Пошук

20.05.2011 01:00  

1 чыт. Дз 6, 1-7; Пс 33(32), 1-2. 4-5. 18-19.
2 чыт. 1 П 2, 4-9.Ев. Ян 14, 1-12.


Пакажы нам Айца

 

Філосаф Паскаль аднойчы напісаў запіску, якую пазней заўсёды насіў з сабою. Ён зашыў яе ў падкладку сваёго касцюма. Напісана ж было на ёй вось што: «Агонь. Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба, а не Бог філосафаў і вучоных». У адну ноч Паскаль ізноў зведаў перажыванне Майсея, калі той убачыў палаючы куст: Богу матэматычнаму і геаметрычнаму, які цалкам дасканалы, але халодны, як матэматычная тэарэма, супрацьпастаўляецца Бог, які ўвасабляе шчырую творчую любоў, палаючы агонь у кусце. У гэтым перажыванні Паскаль пазнаў, што Бог — гэта не толькі прадмет мыслення і геаметрычнай зладжанасці Сусвету, але і «агонь», жывая і любячая энергія, якая стварае і дорыць жыццё.

Да «Бога філосафаў» нельга маліцца, бо немагчыма маліцца да «матэматыкі» Сусвету. Аднак Бог Майсея, полымя любові і жыцця, з’яўляецца Богам, які ніколі не бывае «нейтральным», нячулым і халодным да малітваў людзей. Бог філосафаў — гэта чыстая думка, што Бог, які явіўся нам у Святым Пісанні, з’яўляецца любячым мысліцелем або любоўю, якая думае. У біблейскім Богу праўда і любоў ад самага пачатку тоесныя. У гэтага Бога мы верым, і, як вучыў нас Езус, гэтага Бога мы называем Айцом.


Бог, які прамаўляе

Мы можам меркаваць, што хрысціянства — гэта перш за ўсё здзяйсненне любові да бліжняга. Узгадаем тэкст сённяшняга першага чытання паводле Дзеяў Апосталаў: «У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні. Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выбярыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова» (Дз 6, 1– 5).

Тут вызначаны канкрэтны шлях, як арганізаваць хрысціянскае грамадства, якое ствараецца на аснове «братэрскай любові і Божага слова». Хрысціянскаму грамадству абодва гэтыя «лёгкія», інакш яно б загінула. Бо менавіта Божае слова падтрымлівае сённяшнія паводзіны Касцёла ў любові да бліжняга, надае гэтаму сэнс і матывацыю. Калі мы думаем, што можам выбіраць паміж Божым словам і абавязкамі на карысць бліжняга, мы ўжо аказваемся па-за межамі хрысціянскага жыцця. Наш Бог — гэта Бог, які размаўляў і размаўляе з людзьмі. І ім найбольш неабходна ведаць праўду і сэнс, чым думаць пра хлеб на сёння.

Ніхто не можа абысціся без Божага слова або братэрскай любові дзеля карысці бліжняга. На першым месцы знаходзіцца прапаведаванне Божага слова, таму што менавіта думкі пабуджаюць да дзеяння. Хоць праўдаю з’яўляецца і тое, што ўчынкі ўпарадкоўваюць і ўплываюць на спосаб мыслення. У Дзеях Апосталаў мы чытаем: «Слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме».

Са слухання слова жывога Бога нараджаецца вера і смеласць, здольнасць сапраўднай самаадданасці праз любоў да бліжняга. Бо сапраўдная вера пераходзіць у любоў. А сапраўдная любоў нараджаецца з праўды веры, успрынятай у слуханні Божага слова. Паскаль меў рацыю, калі казаў, што Бог Святога Пісання — гэта агонь. Агонь у тым сэнсе, што ён — палаючая праўда любові, а не нейкая абстрактная праўда або толькі нейтральнае мысленне.


Народ, абраны Богам

Касцёл — гэта не сход адукаваных мысліцеляў, якія адкрылі матэматычную праўду пра Сусвет. Касцёл — гэта грамадства, пабудаванае на «жывым камені», якім з’яўляецца Езус Хрыстус, і верыць у слова Бога, якое сам Езус прыйшоў прапаведаваць. Грамадства ж, пабудаванае на Хрысце і аб’яднанае Ім, з’яўляецца духоўным домам (ажыўленым Духам Хрыста), узведзеным з «жывых камянёў». Гаворка ідзе не пра «адукаванае грамадства», а пра «каралеўскае святарства», пра народ святы, выбраны род, які абвесціць слаўныя дзеянні Ягоныя.

Тут не Бог філосафаў, а Бог Святога Пісання. Бог хрысціян — гэта Бог, які «паклікаў іх з цемры ў свой цудоўны свет», даў сваё слова, зрабіў Сына свайго вуглавым каменем Касцёла. Касцёл жа — гэта святое духавенства, «каралеўскае святарства», бо ён можа і ўмее сустрэць Пана як свайго Бога, які робіць яго святым і дае гэтую каралеўскую годнасць.

Бог Святога Пісання даў нам усё праз тое, што даў Езуса — жывы камень, на якім мы можам будаваць сваё жыццё і існаванне. Ён даў нам не ўяўленне, не думку ці паняцце, Ён прынёс сябе ў дар у сваім Сыне, які, аднак, людзі адвяргаюць.


Я — дарога і праўда, і жыццё

Дзе і якім чынам нам шукаць Бога? Філосафы шукаюць Бога паўсюль. Яны лічаць, што, знайшоўшы «сляды» прысутнасці Бога, ім удасца стварыць яго вобраз.

Езус яўляе сябе як «праўду», як поўнае і дасканалае аб’яўленне Бога. Калі Езус кажа «Я — праўда», Ён тым самым падкрэслівае, што гэта не толькі яго меркаванне пра Бога. Езус — адзіная і поўная Божая праўда, поўнае і дасканалае аб’яўленне Бога. Няма больш дасканалых шляхоў, каб пазнаць Бога і сустрэцца з Ім, як толькі праз Хрыста.

Езус яўляе сябе як «дарогу» — шлях, па якім мы абавязаны ісці насустрач Богу. Ён — адзіны і правільны шлях, які вядзе да Бога. Гэта шлях дасягальны і зразумелы кожнаму.

Нам не трэба шукаць іншых дарог, каб прыйсці да Бога. Мы не павінны шукаць іх ні ў сабе, ні ў глыбінях свайго збянтэжанага і няяснага сумлення. «Дарога», якую нам паказвае Езус, — гэта Яго зямное жыццё. Ён — дарога, якая прапануецца кожнаму чалавеку тут, на зямлі. Гэта дарога адзіна правільная. Яна вядзе да мэты.

Езус — адзіны, хто здольны даць нам магчымасць жыць сапраўдным жыццём, і не толькі чалавечым, але і Божым. Мы не маем іншых магчымасцяў, якім чынам будаваць радаснае, добрае і правільнае жыццё. Гэтая магчымасць ёсць толькі ў Езусе Хрысце. Мы падманваем саміх сябе, што можам жыць добра і без Яго. Наступствам гэтага з’яўляецца няправільнае, шэрае і нешчаслівае жыццё.

Не жадаючы пазнаць Езуса, мы не можам пазнаць і Бога. Езус адкрывае нам аблічча Бога. І дарэмна мы будзем намагацца, каб стварыць нейкае ўяўленне пра Бога, калі не будзем разважаць пра аблічча Езуса, у якім ззяе твар Айца.


ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 02.04.2020 20:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.