Пошук

25.11.2011 00:00  


1 чыт. Іс 63, 16b-17.19b; 64, 2b-7; Пс 80(79), 2ac і 3b, 15-16, 18-19.
2 чыт. 1 Кар 1, 3-9.
Ев. Мк 13, 33-37
.


Чувайце, бо прыйдзе гаспадар дома


У пачатку новага літургічнага года, а дакладней, у пачатку Адвэнту, зададзім сабе пытанне: якія гарачыя жаданні мы носім у сабе? Якое з іх у нас пераважае? Вельмі важна вызначыць тое, да чаго мы імкнёмся, каб мы змаглі назваць нашыя гарачыя жаданні, каб мы адкрылі адваротны бок нашых жаданняў. Чаго мы сёння чакаем ад удзелу ў святой Імшы?

Каб зразумець тых, хто жыве ў нашым грамадстве, хоць яны і не з’яўляюцца хрысціянамі, мы можам пашырыць гэтае пытанне: да чаго імкнуцца людзі, якіх мы штодзень сустракаем? Мы, здаецца, не памылімся, калі скажам, што ўсе мы імкнёмся да таго, каб «жыць і быць шчаслівымі». Аднак ці не з’яўляюцца менавіта жыццё і шчасце тым, што Святое Пісанне называе «збаўленнем»? І што датычыць нас, ці жадаем мы палымяна быць збаўленымі?


Палымянае жаданне Езуса

У жыцці першых хрысціянскіх супольнасцяў «дзьмулі буйныя вятры эсхаталагічнага фанатызму», у выніку чаго некаторыя хрысціяне былі ўпэўнены ў хуткім канчатковым прыйсці Пана. Аднак некаторыя з іх, наадварот, трапілі ў абыякавасць у адносінах да будучага прыйсця Хрыста і з хрысціянскага жыцця стварылі засвоены стыль жыцця, пазбаўлены эсхаталагічнай напружанасці. Як евангелісты, так і апостал Павел надаюць вялікую ўвагу таму, каб пазбегнуць абодвух указаных небяспечных месцаў — фанатызму і абыякавасці.

У сённяшнім урыўку з Евангелля паводле Марка, які з’яўляецца часткаю так званай эсхаталагічнай пропаведзі Езуса, евангеліст паказвае чалавека, які адправіўся ў доўгі шлях, аднак які абавязкова вернецца. Гаворка ідзе пра канчатковае прышэсце Пана — не пра імгненнае прышэсце і таксама не пра аддаленае: Ён вернецца нечакана. Таму нельга жыць так, нібы Ён зусім ужо не павінен вярнуцца, але так, нібы Ён ужо стаіць за дзвярыма, і таму, чакаючы Яго хуткага вяртання, ужо не мела б сэнсу пачынаць працаваць. Бо гаспадар дома «даў слугам сваім уладу» і «кожнаму сваю працу». Прыпавесць робіць намёкі, што Езус даў сваім вучням уладу і даручыў пакліканне. Чакаючы гаспадара, слугі — гэта значыць вучні Пана — павінны прымяняць уладу і выконваць заданні, якія ім даручыў Пан. Толькі такім чынам яны будуць «чуваць» і будуць падрыхтаваныя да сустрэчы з Панам.

Нельга чакаць прыйсця гаспадара дома, склаўшы рукі або трымаючы іх у кішэні. Гарачае жаданне сустрэчы з Панам павінна быць актыўным і дынамічным чаканнем, таму што толькі такім чынам выконваецца жаданні Пана. Узгадаем анекдот, які кажа, як адзін пабожны габрэй спытаў свайго настаўніка: «Што б ты зрабіў, калі б ты ведаў, што праз некалькі хвілін прыйдзе Месія?» Мудры рабін адказаў яму: «Я працягваў бы рабіць тое, што я раблю цяпер».

Адвэнт, перажыванне якога мы распачынаем гэтым урыўкам з Евангелля, з’яўляецца часам адказнасці, часам удзелу, актыўнасці, дзейснага чування, а не часам абыякавасці і ляноты. Давайце пойдзем насустрач Пану ўсім нашым жыццём, з нашымі штодзённымі абавязкамі і нашай адказнасцю, нашымі намаганнямі ў працы, нашым удзелам і нашай велікадушнасцю. Езус звяртае нашу ўвагу на тое, што мы не ведаем «дакладнага моманту» нашай сустрэчы з Ім, і заахвочвае нас чуваць. Гэта значыць, што права вырашаць пра канец нашага жыцця мы павінны аддаць Яму, але адначасова мы павінны быць актыўнымі і дзейснымі ў «Яго доме», у які Ён ужо дазволіў нам увайсці праз тое, што даў нам уладу і заданні. Толькі такім чынам мы застанемся вернымі ў Яго доме, тут і цяпер, нам будзе дазволена застацца ў ім назаўсёды.


Гарачае жаданне збаўлення

Чаканне Пана ўключае ў сябе жаданне збаўлення ў кожным чалавеку. Мы павінны былі б усклікнуць разам з прарокам: «О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў» (Іс 63, 19). Так крычаў прарок пасля вяртання з выгнання, а значыць пасля 538 г. да Нараджэння Хрыстовага, калі ізраільскі народ быў яшчэ раскіданым і блукаў у прыцемках беднасці, што абрушылася на Ізраэль. Гэта быў час, калі трэба было аднавіць ізраільскую супольнасць з грамадскага і рэлігійнага пункту гледжання. І таму прарок павінен падбадзёрыць тых, хто страціў давер, падбадзёрыць расчараваных, даць надзею тым, хто ў адчаі. Таму разам з усімі імі ён моліцца (гл. Іс 63, 18). Гэта гарачае жаданне Бога, Яго збаўчай дзейнасці. Аднак гарачае жаданне збаўлення з нашага боку мае на ўвазе неабходнасць прызнаць, што мы з’яўляемся грэшнікамі. «Праведнасць нашая, як забруджанае адзенне» (пар. Іс 64, 5). Коранем граху з’яўляецца тое, што мы перастаем шукаць Бога (гл. Іс 64, 6). Прызнанне ў сваіх грахах з’яўляецца першым крокам да таго, каб мы накіраваліся насустрач Пану: «Спрадвеку мы грашылі; як жа мы будзем збаўлены?» (пар. Іс 64, 4).

Гаворка ідзе не пра такое прызнанне ў грахах, у якім чалавек замыкаецца ў сабе, у несуцешнасці асабістага ўбоства, а пра гарачае жаданне распачаць нанава, жаданне, якое асноўваецца на ўсё новых Божых магчымасцях: «Ты, Пане, Айцец наш, Адкупіцель наш, такое спрадвеку імя Тваё» (Іс 63, 16). Не з-за нашых заслугаў, а таму, што Бог з’яўляецца Айцом і Збаўцам, мы можам і павінны ўскладаць надзею на абнаўленне. Хоць мы і грэшнікі, мы застаёмся «справаю рукі Божай» (Іс 64, 7) і Бог не забывае пра сваё стварэнне. Значыць, надзея на новую будучыню, на якасна іншы пачатак не залежыць ад нас, але ад Бога.

Адвэнт з’яўляецца часам прагнага жадання збаўлення. Пра гэта кажа нам рэспансарыйны псальм: «Божа, аднаві і дай нам збаўленне» (Пс 80). Увогуле, ці здольныя мы жадаць сабе збаўлення? Ці ў сапраўднасці мы жадаем сабе збаўлення? Ці ўпэўнены мы ў тым, што толькі Бог можа даць нам жыццё і шчасце?

Ва ўрыўку з Першага Паслання Паўла да Карынцянаў (1 Кар 1, 3–9) аўтар цвёрда іранізуе над самастойнасцю і незалежнасцю карынцянаў, якія лічылі, што яны «ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім веданнем» (1 Кар 1, 5). Іронія Паўла — абсалютная: «Вы не маеце нястачы ні ў якім дары» (1 Кар 1, 7). З далейшай часткі паслання потым становіцца зразумела, што, наадварот, у карынцянаў адсутнічае многае для таго, каб яны маглі хваліцца, што яны з’яўляюцца сапраўднымі хрысціянамі. Тут Павел высмейвае іх: у карынцянаў няма перш за ўсё самай важнай якасці: «быць Хрыстовымі» (1 Кар 3, 23). Таму што Бог сам «будзе ўмацоўваць вас аж да канца» (1 Кар 1, 8), гэта значыць да дня свайго прыйсця. Ён, які паклікаў нас да еднасці са сваім Сынам, можа і жадае зрабіць нас «бязвіннымі».

Калі нашыя жаданні збаўлення не закаранёныя ва ўсведамленні абсалютнай ініцыятывы Бога Збаўцы, то яны з’яўляюцца толькі смешнымі намерамі і снамі, якія хутка паблякнуць. Да канчатковай сустрэчы з Панам мы не рыхтуемся толькі праз тое, што будзем шмат і, можа, добра гаварыць, але перш за ўсё праз тое, што мы даверымся ўладзе і дзейснасці Яго збаўчай дзейнасці. Жаданне збаўлення з’яўляецца сапраўдным і каштоўным толькі тады, калі мы ўпэўнены, што толькі Бог можа нас збавіць. Гэта азначае, што чакаць збаўлення мы можам толькі ад Бога.

ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 22.11.2020 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця