Крык беднага чалавека
Ёсць шмат людзей, якія «крычаць» і пратэстуюць. Многія думаюць, што яны павінны скардзіцца на закон, прэтэндаваць на справядлівасць, прад’яўляць свае правы, асуджаць ашуканцаў і няшчырых людзей, разглагольстваваць пра сваю нявіннасць і казаць пра свае перавагі. Гэта штодзённы хор «крыкаў», які ўзнімаецца з зямлі: плач, скаргі, бурчанне, лаянкі, помсты, асуджэнне іншых і ўзаемныя абвінавачванні. Нярэдка справа датычыць сапраўды несправядліва прыгнятаемых, з якімі дрэнна абыходзяцца. Часам нам здаецца, што да іх далучаюцца многія іншыя, якія лічаць сябе шчырымі, справядлівымі, нявіннымі і прэтэндуюць на тое, што яны маюць права асуджаць іншых. Дэмаскапічнае даследаванне паказала, што многія людзі, хоць яны і не практыкуючыя хрысціяне, моляцца ў сваім сэрцы. Таму мы сёння пад уздзеяннем літургічных чытанняў будзем разважаць пра ўнутраны «крык», якім з’яўляецца малітва. У Бібліі малітву часта называюць «крыкам да Бога».
Малітва пакрыўджанага
Першае чытанне адразу ўводзіць нас у тэму. Бог не прымае ахвяр, якія суправаджаюцца сацыяльнай несправядлівасцю ці з’яўляюцца яе вынікамі. Таму што прыносіць ахвяры з тым намерам, каб Ён без пакарання пакінуў нашу несправядлівасць, роўна спробе падкупіць Яго (пар. Сір 35, 14). Аднак Пан — гэта справядлівы Бог, які не можа быць частковым. Так, калі мы хочам казаць пра «частковасць» Бога, то мы павінны сказаць, што Бог заўсёды схіляецца ў бок беднага, прыгнечанага, чалавека на перыферыі грамадства. Здаецца, што гэта — «парцыялізм» або частковасць, аднак на самой справе гэта вышэйшая справядлівасць. Бог дзейнічаў такім чынам ужо з пачатку гісторыі Божага народу. Калі фараон прыгнятаў Яго народ у Егіпце, ізраільцяне ўздыхалі ад працы, і іх крык з-за непасільнай працы ўзняўся да Бога. Бог пачуў іх крык і ўзгадаў сваю дамову з Абрагамам, Ісаакам і Якубам. Бог паглядзеў на ізраільцянаў і ўзяў іх пад апеку (Зых 2, 23–25).
У сваёй гісторыі Ізраіль з’яўляўся тым бедным, які крычаў да свайго Пана. Крык быў пратэстам: гэта не можа быць канчатковае становішча! Ізраіль адважна сказаў свайму Богу сваё «чаму?», і Бог ніколі не папракаў яго ў тым (напрыклад, Ёва). Ён не папракаў нас, бо ў гэтым пытанні (акрамя бясплённага бунту) ужо знаходзіцца Божы адказ: «Так не можа быць!» Бог стаіць на баку беднага і прыгнечанага, бо Ён супраць усялякага зла. Бог у многіх псальмах нават навучыў нас пратэставаць супраць кожнай формы зла, якое існуе ў свеце.
Малітва, якая не з’яўляецца ні бунтам без даверу, ні роспачным крыкам, можа мець характар пратэсту і прагнення справядлівасці. «І Пан не будзе марудзіць, але справядлівасць прызнае за справядлівымі…і Усемагутны ў адносінах да несправядлівых не будзе паблажлівым, але ўдарам, які прычыняе боль, трапіць ім у спіну» (пар. Сір 35, 22). (…) Гора нам, калі мы спынім наш крык да Пана супраць несправядлівага гнёту!
Пан стаіць побач са мной
Чытанне з Другога Паслання святога апостала Паўла да Цімафея мы можам разумець з пункту гледжання «беднага», які несправядліва церпіць прыгнёт і абвінавачванні. Апостал з горыччу кажа: «Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі» (пар. 2 Цім 4, 16). Павел не кажа пра сябе як пра ахвяру, не просіць аб спачуванні, не звяртаецца з гневам да сваіх братоў ці да Бога. Наадварот, ён смела кажа пра сваю ўпэўненасць і духоўны вопыт, якія падбадзёрвалі яго: «Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне» (пар. 2 Цім 4, 17). Павел адчуў Божую прысутнасць у момант самоты, калі ўсе пакінулі яго, у моманты цярпення, прыгнёту і нявольніцтва. Ён не губляе часу, не расказвае пра свой боль, не плача. Апостал ставіцца да асноўнай праблемы свайго быцця з рашучасцю: я стаю на правільным шляху ці не? Глыбока і грунтоўна ён выпрабоўвае сумленне: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (пар. 2 Цім 4, 7). Замест таго, каб вызначаць, хто вінаваты і нясе адказнасць за яго цярпенне (Бог ці людзі), Павел адразу пераходзіць да самага важнага пытання: Якія мае адносіны да Бога? Які сэнс момантаў цярпенняў, якія я перажываю перад Богам? Мае адносіны напоўнены даверам і надзеяй ці, можа, я паварочваюся спіной да Божай таямніцы?
Такой мы бачым «малітву» ў момант выпрабавання. Тут, ва ўрыўку з другога чытання, нідзе не ўзгадваецца пра малітву. Аднак паміж радкоў мы заўважаем, што Павел знаходзіцца ў стане малітвы. Ён з даверам аддае сябе Пану, справядліваму суддзі, у якога ёсць «вянец справядлівасці» для таго, хто мае ў Ім надзею. Малітва зняволенага, прыгнечанага Паўла з’яўляецца гімнам перамогі: «Уратуе мяне Пан ад кожнай ліхой справы і захавае мяне для свайго Нябеснага Валадарства» (пар. 2 Цім 4, 18). Павел не робіць памылкі, ён не хваліцца сваёй моцай. Не думае, что ён моцны і адважны. Ён проста ўкладае свой давер і сваю сілу ў Пана. Такім чынам моліцца веруючы ў болю і беднасці, у выпрабаваннях і муках.
Малітва пакорнага
Фарысей і мытнік — гэта два сімвалы. Фарысей прадстаўляе тут чалавека, які ўкладае ўвесь давер толькі ў самога сябе, лічыць сябе справядлівым, таму што ён захоўвае Закон, і пагарджае бліжнімі. Урэшце рэшт, ён цвёрда ўпэўнены ў сваім збаўленні. Тут неабходна звярнуць увагу на сувязь паміж меркаваннем, што чалавек справядлівы перад Богам, але нязломны ў адносінах да бліжняга, якім пагарджае. З другога боку, мытнік — гэта грэшнік par excellence, аднак ён мае алмазную веру чалавека, які ніколі не бывае няшчырым, але, як дзіця, давяраецца Божай міласэрнасці. Вера мытніка безабаронная і бедная, гэта жаласны давер Богу. Ён не асуджае бліжняга, ён не самаўпэўнены, не грубы, ён не думае з пагардай пра бліжняга.
Кантраст паміж абодвума радыкальны. Фарысей не моліцца, хоць яго маналог здаецца малітвай. На месца Бога ён паставіў сваё «я», усе астатнія людзі — гэта «вымагальнікі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, несправядлівыя людзі, распуснікі». Фарысей кажа таксама пра тое, што ён робіць звыш таго, што прадпісвае Закон: посціць два разы на тыдзень. Акрамя гэтага, ён дае дзесяціну не толькі з пшаніцы, віна, масла, як наказана ў Старым Запавеце (пар. Дрг 14, 22), але з усяго, у чым мае прыбытак. З гэтага пункту гледжання Бог — той, каму прызначаюцца шматлікія і працаёмкія намаганні чалавека, той, хто патрабуе і тым больш задаволены, чым больш чалавек Яму прапануе. Рэлігія фарысея — гэта рэлігія Бога-гаспадара, які павінен даваць ці — дзеля чалавечай велікадушнасці — даваць больш, чым прадпісвае абавязак.
Мытнік — гэта сімвал чалавека, які прызнае, што яму неабходны Бог. Ён прызнаецца ў тым, што ён грэшны, і моліцца: «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка» (пар. Пс 51). Каб зразумець пазіцыю мытніка, трэба прачытаць увесь Псальм 51: «Бог прабачае, сцірае грахі, адкрывае мудрасць, вучыць мудрасці, дае радасць і весялосць, стварае чыстае сэрца і моцны дух, прыносіць радасць збаўлення». Бог не той, каму прызначаны чалавечыя намаганні, Ён — крыніца ўсякага дабра. Такім чынам, мытнік выяўляе ў сваёй малітве сапраўдную веру, у той час як фарысей толькі «пабожны, рэлігійны» чалавек.