе чытанні сённяшняй літургіі заахвочваюць нас задумацца над сапраўдным абліччам Бога. А ўваскрасенне Езуса з памерлых дапамагае нам прыйсці да высновы: Бог жадае толькі нашага жыцця і нашага збаўлення.
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.