Пошук

01.04.2011 01:00  

 

1 чыт. 1 Сам 16, 1b. 6-7. 10-13а; Пс 23(22), 1-3a. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. Эф 5, 8-14.
Ев. Ян 9, 1-41 альбо карацейшае Ян 9, 1. 6-9. 13-17. 34-38
.

Вера, якая аднаўляе

Вера — гэта заўсёды прыгода, бо наша свабода перакрыжоўваецца з ласкай Езуса, якая дае магчымасць існаванню нашай свабоды. Ніхто з нас не можа дасканала спазнаць таямніцу веры. І ўсё ж такі мы ў ёй упэўніваемся, хоць і складана перажываць яе ў поўнай меры.

Першае чытанне накрэслівае дыялектычныя адносіны паміж свабодай і ласкай: Бог праз прарока Самуэля абярэ Давіда і напоўніць яго сваім Духам. Аднак Давіду гэта забяспечвае жыццё, мілае Богу. Свабода азначае шчырасць перад Богам і гатоўнасць жыць у лучнасці з Ім. Гэта від згоды, якую чалавек можа пастаянна прымаць або адвяргаць. Вера — гэта актуалізацыя чалавечай свабоды, бескарыслівае здзяйсненне ў выглядзе дару.

У Евангеллі мы пачулі аповед аб ацаленні чалавека, сляпога ад нараджэння. Гэтае здарэнне датычыць не толькі хворага, які аздаравіўся, але таксама няверуючага, які пачынае «бачыць» праз веру. Езус асвячае сляпога чалавека, дае яму зрок і веру. Ласка Езуса ацаляе, лечыць і прыцягвае да святла. Другое чытанне дае магчымасць працягваць гэтае разважанне: вера стварае новы лад жыцця. Традыцыйныя абавязкі ў часе посту — пост, міласціну, малітву — неабходна бачыць у перспектыве свабоднага перажывання нашай веры.


Бог глядзіць на сэрца

Давід быў адной з самых выбітных асоб гісторыі Ізраэля. Яго ідэалізавалі за яго палітычную, ваенную і рэлігійную дзейнасць. Захаваліся ўспаміны аб некаторых падзеях з жыцця Давіда, а таксама яго выказванні. Аднак цікавасць да яго праявіла не толькі гістарычная памяць Ізраэля, але і легенды і народная фантазія.

Сёння складана дакладна і да дробязяў адрозніць у біблейскіх аповедах, аб чым ідзе гаворка: аб гістарычным факце ці аб эпічных або лірычных аздабленнях. У Першай Кнізе Валадарстваў (пар. 1 Вал 16, 1–13) ёсць урывак, які можна трактаваць хутчэй як тэалагічнае разважанне, чым як звычайную гістарычную хроніку. Вядомы экзэгет R.de Vaux сцвярджае, што гэтая глава была ўключана ў старадаўнія аповеды цыклу Самуіла (каля 700 г. да Нараджэння Хрыстовага). А значыць, гэта не чыстая біяграфія, а тэалагічнае разважанне аб гістарычнай падзеі.

Аб намашчэнні Давіда на трон Святое Пісанне нічога не кажа. Нават калі Давід становіцца каралём, адзначаецца, што ён атрымаў намашчэнне на валадаранне ў Хеўроне (пар. 2 Вал 2, 4), а не тое, што яго намасціў Самуэль.

З біблейскага аповеду вынікаюць некаторыя важныя тэмы. Давід — гэта кароль, якога абраў Бог: ён узыходзіць на трон не таму, што належыць да роду Саўла, а таму, што яго праз прарока Самуіла абраў Бог. Выбар быў здзейснены не на аснове чалавечых крытэрыяў: пастух становіцца царом.

Аўтар хоча нам сказаць, што жыццё Давіда рэалізуе план Божага Провіду. Таксама і цяпер зыходзіць ініцыятыва ад Бога. Акрамя гэтага, падкрэсліваецца пастаянная прысутнасць Духа, які «сышоў на Давіда» (пар. 1 Вал 16, 13). Давід — гэта намашчаны кароль. Ён атрымлівае дар Духа Святога для свайго пасланніцтва: здзяйсняць закон і справядлівасць.


Ад нябачання да святла

У сённяшнім Евангеллі мы пачулі пра цуд ацалення сляпога ад нараджэння. Затым наша ўвага была звернута да дыскусіі, якая ўзнікла ў выніку гэтага здарэння. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца словы Езуса: «Я — Святло свету» (пар. Ян 9, 5). Езус бачыць дзве супрацьлеглыя сітуацыі: сляпы пераходзіць з цемры да святла, а габрэі, якія думалі, што яны бачаць, асуджаны на цемру. З аднаго боку, шлях веры (прыйсці да святла азначае прыйсці да веры), з іншага — жорсткасць сэрца, духоўная слепата. Відавочна, што «святло» і «слепата» тут набываюць сімвалічнае значэнне. Гаворка ідзе не толькі пра фізічную слепату і сонечнае святло, але і пра духоўнае святло і слепату душы. Ад знешняга аздараўлення Езус вядзе сваіх слухачоў да разважання аб унутраным і духоўным баках падзей.

Сляпы паступова ўсведамляе, кім з’яўляецца Езус: спачатку ён кажа, што гэтага чалавека завуць Езус, потым называе Яго прарокам, потым, што Ён ад Бога, і, нарэшце, ён вызнае: «Веру, Пане!» Габрэі ідуць у адваротным кірунку: умацоўваюцца ў перакананні супраць Езуса і абвінавачваюць у блюзнерстве сляпога. Іх упэўненасць у сабе і высакамернасць з прычыны сваіх ведаў ствараюць у іх такую слепату, што яны зусім не адчуваюць неабходнасці свайго асвячэння.

Тое, што сталася з чалавекам сляпым ад нараджэння, вельмі дакладна і трапна адлюстроўвае кожнага хрысціяніна, які прыходзіць на свет духоўна сляпым і праз хрост асвячаецца Святлом, якім з’яўляецца Езус. Таму Айцы Касцёла хрост называюць «асвячэннем».

Вера — гэта Божы дар і адначасова добраахвотнае падпарадкаванне, паслухмянасць, якой мы самі жадаем і якую мы адказна прымаем. Божая ласка не прымушае чалавека даваць сваю згоду. Яна вядзе яго, кіруе ім, дапамагае яму, каб ён праявіў сваю свабодную волю. Езус задае сляпому пытанне: «Ці верыш ты ў Сына Божага?» Праз гэта Езус заклікае да свабоднага рашэння. Менавіта дзякуючы правільнаму выбару сляпы пачынае бачыць.


Як дзеці святла

Святы Павел заклікае ў штодзённым жыцці быць вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню на аснове прынцыпу, прыведзенага ў Пасланні да Эфесцаў: «Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы» (пар. Эф 4, 1). Яго заклік паступова развіваецца: «Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану» (пар. Эф 5, 8). Гэта значыць, што жыццё хрысціяніна характарызуе новая рэальнасць. З гэтага новага жыцця зыходзіць патрабаванне адпаведных паводзін: «Паступайце, як дзеці святла» (пар. Эф 5, 8). Хрыстус, які асвяціў нас Божым святлом, учыніў нас удзельнікамі Божага жыцця. І цяпер мы павінны паступаць, як дзеці Божыя.

Плады хрысціянскіх паводзін выражаюцца трыма крытэрыямі: «ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе» (пар. Эф 5, 9). Гэта можна расчытаць і наступным чынам: быць адукаванымі і разумнымі (= праўда), быць адказнымі (= справядлівасць), чыніць дабро (= дабрыня). Гэта асноўныя запаведзі для стварэння сапраўднай хрысціянскай асобы.

З той прычыны, што мы грэшныя, у нас заўсёды існуе зародак заразы, які спакушае нас і жадае весці ў кірунку нявер’я. Пастанова на Вялікі пост можа стаць добрай нагодай, пабуджэннем да яшчэ больш гарачага і смелага ўдасканальвання на шляху веры, якая нараджае добрыя ўчынкі.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 03.03.2020 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.