Пошук

14.05.2010 01:00  
1 чыт. Дз 7, 55–60; Пс 97 (96), 1 і 2b. 6 і 7c. 9.
2 чыт. Ап 22, 12–14. 16–17. 20.
Ев. Ян 17, 20–26
.


Каб усе сталі адно...

Прыемна, калі ў сям’і пануе поўная згода. Нехта можа сказаць, што гэта сапраўдная сям’я. Падобна і ў школьным класе. Добра, калі вучні жывуць у згодзе, калі яны салідарныя, калі не скардзяцца адно на аднаго, ніхто не даносіць. Пра такіх гавораць, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Такога ж мы чакаем і ад футбольнай каманды. Калі паміж футбалістамі няма еднасці, калі кожны з іх думае толькі пра тое, каб «бліснуць», і не заўважае таварышаў, то лепш выключыць тэлевізар і не нервавацца з-за няўдалага відовішча. Шансы на перамогу тады мізэрныя.

Недахоп еднасці дае аб сабе знаць асабліва падчас супольных вандровак. Дрэнна, калі кожны цягне ў свой бок, калі кожны лічыць, што ўсе іншыя павінны падлажвацца пад яго і рабіць тое, што робіць ён. Можа аказацца так, што нехта, змучаны, захоча крыху адпачыць, а іншы ў гэты час намерваецца як мага хутчэй рухацца наперад. Калі адзін любуецца прыгожымі краявідамі, то другі ў той жа час мае жаданне добра паесці. Пра такі паход нельга сказаць, што ён удалы. Замест адпачынку ўсе сталі нервовымі, і пры гэтым высакародныя намеры зніклі.

Пошукі еднасці вельмі важныя і не толькі ў паходзе. Напрыклад, які-небудзь клас вырашыць навесці парадак вакол школы. Важна, каб усе ўзяліся за працу, каб усе былі заадно, каб аб’ядналі свае сілы, і тады тое, што намерваюцца зрабіць, яны здзейсняць хутка і лёгка. Інакш будзе, калі ў такой групе знаходзяцца неахайныя, марудныя, тыя, у каго, як кажуць у народзе, дзве левыя рукі.

Сённяшняе Евангелле змяшчае малітву Езуса аб еднасці паміж Яго вучнямі. Езус моліцца аб гэтым падчас Апошняй Вячэры. За якіх вучняў Ён моліцца? Дык вось, моліцца Ён не толькі за тых, што тады былі разам з Ім. Езус прасіў свайго Айца таксама за тых, што ў будучым павераць у Яго. Езус маліўся за ўвесь Касцёл. Таму можна сказаць, што тады, падчас Апошняй Вячэры, Езус маліўся таксама і за нас: за мяне, за цябе, за кожнага з нас.

Што Езус хацеў выпрасіць для нас у свайго Айца? Адказ заключаецца ў словах: «Каб усе былі адно» (гл. Ян 17, 21). Пра якую еднасць ідзе гаворка ў гэтых словах Езуса? Ці пра такую еднасць, пра якую чалавек можа падумаць і якую можа пабудаваць? Не! Еднасць паміж тымі, хто верыць у Хрыста, павінна быць такою, якая ёсць паміж Ім і Айцом. Так пра гэта гаворыць Езус: «Як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас» (гл. Ян 17, 21).

Чаму павінна служыць гэтая еднасць вучняў? Навошта трэба імкнуцца да яе? Адказ на гэтыя пытанні мы знаходзім у наступных словах малітвы Езуса да Айца: «Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне» (гл. Ян 1 7, 23).

Таму еднасць паміж вучнямі Хрыста — паміж намі, хто верыць у Яго, патрэбна не для нашай выгоды. Мы імкнемся да самай поўнай еднасці не таму, што так лягчэй жыць. Мы павінны аб’яднацца ў адно для таго, каб:
— іншыя, гледзячы на нас, паверылі, што Езус Хрыстус — гэта Той, каго Бог паслаў, каб збавіць кожнага чалавека;
— мы самі спазналі, што Бог нас так любіць, як любіць свайго Сына, Езуса Хрыста.

Паколькі еднасць паміж вучнямі Хрыста і паміж тымі, хто паверыў у Яго, такая важная, запытаем у сябе: «Якая еднасць існуе паміж намі? Як мы будуем гэтую еднасць? Наколькі важная яна для нас?». Мы — адна вялікая сям’я дзяцей Божых. Бог з’яўляецца нашым Айцом. I што з гэтага вынікае?

Зробім шчыры рахунак сумлення.
— Ці пануе еднасць і згода ў тваёй сям’і?
— А калі не, то ці няма ў гэтым тваёй віны?
— А можа, нехта з вас жыве ў злосці, у сварцы, пакрыўджаны на ўсіх, не размаўляе з іншымі, ходзіць надзьмуты, носіць у сэрцы непрыязнасць і крыўду?
— А можа, я некаму надакучваю, зневажаю яго, б’юся ці сваруся з ім?

Такімі паводзінамі мы нікога не заахвоцім да веры ў Езуса Хрыста. Ні да каго не наблізім Езуса і Яго Евангелле. А калі нехта жыве далёка ад Бога, то цяжка яму спазнаць, як моцна Бог яго любіць.

Просьба Езуса «каб усе былі адно» такая блізкая да нашых штодзённых справаў. Таму пастановім, што паяднаемся з тымі, каго пакрыўдзілі, альбо з тымі, хто абразіў мяне. Гэта цяжкае заданне, але, адзначу, абавязковае.

Пане Езу Хрыстэ, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і будзь ласкавы згодна з Тваёй воляй адарыць яго супакоем і еднасцю.

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця