1 чыт. Дз 13, 14. 43–52; Пс 100 (99), 2. 3. 5.
2 чыт Ап 7, 9. 14b–17.
Ев. Ян 10, 27–30.
На апостальскім шляху
Вы ахвотна слухаеце аповеды тых, хто працуе на місіях у далёкіх краінах. Нам цікава даведацца, з чым яны сутыкаюцца ў гэтай працы. Можа, часам, зайздросцім іх цікавым прыгодам. Але адно можна сказаць з упэўненасцю: праца місіянераў не пазбаўлена цяжкасцяў і няўдач. Так бывае заўсёды, нават тады, калі нам пра гэта не вельмі шмат расказваюць. Адкуль мы пра гэта ведаем?
У кнізе Дзеяў Апосталаў, з якой узята адно з сённяшніх імшальных чытанняў, гаворыцца пра самы ранні перыяд жыцця Касцёла. Пачаткам Касцёла было, як вядома, спасланне Духа Святога. Можна сказаць, што менавіта тады нарадзіўся Касцёл. Адразу пасля свайго нараджэння ён пачаў хутка развівацца і імкліва разрастацца.
У самым пачатку гэтай кнігі, дзе гаворыцца пра выбар дванаццатага апостала замест здрадніка Юды, успамінаецца невялікая — каля 120 — група вучняў, якія знаходзяцца ў Ерузалеме (гл. Дз 1, 15 і наступн.). Аднак, калі Дух Святы сышоў на Апосталаў, тыя з вялікім поспехам пачалі абвяшчаць Евангелле ў Ерузалеме. Ужо пасля першай прамовы святога Пятра да гэтай невялікай групы вучняў далучылася аж тры тысячы тых, хто паверыў (гл. Дз 2, 41). Пасля аздараўлення калекі і наступнай прамовы святога Пятра ў Евангелле паверыла каля пяці тысячаў адных толькі мужчын (гл. Дз 4, 4).
Дзякуючы моцы, атрыманай ад Духа Святога, Апосталы абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Ерузалеме. Добрую Навіну пра Хрыста яны нясуць у многія мясцовасці Палестыны. Больш таго, прагнуць дайсці з Евангеллем ва ўсе куткі зямлі. Таму пакідаюць Ерузалем і адважна распачынаюць місійныя экспедыцыі ў аддаленыя краіны. Далучаюць да Касцёла не толькі габрэяў, якія верылі ў адзінага Бога, але таксама і шмат, вельмі шмат язычнікаў, якія раней не ведалі праўдзівага, адзінага Бога. Уваскрослы Хрыстус становіцца сапраўды «святлом для асвятлення язычнікаў» (гл. Лк 2, 32).
Такім чынам, магло б здавацца, што паколькі Евангелле стала вядомым у самых аддаленых ад Ерузалема кутках тагачаснага свету і што адбывалася гэта з яўнай дапамогаю Духа Святога, то праца Апосталаў была без ніякіх перашкодаў і цяжкашяў. Калі мы так лічым, то, на жаль, моцна памыляемся. Чаму? Дастаткова ўслухацца ў першае сённяшняе чытанне. Яно апавядае пра апостальскую дзейнасць Паўла і Барнабы. Вандруючы з горада ў горад, яны абвяшчалі Евангелле не толькі габрэям, але і язычнікам. Яны дайшлі да некаторых гарадоў Малой Азіі (тэрыторыя сённяшняй Турцыі).
Трэба памятаць, што Павел і Барнаба адправіліся ў зусім незнаёмыя краіны. А падарожнічаць у тыя часы было не так проста і не так лёгка, як сёння. У адным са сваіх лістоў святы Павел паведамляе пра тое, што яго напаткала: «Тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разбіваўся карабель, ноч і дзень прабыў на глыбіні» (гл. 2 Кар 11, 25). Відавочна, гэта, аднак, яшчэ не ўсё. Апостал значна часцей знаходзіўся ў смяротнай небяспецы. Зрэшты, калі вы ўважліва слухалі чытанне з Дзеяў Апосталаў, то, напэўна, заўважылі, што так адбывалася і ў Антыёхіі.
Павел і Барнаба, калі дабраліся да Антыёхіі, згодна са звычаем габрэяў у суботні дзень адправіліся ў сінагогу. Яны хацелі прапаведаваць Евангелле ў першую чаргу габрэям. Апосталы маглі радавацца, бо шмат габрэяў прыняло веру. Але пры гэтым яны не пазбавіліся ад неспакою. Таму «размаўляючы з імі, заклікалі іх заставацца ў ласцы Божай» (гл. Дз 13, 43).
Праз тыдзень Павел і Барнаба адчувалі вялікую радасць, бо «сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана» (гл. Дз 13, 44). Напэўна, гэта пераўзышло іх самыя смелыя спадзяванні. На жаль, іх радасць была азмрочана: «Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю, пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі» (гл. Дз 13, 45). Такім чынам, мы бачым, што не ўсе былі задаволены, што абвяшчаецца Евангелле. Таму гэтыя людзі зайздросцілі, перашкаджалі Паўлу і нават, што самае горшае, зневажалі Бога. Але Апосталы не спалохаліся. Адважна звяртаюцца яны да язычнікаў, якія з радасцю прымаюць веру ў Езуса Хрыста. «I слова Пана пашыралася па ўсёй краіне» (гл. Дз 13, 49). Аднак не на гэтым закончылася дзейнасць Паўла і Барнабы ў Антыёхіі. Габрэі пачалі пераследаванне і выгналі іх за межы свайго краю (гл. Дз 13, 50).
Памыляецца той, хто палічыў, што пасля гэтых выпрабаванняў Апосталы перасталі абвяшчаць Евангелле. Ні ў якім разе! Яны адпраўляюцца ў іншы горад — Іконію. Што здарылася там? Можна лёгка сабе ўявіць. У Іконіі таксама многія навярнуліся. Аднак Павел ледзь не паплаціўся за гэта жыццём: яго закідалі камянямі і выцягнулі з горада, лічачы, што ён ужо нежывы (гл. Дз 14, 19). Тады Апосталы накіраваліся ў іншае месца, у Лістру... Доўга можна было б апавядаць пра тое, што здаралася на апостальскіх шляхах. Думаю, што прынамсі некаторыя з вас звернуцца да Новага Запавету і даведаюцца з кнігі Дзеяў Апосталаў, як адважна і якой цаной Апосталы абвяшчалі Евангелле.
Кожны з нас атрымлівае дар Духа Святога, каб адважна вызнаваць сваю веру. Гэтае прызнанне нашай прыналежнасці да Хрыста не заўсёды бывае лёгкім. Але мы маем выдатны прыклад Апосталаў! Пастараемся наследаваць іх у руплівасці і адвазе! На жаль, у параўнанні з імі мы аказваемся вельмі слабымі. Пане Езу, дай нам адвагу і сілу, каб мы ўмелі і жадалі набліжаць да Цябе тых, хто занадта мала Цябе ведае.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Мінск. Выдавецтва «Про Хрысто». 2002.