Пошук

04.05.2010 01:00  
1 чыт. Дз 15, 1–2. 22–29; Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8.
2 чыт. Ап 21, 10–14. 22–23.
Ев. Ян 14, 23–29
.


Зноў прыйду да вас

Калі мы расстаёмся з кімсьці, каго вельмі любім, то чакаем ад яго толькі аднаго. Чаго? Тое, што ён будзе пісаць нам лісты, поўнасцю нас не задаволіць. Проста нам хочацца, каб гэты чалавек як мага хутчэй вярнуўся. Чым больш мы некага любім, тым больш нам хочацца, каб разлука была як мага карацейшай. Таму добрым сяброўкам хочацца сустракацца вельмі часта. Таму добрыя прыяцелі часта бываюць разам. А калі даводзіцца ім расставацца, дык той, што адыходзіць, дае абяцанне, што хутка прыедзе зноў.

Калі ж разлука працягваецца доўга, бо, напрыклад, сябар назаўсёды выехаў з бацькамі за мяжу, то тады можа здарыцца так, што мы забудзем пра яго абяцанні, а чаканне сустрэчы з ім аслабне. Аднак той, хто з’яўляецца сапраўдным сябрам, ніколі гэтага не дапусціць.

Пра расставанне Езуса са сваімі вучнямі гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі. Мы добра ведаем, якім журботным было гэтае расставанне. Набліжаўся час мукі Езуса. Вучні таксама баяліся за свой лёс. Таму Езус стараецца крыху супакоіць іх. Ён гаворыць да іх: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (гл. Ян 14, 27). Ён нагадвае ім дадзенае раней абяцанне: «Адыходжу і прыйду да вас» (гл. Ян 14, 28).

Гэтае абяцанне Езуса адносіцца таксама да нас. Яго запэўніванне: «Прыйду да вас», — датычыць усіх вучняў, незалежна ад таго, жылі яны некалі, ці жывуць цяпер, ці яшчэ толькі будуць жыць у будучыні. Больш таго, абяцанне Езуса не змяняецца. Яно нязменнае. Было б вельмі дрэнна, каб аслабела наша любоў да Езуса, бо тады нашае чаканне таго, калі споўніцца Яго абяцанне: «Прыйду да вас», — можа стаць амаль непрыкметным.

Таму мы павінны часта разважаць над тым, як мы любім Езуса. Напэўна, вы думаеце пра тое, якім чынам гэта можна праверыць? Які крытэрый трэба выкарыстаць? Здзівіцеся, калі скажу, што адказ вельмі просты. Дзе ж яго шукаць? Адказ мы знаходзім у сённяшнім Евангеллі. Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё (...). Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх» (гл. Ян 14, 23–24).

Той, хто любіць Езуса, спаўняючы Яго словы, атрымае асаблівую адзнаку. Езус так гаворынь пра гэтую адзнаку: «Палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (гл. Ян 14, 23). Наша любоў да Хрыста часам такая слабая і кволая, але і яна заўважаецца. Айцец, які ў небе, на нашую любоў адказвае сваёю бясконцаю любоўю.

Здаецца, што пытанне: «Як я люблю Езуса?» — надзвычай простае. Але тым не менш, у першую чаргу трэба было б запытаць, ці дастаткова я ведаю вучэнне Езуса? Ці імкнуся ўсё лепш разумець яго? Нельга гаварыць пра спаўненне слоў Езуса, калі не разумееш іх сутнасць.

Хоць навучальны год ужо набліжаецца да заканчэння і перад канікуламі засталося зусім няшмат заняткаў па катэхезе, варта сёння, тут, падчас гэтай святой Імшы, пастанавіць: я хачу як мага лепш выкарыстаць гэтыя заняткі. Нехта падумае, што ўжо няварта сур’ёзна брацца за працу. Зробім яе пасля канікулаў. Аднак варта... Чаму? Езус сказаў: «А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне» (гл. Ян 14, 24). Заахвочваннем да настойлівай і плённай працы падчас катэхезы няхай булуць таксама словы Езуса: «Прыйду да вас».

Падчас гэтай святой Імшы, пасля пераўвасаблення, давайце прывітаем Хрыста, прысутнага ў постаці хлеба і віна: «Пане Езу, чакаем Твайго прыйсця ў хвале». Аднак падумаем, ці шчыра вымаўляем мы гэтыя словы? А можа, не вельмі задумваемся над тым, што вымаўляюць нашыя вусны? Чаму сярод спраў штодзённага жыцця мы так мала памятаем пра абяцанне Езуса «Прыйду да вас»? Мы ж кожны дзень, чытаючы Апостальскі сімвал веры, вызнаем: «Адтуль прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых».

Хрыстус прыйдзе. Хрыстус заўсёды прыходзіць. Ён сказаў пра таго, які Яго любіць: «Палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (гл. Ян 14, 23). У гэтыя радасныя дні давайце будзем усім сэрцам праслаўляць уваскрослага Збаўцу. Хрыстус, наш Пан, жыве і ёсць з намі. Няхай удзел у Эўхарыстыі заўсёды дабратворна ўплывае на ўсе нашыя ўчынкі і справы! Ніколі не забуду пра словы Езуса: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё».

З кнігі кс. Станіслава Бялецкага
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.
Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа